Чарговы поспех Паўла Букеля

09:03 / 30.03.2011

На мінулым тыдні каманда педагагічных работнікаў з нашага раёна прымала ўдзел у абласным фестывалі песні работнікаў сістэмы адукацыі, прысвечанага 90-годдзю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.


Абараняць гонар адукацыі ў Гродна паехалі пераможцы раённага этапу – Павел Букель, Святлана Ластоўская і Алена Такарчук з цэнтра пазашкольнай работы, Святлана Шаблінская і Эльміра Салтанава з Міхалішкаўскай школы, Ірына Праскіна з Гудагайскай і Наталля Вянгроўская з гімназіі №1 г.п. Астравец.
Падчас конкурсу можна было пачуць нямала цудоўных песень у чатырох намінацыях: песня, прысвечаная настаўніку; аўтарская; песня на беларускай мове і песня-шлягер.
Сярод 86 удзельнікаў з розных раёнаў вобласці нашы педагогі глядзеліся выдатна. А Павел Букель у намінацыі “Аўтарская песня”, які выканаў твор уласнага сачынення “Сінявокая мая краіна”, стаў абсалютным пераможцам і быў узнагароджаны дыпломам лаурэата і грашовай прэміяй. Цяпер Павел Букель будзе абараняць гонар раёна і вобласці на падобным рэспубліканскім конкурсе.
Так трымаць!


Алена ЯРАШЭВІЧ.