27 сакавіка – Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі

11:58 / 26.03.2011
Санітары нашага горада

Пакуль мы радуемся снегу – дворнікам даводзіцца раскідваць заносы, расчышчаць вуліцы і дарогі; наступае доўгачаканая вясна – з-пад снегу выплывае шырокі “асартымент” смецця – і зноў у іх мора работы; калі мы летам адпачываем у цяньку – санітары нашага горада ў трыццаціградусную спёку робяць яго вуліцы чыстымі і прыгожымі. Наступае залатая восень, вачэй зачараванне, любімая пара паэтаў – а на плечы дворнікаў “кладзецца” лісце, якое трэба бясконца грэбсці, збіраць, вывозіць. Работа кіпіць круглы год.
А тое, што дворнікі працуюць добрасумленна, даказвае чысціня, якая адразу кідаецца ў вочы кожнаму, хто прыязджае ў наш пасёлак. І што не толькі ў цэнтры горада падтрымліваецца чысціня дарог і тратуараў, эстэтыка клумб і газонаў, але і ў дварах – ні пылінкі, ні парушынкі: і тут парадак наводзяць людзі гэтай прафесіі.



У майстра ЖЭСа Таццяны Пятроўны Савіцкай у падначаленні 25 дворнікаў і 2 касцы, якія працуюць на ўборцы тэрыторый, прылягаючых да жылых дамоў і пад’ездаў.  І хоць жыццё прывяло Таццяну Пятроўну ў камунальную службу не так даўно – толькі тры гады назад – гэта работа стала для яе любімай.
Да гэтага яна працавала загадчыцай бібліятэкі ў Смаргоні, паралельна была пазаштатным карэспандэнтам у мясцовай газеце, потым – загадчыцай інтэрната. І вось у 2008 годзе па сямейных абставінах Таццяна Пятроўна перабралася ў Астравец. У службе занятасці ёй парэкамендавалі звярнуцца ў ЖКГ, дзе вызвалілася месца тэхніка па рабоце з насельніцтвам – так і стала Таццяна Пятроўна працаваць у камунальнай службе. А ў мінулым годзе яе перавялі на пасаду майстра ЖЭСа. Як прызнаецца жанчына, зараз яна жыве работай – не шкадуе ні сіл, ні часу, ні энергіі.
– Мы працуем для людзей, стараемся, каб ім было ўтульна ў прыгожым і чыстым горадзе. Прыемна, калі работа ўносіць у паўсядзённасць часцінку сэнсу і нават радасць, – гаворыць Таццяна Пятроўна.
Дарэчы, за год працы на пасадзе майстра Таццяна Савіцкая шмат чаго зрабіла. Спачатку яна вырашыла сабраць добрую каманду: узяла новых работнікаў і звольніла тых, хто не хацеў працаваць па прычыне моцнай любові да алкаголю. І нават паспрыяла таму, каб некаторыя сталі на шлях выпраўлення.
– Інтарэс да прафесіі дворніка ўзрос пасля таго, як падрасла заработная плата, – расказвае Таццяна. – Я гарой стаю за сваіх работнікаў, адстойваю іх зарплату – але пры гэтым патрабую, каб яны сумленна выконвалі свае абавязкі, каб у дварах былі чысціня і парадак. Мае дворнікі гэта разумеюць і не парушаюць устаноўленыя правілы, бо трымаюцца сваёй работы. Чаму трымаюцца? Бо зарплату атрымліваюць дастойную, і адносіны ў нас склаліся добрыя.
Спецыфіка работы ў ЖКГ такая, што часам даводзіцца сутыкацца са скаргамі ад насельніцтва. У такім выпадку Таццяна Пятроўна сама выязджае на месца і вырашае праблему. Увогуле гэта чалавек невычарпальнай энергіі, які рэдка сядзіць на месцы. Зараз яна замяшчае майстра па будаўніцтву, з’яўляецца старшынёй савета па прафілактыцы СНІДу, членам камісіі па санітарыі. А яшчэ вучыцца завочна ў Наваполацкім універсітэце на інжынера-будаўніка. 
Сваіх работніц Таццяна Пятроўна называе ласкава: “Мае пчолкі”. Сапраўды, яны працуюць сумленна, і доказ таму – наш чысты і дагледжаны гарадок. І толькі на першы погляд можа падацца, што гэта простая работа – махаць мятлой. Толькі калі кожны з нас  хаця б адзін дзень папрацаваў дворнікам, напэўна, стаў бы больш акуратным і паважліва ставіўся да працы гэтых людзей.
На работу яны выходзяць у 6 гадзін раніцы і заканчваюць у тры гадзіны дня. І не важна – дождж ідзе ці завіруха збівае з ног, ад марозу вейкі пакрываюцца інеем ці, наадварот, сонца пячэ бязлітасна – працаваць трэба ў любое надвор’е. А зімой працоўны дзень увогуле ненарміраваны: падчас моцнага снегападу даводзіцца выходзіць на работу і ўвечары, і ў выхадныя, і святочныя дні. 
За кожным дворнікам замацаваны свой участак – зялёнай зоны да 7500 квадратных  метраў і падмятаемай зоны да 3000 квадратных метраў. А яшчэ пад’езды, якія праз дзень трэба падмятаць, а раз у тыдзень – мыць.  У Таццяны Савіцкай ёсць дзве асноўныя памочніцы – брыгадзіры Тэрэза Вацлаваўна Вырвіч і Наталля Францаўна Вайцюль, якія таксама сочаць, каб усюды было чыста і акуратна, а дворнікі былі забяспечаны  неабходным інвентаром.
Тэрэза Вацлаваўна Вырвіч прыехала на Астравеччыну з Літоўскай рэспублікі, калі яе размеркавалі на завод “Радыёдэталь”. У крызісныя часы прадпрыемства яна трапіла пад скарачэнне і пасля гэтага доўгі час была беспрацоўнай. А 10 гадоў назад уладкавалася дворнікам у ЖЭС – і змагла знайсці плюсы і ў гэтай прафесіі:
– Калі я працавала на заводзе, – успамінае Тэрэза Вацлаваўна, – то прыходзіла дадому, а думкі ўсё роўна былі пра работу. Затое зараз дома спакойна магу займацца сваімі справамі.
Па словах брыгадзіра, работа дворніка вельмі цяжкая, асабліва калі падыходзіць адказна да выканання сваіх абавязкаў – а інакш Тэрэза Вацлаваўна не ўмее. Але яе радуе, што жыхары становяцца з кожным годам больш акуратнымі, бо любіць свой горад – гэта перш за ўсё не засмечваць яго.
А яшчэ Тэрэза Вацлаваўна радуецца поспехам сыноў – іх у яе два, і абодва зараз студэнты – вучацца на выкладчыкаў матэматыкі і інфарматыкі. І верыць, што яны апраўдаюць усе яе надзеі.
Трэці год працуе дворнікам Данута Казіміраўна Свіла. Дагэтуль яна працавала ў Малях на ферме цялятніцай. Данута Казіміраўна лічыць, што ў кожнай рабоце ёсць свае цяжкасці, але заўсёды ёсць і плюсы. Так, ёй падабаецца, што яе старанні ідуць на карысць людзям, і яна неаднойчы чула ад іх словы ўдзячнасці. А ў мінулым годзе жыхары аднаго з дамоў нават напісалі падзяку ў газету, дзе расказалі, як старанна Данута Казіміраўна прыбірае ў пад’ездах і каля дамоў. Толькі розныя людзі сустракаюцца, і дворніка засмучае неахайнасць некаторых з жыльцоў. Самая вялікая праблема (дарэчы, яе агучылі ўсе дворнікі, з якімі мне давялося паразмаўляць) – гэта недакуркі, багаты “асартымент” якіх можна пабачыць усюды. Данута Казіміраўна паскардзілася, што літаральна на мінулым тыдні ўзбіралася на казырок пад’езда, каб сабраць недакуркі, якія жыльцы выкідваюць з балконаў ці вокнаў – а сёння там зноў усё засмечана.
– Нядаўна глядзела перадачу, – кажа Данута Казіміраўна, – дзе расказвалі, што ў Амерыцы за кінуты недакурак даюць штраф 25 долараў. Напэўна, і нашы людзі былі б больш акуратнымі, калі б іх аднойчы аштрафавалі. Хацелася, каб жыхары горада цанілі нашу працу, у рэшце рэшт, гэта іх дом і іх двор. А навошта смяціць у сваім доме?
Марыя Станіславаўна Парчук 23 гады адпрацавала шэф-поварам у дзіцячым садку, а нядаўна звольнілася, і вось ужо чатыры месяцы працуе дворнікам.
–  Безумоўна, гэта цяжкі хлеб, і радуе толькі тое, што мы робім прыемнае людзям. Мне ўжо не адзін раз прапаноўвалі зноў пайсці працаваць поварам, але я пакуль што вагаюся, таму што тут вельмі дастойная зарплата, – расказвае Марыя Станіславаўна.
 Прынамсі, повар Марыя Станіславаўна выдатны. Дачка і сын вельмі любяць яе тарты і пірагі, а муж заўсёды просіць пампушкі з бульбай і грыбочкамі.
У маладой “пчолкі” Наталлі Пузыровай – самы вялікі ўчастак. У сёлетнюю снежную зіму  ледзь паспявала чысціць снег, Наталлі на дапамогу прыходзілі  муж і маці, і яны ўтраіх змагаліся з заносамі. Давялося нават выйсці на работу ў навагодняе свята 1 студзеня. Мала таго, што Наталля снег расчысціла, яна яшчэ вырашыла і пад’езды памыць.
– Святы ж, можа, госці да людзей прыйдуць – а ў пад’ездзе неакуратна. Як было не прыбраць? – тлумачыць Наталля.
Што тут скажаш – сапраўдныя “пчолкі”!
Для брыгадзіра Наталлі Вайцюль наводзіць парадак у нашым пасёлку – гэта ўвогуле сямейная справа. Дворнікамі працуюць і яе сястра Вольга, і маці Галіна Рамуальдаўна. Гэта сям’я найбольш удзячна Таццяне Пятроўне Савіцкай, якая дапамагла ім убачыць жыццё з іншага боку. Яны шчаслівыя разам, жывуць у дастатку, Наталля гадуе сыночка Данілу, які ў наступным годзе пойдзе ў першы клас. А работу сваю дочкі і маці Вайцюль любяць. Кажуць, прыемна прыйсці на працу і зрабіць наш горад прыгожым.
І такіх сумленных работнікаў у ЖЭСе нямала – гэта і Ала Іванаўна Далговіч, і Валянціна Браніславаўна Тамашэвіч, Галіна Станіславаўна Шыць, Галіна Іванаўна Кірдзік, Таццяна Уладзіміраўна Дашук.
Работу дворніка не заўважаеш, пакуль ён ёсць. Але варта яму не выйсці на свой участак хоць некалькі дзён – і што стане з нашым горадам? Падумайце, уявіце – і будзьце ўдзячныя гэтым людзям, цаніце іх нялёгкую працу.



Паслугі першай неабходнасці

Астравецкі камбінат бытавога абслугоўвання – адно з тых месцаў, куды чалавек ідзе ў першую чаргу, калі ў яго ўзнікаюць якія-небудзь праблемы ці патрэбы. Адрамантаваць абутак, памыць бялізну, дываны, пачысціць падушкі, адрамантаваць тэлерадыёапаратуру і бытавую тэхніку, перацягнуць абіўку на мяккай мэблі,  сфатаграфавацца, пашыць прыгожую сукенку ці стыльна падстрыгчыся – усё гэта і многае іншае можна зрабіць у Астравецкім КБА. Дарэчы, прадпрыемства з кожным годам імкнецца стаць бліжэй да кліента: пастаянна папаўняецца пералік паслуг, адкрываюцца новыя сельскія комплексныя прыёмныя пункты, абнаўляюцца будынкі старых.
Напярэдадні прафесійнага свята аб выніках работы прадпрыемства, планах і перспектывах на будучыню нам расказала дырэктар Астравецкага УКПБА Валянціна Міхайлаўна Ляцкая:
 





– Хаця сфера бытавога абслугоўвання не з’яўляецца той галіной, дзе можна абагаціцца, але ж пэўны рост ёсць – а значыць, мы ідзём наперад. Так, за 2010 год насельніцтву мы аказалі паслуг на суму больш за 720 мільёнаў рублёў (для параўнання: у мінулым годзе гэта лічба складала 617 мільёнаў). З іх паслуг па рамонту абутку – на 33 мільёны, па рамонту і пашыву адзення – больш за 346 мільёнаў, хімчыстцы – 24 мільёны, па мыцці бялізны – 91 мільён, па чыстцы пухапер’евых вырабаў – больш чым на 7 мільёнаў, па клінінгу – 10 мільёнаў, цырульніцкія паслугі нам прынеслі 140 мільёнаў, рытуальныя – 64 мільёны. У выніку на аднаго жыхара раёна прыходзіцца паслуг на трыццаць тысяч рублёў пры абласным паказчыку ў 16 тысяч.
Асартымент паслуг пастаянна пашыраецца. Так, у 2010 годзе ўкаранілі новую – ачыстка дахаў і фасадаў будынкаў з выкарыстаннем сучаснага абсталявання маркі “Кёрхер”. Тэхналогія такая, што моцны напор вады ачышчае шыфер на даху, які з цягам часу абрастае мохам, і ён становіцца як новы. Цяпер пералік аказваемых намі паслуг налічвае 25 відаў.





Жыхары глыбінкі таксама не застаюцца без нашай увагі: у сельскіх КПП яны могуць атрымаць тыя ж 25 відаў паслуг. У мінулым годзе мы адкрылі яшчэ адзін комплексны прыёмны пункт у аграгарадку Страчанка, а ў Міхалішках, Варнянах і Рымдзюнах зрабілі рамонт. У Астравецкім Доме быту адрамантавалі дах – за прадастаўленую бюджэтную пазыку хацелася б падзякаваць старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку.  
Вялікім попытам у сельскага насельніцтва карыстаюцца цырульніцкія паслугі. Не так даўно жыхары Альхоўкі таксама звярнуліся з просьбай, каб да іх прыязджаў цырульнік – усё ж такі пасёлак немалы, а ў Астравец часта не наездзішся. І ў бліжэйшай будучыні збіраемся арандаваць у Альхоўскай школе памяшканне, дзе станем аказваць не толькі цырульніцкія паслугі, але і прымаць заказы на іншыя.
І гэта, безумоўна, не ўсе планы. Для таго, каб быць канкурэнтаздольным прадпрыемствам, трэба развівацца, удасканальваць набор паслуг. У планах – развіваць жалезабетонную вытворчасць: нядаўна мы набылі сучаснае абсталяванне для вырабу жалезабетонных агароджаў і тратуарнай пліткі – бетоназмяшальнік, формы для вырабу агароджаў, тратуарнай пліткі, вібрасталы. Засталося толькі набраць работнікаў.
У сувязі з прыростам насельніцтва ў Астраўцы з’яўляецца неабходнасць павялічваць аб’ёмы аказваемых паслуг. Для гэтага збіраемся набыць у пральню сушыльны барабан і яшчэ адну пральную машыну.
Разглядаецца пытанне па арганізацыі работы швейнага цэха на давальніцкай сыравіне Дзяржынскай швейнай фабрыкі “Эліс”: яны прадастаўляюць неабходнае абсталяванне і сыравіну, а мы – сваіх швачак. Падобны вопыт толькі паспрыяе прафесійнаму ўдасканаленню нашых работнікаў.





Дарэчы, я раблю стаўку менавіта на работнікаў нашага прадпрыемства, якія вызначаюцца адказнасцю і прафесіяналізмам. Хацелася б падзякаваць за сумленную працу вопытным загадчыцам  сельскіх КПП – А.Ц. Азаравай, А.Л. Сцяфанчык, Д.І. Барысевіч, Н.К. Чарняўскай, В.А. Сідарук і зусім яшчэ маладым А.А. Дрэма, А.М. Лудовіч, цырульнікам В.А. Ромаш і Г.З. Тарашкевіч, абутніку А.У. Кунігель, швачкам Г.Р. Аўдзей, Г.У. Дамуць, В.З. Карэнда, А.В. Галко, вадзіцелю В.І. Скапцу і бухгалтару Г.З. Субач, якая, дарэчы, прадстаўлена да ўзнагароджвання знакам Беларускага дзяржаўнага аб’яднання арганізацый бытавога абслугоўвання – “Выдатнік бытавога абслугоўвання”.