На высокай ноце прайшоў Дзень польскай культуры ў Астраўцы

09:22 / 06.06.2011

Дзень польскай культуры, які прайшоў у раёне напрыканцы мая, выліўся ў цудоўнае свята як для яго гаспадароў, так і для шматлікіх гасцей.


Імпрэза распачалася на мяжы Ашмянскага і Астравецкага раёнаў – тут самадзейных артыстаў з Гродна, Шчучына, Ліды, Навагрудка сустракала з традыцыйным хлебам-соллю прадстаўнічая дэлегацыя астраўчан на чале з загадчыкам аддзела культуры райвыканкама  Сяргеем Сяўко.
Арганізатары свята прадумалі “парадак дня” да дробязяў, распачаўшы дзейства літаральна з першых метраў тэрыторыі Астравеччыны: у кожным аўтобусе мясцовыя краязнаўцы праводзілі азнаямляльную экскурсію. А першай кропкай святочнага маршруту стаў аграгарадок Гервяты.
Тут на прыступках мясцовага Дома культуры выстраіліся ўдзельнікі хору “Польскае рэха Астраўца”. Згадзіцеся, прыемна, калі цябе сустракаюць апладысментамі – а менавіта так віталі гасцей у Гервятах. Потым была экскурсія па залах Дома культуры, а таксама наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу. “Прыгожа, дагледжана, багата”, – такім быў аднадушны вердыкт экскурсантаў. І ўсё ж галоўны “козыр” Гервят іх чакаў наперадзе…
Калі гасцям аб’явілі, што ім прапануюць наведаць мясцовы касцёл, яны спачатку ўспрынялі гэта без асаблівага энтузіязму. Маўляў, мы – людзі мабільныя, не раз бывалі ў Польшчы, шмат падарожнічаем па роднай краіне, прыгожым храмам нас не здзівіш… Але калі Гервяцкая святыня ва ўсёй сваёй велічнай прыгажосці з’явілася перад іх вачыма, здзівіцца ўсё ж прыйшлося!
–Няўжо такое ёсць у нас у Беларусі?
– Неверагодна!
– Проста казка!
– Абавязкова прыеду сюды яшчэ раз. І сваю сям’ю прывязу…
– І я…
– І я…
Але разглядаць дзівосы архітэктуры і ландшафтнага дызайну давялося нядоўга – у храме ўжо распачыналася імша, пасля заканчэння якой кавалькада аўтобусаў пераехала ў Астравец.
Першапачаткова Дзень польскай культуры было запланавана правесці ў лесапарку, на сцэне амфітэатра, але капрызнае надвор’е прымусіла перанесці дзейства пад дах кінаканцэртнай залы “Астравец”. Зрэшты, не адразу – спачатку дбайныя гаспадары фестывалю пакармілі гасцей і правялі для іх экскурсію па раённым цэнтры, якая суправаджалася зноў жа агульнымі “ахамі” захаплення і прыемным здзіўленнем.
А ля кінаканцэртнай залы ўжо гучала музыка – духавы аркестр школы мастацтваў задаваў тон будучаму канцэрту. Музычную эстафету падхапіў ансамбль “Кемяліна”: “Прыехалі госці ў добры час…” Затым хор “Польскае рэха Астраўца” заспяваў гімн палякаў, якія жывуць па-за межамі Польшчы – песню “Рота”. Зала слухала (і спявала разам) стоячы.
Адкрыў імпрэзу старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, які, у прыватнасці, сказаў:
– У нашым раёне ў міры і сяброўстве жывуць людзі многіх нацыянальнасцяў. І ўсе яны маюць магчымасць развіваць сваю культуру, вывучаць мову і сваю гістарычную спадчыну. Не па нацыянальнасці ацэньваем мы людзей, а па іх справах. І ў гэтым сэнсе палякі Астравеччыны адны з самых актыўных – пра іх справы ведаюць не толькі ў нашым раёне ці вобласці, але і ва ўсёй Беларусі, і нават за яе межамі. Няхай жа гучаць песні на розных мовах, няхай узмацняецца наша дружба, а яе залогам стане песня!
Потым выступілі Марыя Альховік-Безмен, загадчыца аддзела культуры і адукацыі Саюза палякаў на Беларусі, і Ян Хархай, стараста Лідзбарк-Вармінскага павету, пабраціма Астраўца, з якога спецыяльна для ўдзелу ў Дні польскай культуры прыехала прадстаўнічая дэлегацыя, і Ганна Марэцкая, загадчыца аддзела па пытаннях нацыянальных меншасцяў і рэлігіі.
Канцэртную праграму адкрылі юныя артысты з Гудагайскай сярэдняй школы, якія займаюцца на факультатыве па вывучэнню польскай мовы (выкладчыца Марыя Васілёнак). Пасля іх на сцэну выйшаў юны дуэт з Астравецкага цэнтра пазашкольнай работы. Потым “злажылі” залу сваім дэфіле ў строях з саломкі выхаванкі Валянціны Віннічак. А агністая цыганачка ад вакальнага гурта “Анжаліка” з Ліды! А вакальны гурт “Меморыя”! А “Сібіракі” з іх акадэмічнай многагалосасцю! А навагрудскія “Красавянкі”!
Пярлінай канцэрта сталі танцы ў выкананні танцавальнага ансамбля “Крэсовэ забавы” з Лідскага польскага дома. Абэрак, кракавяк, полечка… І ўсё ж каралём танцавальнай праграмы стаў іх паланэз – столькі грацыі, пачуцця годнасці і пластыкі ў гэтым танцы, што саланелі вочы…
А калі на сцэну падняўся намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і прывітаў гасцей на чыстай польскай мове, яны былі шакіраваны ў лепшым сэнсе гэтага слова: такога ведання сваёй роднай мовы ад дзяржаўнага чыноўніка яны не чакалі.
Віктар Збігневіч падзякаваў усім арганізатарам свята – аддзелам культуры, ідэалогіі, усім службам, што прымалі ўдзел у яго падрыхтоўцы.
Асабліва шмат слоў удзячнасці ад усіх удзельнікаў, са сцэны і ў кулуарах, прагучала ў той дзень у адрас старшыні Астравецкай раённай арганізацыі Саюза палякаў на Беларусі Тарэсы Мацвееўны Мароз, якая зрабіла вельмі шмат, каб свята адбылося і прайшло гэтак радасна, ярка, незабыўна. Дарэчы, словы падзякі Тарэсе Мароз і “Польскаму рэху Астраўца” прасіў перадаць і Яраслаў Когут, віцэ-стараста Лідзбарк-Вармінскага павету, які ў час наведвання Астраўца асабіста спяваў на сцэне кінаканцэртнай залы з гэтым калектывам польскія песні – пан Яраслаў увесь час падтрымліваў тэлефонную сувязь з арганізатарамі Дня польскай культуры, быў у курсе ўсіх падзей  і сам нібыта з’яўляўся віртуальным удзельнікам іх.
А на заканчэнне ўсім удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны ганаровыя дыпломы ад імя Саюза палякаў на Беларусі.


Ганна ЧАКУР.
Ніна РЫБІК.
Фота Ганны ЧАКУР.