"Астравецкая праўда" адзначыла сваё 70-годдзе

15:00 / 03.06.2011

Юбілей – гэта заўсёды нагода падсумаваць вынікі пражытага за пэўны адрэзак часу і сабраць разам сяброў і аднадумцаў. Так сталася і падчас святкавання юбілею “Астравецкай праўды”.


Сваё сямідзесяцігоддзе раённая газета сустракала з важкімі здабыткамі і перамогамі. Не станем пералічваць усе іх, але нельга не ўзгадаць самыя апошнія і грунтоўныя. 5 мая “Астравецкая праўда” атрымала своеасаблівы газетны Оскар – “Залатую Літару”, галоўную ўзнагароду друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. А літаральна перад святкаваннем юбілею скарбонка рэдакцыйных узнагарод зноў папоўнілася: у абласным спаборніцтве сярод раённых газет “Астравецкая праўда” заняла другое месца, а галоўны рэдактар газеты Ніна Рыбік была прызнана лепшым журналістам вобласці.
Але галоўная ўзнагарода газеты – гэта прызнанне, любоў і павага чытачоў. І гэта, на шчасце, таксама ёсць у нашай “раёнкі”: тыраж газеты ў суадносінах да колькасці насельніцтва раёна – рэкордны і ў вобласці, і за ўсю гісторыю існавання “Астравецкай праўды”.
Многія з іх, а таксама героі журналісцкіх публікацый, нашы партнёры, калегі з іншых раённых газет нашай і Мінскай вобласці – Гродзенскай, Шчучынскай, Ашмянскай, Маладзечанскай, галоўнага літаратурнага часопіса “Полымя”, кіраўніцтва ідэалагічнага ўпраўлення  аблвыканкама, прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і, вядома ж, нашы заснавальнікі – раённы выканаўчы камітэт — прыйшлі на святкаванне юбілею сваёй газеты, каб сказаць словы прызнання і ўдзячнасці ці проста падзяліць агульную радасць. Думаецца, усім, хто прысутнічаў у зале, а не толькі калектыву рэдакцыі, было прыемна чуць словы высокай ацэнкі нашай працы, якую атрымала “Астравецкая праўда” ў той дзень з вуснаў прадстаўнікоў міністэрства, абласнога і раённага выканаўчага камітэта, калег.


Юбілейная вечарына прайшла ў форме вуснага выпуску газеты. А з роляй канферансье цудоўна справіліся супрацоўнікі рэдакцыі Эдуард Свірыд і Аксана Пупінская, у чарговы раз пацвердзіўшы, што журналістам не прывыкаць мяняць прафесію, і рабіць гэта яны могуць вельмі таленавіта. Свае музычныя падарункі падарылі супрацоўнікам раённай газеты і ўсім прысутным зоркі астравецкай эстрады Данута Блашкевіч, Сяргей і Аксана Сяўко, Святлана Куцько, Павел Букель, дзіцячы танцавальны калектыў “Астравок”, Сяргей Шэін – дарэчы, таксама героі газетных публікацый. Калектыў раённага вузла паштовай сувязі прыйшоў на свята не толькі з віншаваннямі і аб’ёмнай пасылкай, але і з канцэртным нумарам – іх “Завалінка” літаральна “запаліла” залу. Са сваім музычным віншаваннем завітаў на свята і хор “Польскае рэха Астраўца”. Адной з самых кранальных старонак праграмы стаў праект “Духоўнасць”, калі на сцэну ўзняліся два святары: праваслаўны – айцец Георгій Савіцкі і каталіцкі – ксёндз Леанід Нясцюк, якія прынеслі ў дар калектыву дзве цудоўныя іконы. Вельмі цёпла і шчодра павіншавалі калектыў рэдакцыі з юбілеем газеты савет кіраўнікоў раёна і працаўнікі сельскай гаспадаркі. Словы падзякі ў той дзень гучалі ў адрас ветэранаў і пазаштатных аўтараў, у многім дзякуючы працы якіх раённая газета сёння такая, як яна ёсць.
Свята прайшло цёпла і ўзнёсла, у зале і на сцэне панавала шчырая і сардэчная атмасфера. І хоць часу вечарына заняла нават больш, чым было запланавана, але гэтая затрымка таксама была прыемнай: са сваімі віншаваннямі прыйшлі людзі, якія першапачаткова ў сцэнарый “не ўпісаліся”, але таксама хацелі сказаць словы прызнання газеце і яе калектыву.
Вось і атрымалася, што юбілей “Астравецкай праўды” стаў святам не аднаго толькі калектыву рэдакцыі, а ўсяго раёна. Бо так яно і ёсць на самой справе: газета – усяго толькі люстэрка жыцця Астравеччыны і яе людзей.


Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.