«Мірны атам» стаў «сярэбраным»

13:23 / 29.03.2011

Нагадаем, што па выніках восеньскага адборачнага туру вясёлая і знаходлівая астравецкая каманда “Мірны атам” выйшла ў чацвёрку мацнейшых і атрымала права яшчэ раз прадэманстраваць уменне жартаваць, “прыколвацца” і весяліць іншых. І вось гэты час наступіў – у мінулую суботу ў Гродне адбыўся абласны чэмпіянат КВЗ.



Сапернікамі астраўчан сталі дзве гродзенскія каманды і кавэзэншчыкі з Ліды. Новымі былі ўмовы і тэма чэмпіянату. На гэты раз рабятам трэба было згуляць не адзін, а тры конкурсы – візітку, фотаразмінку і фрыстайл (свабодны стыль), якіх аб’ядноўвала агульная тэма – “Космас”. Дастойныя сапернікі, незвычайная тэма, няпростыя конкурсы. Але жартаваць астраўчане ўмеюць! Добрыя сцэнарыі ад кіраўнікоў П. Букеля і Н. Сянюць плюс цудоўны артыстызм удзельнікаў – і па выніках двух першых конкурсаў “Мірны атам” упэўнена лідзіраваў. Крыху “падкачаў” фрыстайл. Тут “на вышыні” аказаліся лідчане, якія і сталі першымі. “Мірны атам” вярнуўся дадому з дыпломам другой ступені і памятным сувенірам. З чым мы рабят і віншуем!


Марына МАЦКЕВІЧ.