На мінулым тыдні на дарогах раёна адбыліся дзве аварыі

15:27 / 02.06.2011

Першае дарожна-транспартнае здарэнне зарэгістравана 25 мая ў 3.40 ночы.


Жыхар Літвы ехаў з пункта пропуску “Катлоўка” ў накірунку вёскі Варона. Аднак пры сустрэчным раз’ездзе з транспартам Lexus наехаў на гужавую павозку, якая рухалася ў спадарожным накірунку. У выніку вадзіцель павозкі, жыхар Слабодкі, атрымаў цялесныя пашкоджанні і зараз знаходзіцца ў раённай бальніцы. Ахвярай ДТЗ стаў конь, які загінуў на дарозе.


А 29 мая ў 6.20 раніцы на аўтадарозе Ліпкі – Лоша, каля Дайноўкі адбылася яшчэ адна аварыя.


Жыхар Лошы, знаходзячыся за рулём свайго аўтамабіля “Аўдзі 80”, на закругленні дарогі ўправа не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і некалькі разоў перакуліўся. Акрамя вадзіцеля, у салоне знаходзіўся пасажыр, жыхар райцэнтра, які ў выніку ад атрыманых раненняў памёр у раённай бальніцы. Вадзіцель пакуль у цяжкім стане знаходзіцца там жа.
Канчатковыя прычыны здарэнняў пакуль яшчэ высвятляюцца. Але ўжо ў які раз супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі папярэджваюць аб тым, што трэба ўважліва сачыць за хуткасным рэжымам на дарозе, выконваць правілы дарожнага руху і ў ніякім выпадку не садзіцца п’яным за руль. У адваротным выпадку гэта скончыцца трагедыяй.


У. АЛЕКСАНДРОВІЧ, начальнік ДАІ.