Я на сонейку ляжу... або як правільна прымаць сонечныя ванны

14:31 / 08.06.2011

Cонечныя промні – моцны прафілактычны і лекавы фактар. Пад іх уздзеяннем у арганізме ўзмацняецца абмен рэчываў, паляпшаецца работа крывяноснай сістэмы, залоз унутранай сакрэцыі, павышаецца тонус нервовай і мышачнай сістэм, адбываецца ўтварэнне такога неабходнага для касцей і зубоў вітаміну “Д”.


Аднак празмернае знаходжанне на сонцы можа абярнуцца і вялікімі непрыемнасцямі. Таму, прымаючы сонечныя ванны, неабходна строга выконваць наступныя меры перасцярогі:
- найлепшы час для знаходжання на сонцы – ранішні, паміж 8 і 11 гадзінамі;
- працягласць знаходжання пад прамымі сонечнымі промнямі ў першыя 2-3 дні павінна складаць 10-15 хвілін і з кожным днём павялічвацца на 5-10 хвілін;
- пасля з’яўлення загару сонечную ванну можна прымаць на працягу гадзіны кожны дзень, але калі пульс пачашчаецца ці становіцца нерытмічным, гэту працэдуру трэба спыніць;
- праз 10-15 хвілін пасля загарання карысна абліць цела вадой 20-25 градусаў ці выкупацца;
- дзяцей да двух гадоў лепш наогул засцерагаць ад гарачых сонечных промняў;
- і дзецям, і дарослым не рэкамендуецца знаходзіцца на сонцы побач з вадой з 10 гадзін раніцы да 14 гадзін дня, бо промні, якія адлюстроўваюцца, могуць выклікаць апёк скуры;
- неабходна быць уважлівым у ветранае надвор’е, калі арганізм не пераграваецца, і чалавек, які доўга знаходзіцца пад сонцам, таксама можа атрымаць апёкі.
Акрамя гэтага неабходна памятаць, што светлая скура дрэнна пераносіць сонца. Таксама асабліва асцярожна трэба падыходзіць да знаходжання на сонцы людзям з павышанай адчувальнасцю скуры, з наяўнасцю вялікай колькасці пігментных плямаў ці “радзімак”, з хранічнымі язвамі, старэчай атрафіяй скуры, бо змененая скура рэагуе на сонечныя промні неадэкватнай здольнасцю да злаякаснага перараджэння.
Каб не дапускаць перагравання, кожны чалавек у спякоту павінен апранаць лёгкае светлае адзенне, насіць галаўныя ўборы і лёгкі абутак, а таксама больш адпачываць у цяньку.
 Калі ж вы ўсё-такі хочаце атрымаць жаданы шакаладны загар, не забывайце пра сонцаахоўны крэм. А вось некалькі рэкамендацый, як яго правільна выбраць. Пры выбары неабходна ўлічваць узрост, тып скуры і абавязкова звяртаць увагу на наяўнасць у ім сонцаахоўных адзінак (SPF). Чым большыя SPF, тым вышэйшыя ахоўныя якасці крэму. Напрыклад, крэм 2 SPF памяншае ўздзеянне ўльтрафіялету ў 2 разы ў параўнанні з неабароненай скурай, а 15  SPF – у пятнаццаць разоў. Для дзяцей пажадана падбіраць крэм з 30 і больш SPF.
Клапоцячыся аб скуры, не забывайце таксама і пра вочы. Знаходзячыся на сонцы трэба карыстацца сонцаахоўнымі акулярамі, бо доўгі кантакт ультрафіялетавых промняў з сятчаткай вачэй можа выклікаць сур’ёзныя яе змяненні і прывесці пасля да развіцця катаракты ці глаўкомы.
Пры доўгім знаходжанні на сонцы можна атрымаць цеплавы ўдар. У гэтым выпадку пацярпеўшага трэба перанесці ў цень, абліць халоднай вадой, пакласці на галаву халодны кампрэс, напаіць халаднаватым напоем і даць панюхаць вату, змочаную ў нашатырным спірце. Калі акрамя вяласці, стомленасці, галаўнога болю, павышанай тэмпературы цела парушаецца сардэчная дзейнасць, неабходна выклікаць “хуткую дапамогу”.



ПАМЯТАЙЦЕ! Каб сонечныя ванны прыносілі толькі карысць і асалоду, заўсёды ўлічвайце свае індывідуальныя магчымасці, стан здароўя і будзьце асцярожнымі.

А. КАМІНСКАЯ, урач-гігіеніст райЦГЭ.