Цікавая падзея адбылася на Астравеччыне

15:47 / 26.05.2011

Цікавая падзея адбылася нядаўна на Астравеччыне, арганізатарамі якой выступілі раённы музей (Алена Клімянок) і Спондаўская бібліятэка (Іаланта Валуевіч). Мерапрыемства прысвячалася 85-ым угодкам з дня смерці святара-паэта Канстанціна Стэповіча і прайшло, так бы мовіць, у два этапы.


Спачатку ў Клюшчанскім касцёле адбылася імша, якую адслужылі яго пробашч ксёндз Казімір і пробашч Камайскай парафіі ксёндз Яцэк Хутман. А ў Баранях усіх аматараў творчасці Казіміра Сваяка чакаў сюрпрыз – школьнікі Спондаўскай школы пад кіраўніцтвам загадчыцы Страчанскага клуба Міраславы Якіменка падрыхтавалі літаратурны мантаж на аснове твораў паэта. Асабліва ўзрушыла гледачоў сцэнічная пастаноўка паводле апавядання К. Сваяка “Вячорная гутарка”, рэжысёрам і выканаўцай галоўнай ролі міні-спектакля стала сама Міраслава. Дарэчы, юныя артысты і іх кіраўнік прасілі выказаць глыбокую ўдзячнасць ляснічаму Спондаўскага лясніцтва Вайцеху Лукашэвічу за прадастаўлены аўтобус, дзякуючы якому яны змаглі патрапіць на свята.
 А потым надышоў час вершаў і песняў – кожны з прысутных уславіў паэта-святара, як мог. Арганістка з Камайскага касцёла і самадзейная кампазітарка з Варнян Людміла Кухарэвіч прысвяцілі памяці Сваяка свае музычныя творы, паэт Аркадзь Нафрановіч – уласныя вершы, старшыня Падольскага сельскага Савета Рыгор Цэйка – удзячныя словы, а жыхары Барань – букет лясных ландышаў.
Завяршылася імпрэза сумеснай трапезай, аснову якой склаў фірменны бігос ад ксяндза Яцэка Хутмана.


Ганна ЧАКУР.
Фота Алеся ЮРКОЙЦЯ.