За лоўлю фарэлі затрыманы двое грамадзян

15:31 / 24.05.2011

Ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, у тым ліку і ў “Астравецкай праўдзе” паведамлялася, што ў перыяд вясенняга нерасту з 1 красавіка па 30 мая забаронена лоўля рыбы.


Не адзін раз гаварылася і пра тое, што забаронена лоўля рыбы, якая занесена ў Чырвоную кнігу. І тым не менш былі і ёсць выпадкі, калі людзі свядома ідуць на парушэнне заканадаўства.
У Астравецкім раёне ў рэках Вілія, Ашмянка, Страча, Лоша водзяцца амаль усе віды рыб, занесеных у Чырвоную кнігу. Гэта сёмга (атлантычны ласось), кумжа, скерць, вусач, фарэль, харыус, падуст.
За лоўлю “чырвонакніжнікаў” прадугледжана і крымінальная – да двух гадоў пазбаўлення волі, і адміністрацыйная – штраф ад 20 да 50 базавых велічынь –  адказнасць.
Акрамя штрафу, віноўнік павінен кампенсаваць нанесены ўрон у памеры шасці базавых велічынь за кожную злоўленую рыбу.  Пакаранне, як бачна,  суровае. Але гэта  не спыняе некаторых аматараў рыбнай лоўлі.
У красавіку гэтага года  інспектарамі Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету на рацэ Лоша затрыманы двое грамадзян, якія вудамі лавілі фарэль. Адзін з іх, жыхар горада Мінска, злавіў адну рыбіну, другі, які пражывае ў Астравецкім раёне, – чатыры.
Адразу ж былі складзены адміністрацыйныя пратаколы, цяпер яны  накіраваны для разгляду ў суд, пасля чаго  віноўнікі будуць пакараны.


Уладзімір МАРЧАНКА, начальнік Смаргонскай міжрайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.