За 8 дзён 93 парушальнікаў выявіў Камітэт дзяржаўнага кантролю

09:08 / 06.06.2011

Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці з 26 красавіка па 4 мая 2011 года правёў маніторынг стану працоўнай дысцыпліны ў шэрагу арганізацый і ўстаноў вобласці і выявіў масавыя парушэнні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.


Парушэнні дысцыпліны і працоўнага распарадку ўстаноўлены ў 57 прадпрыемствах і арганізацыях, падпарадкаваных Міністэрствам прамысловасці, транспарту, будаўніцтва і архітэктуры, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі, канцэрнам “Беллегпрам”, “Беллеспаппрам”, а таксама падпарадкаваных мясцовым органам улады, установах адукацыі і аховы здароўя, грамадскіх і іншых арганізацыях.
Выяўлены спазненні прыходу супрацоўнікаў на работу на 20, 30 і нават 69 хвілін, а таксама вяртання з абедзеннага перапынку – на 5-15 хвілін. Пры гэтым у асобных арганізацыях факты спазнення на работу былі ўстаноўлены паўторна як 27 красавіка, так і 4 мая, нягледзячы на раней праведзеныя праверкі.
У рабочы час некаторыя супрацоўнікі замест выканання сваіх службовых абавязкаў займаліся разгадваннем красвордаў, чытаннем кніг, журналаў, прыёмам ежы. Некаторыя службовыя асобы ўвогуле адсутнічалі на рабочых месцах без уважлівай прычыны – пры гэтым кіраўніцтва арганізацый і непасрэдныя начальнікі не маглі растлумачыць, дзе яны знаходзяцца.
У асобных арганізацыях не належным чынам быў арганізаваны прапускны рэжым на ахоўныя тэрыторыі прадпрыемстваў. Работнікі Камітэта дзяржкантролю вобласці свабодна ўваходзілі на ахоўныя тэрыторыі і нават на рэжымныя аб’екты, дзе супрацоўнікі, якія ажыццяўляюць вартавую ахову, увогуле адсутнічалі.
Ва ўстаноўлены распарадкам дня час 4 мая 2011 года былі зачынены магазіны ў мікрараёне “Фабрычны” ў Гродне і “Тавары паўсядзённага попыту” ў в. Багушоўка, комплексны прыёмны пункт в. Путрышкі Гродзенскага раёна.
За дапушчаныя парушэнні з 26 красавіка па 4 мая 2011 года кіраўнікамі арганізацый да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 93 парушальнікі працоўнай дысцыпліны.


Камітэт Дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці.