Аўтапарк прыносіць прабачэнні

11:24 / 26.03.2011
2

У пісьме ў рэдакцыю пасажыры, якія ехалі 19 лютага аўтобусам “Астравец-Кямелішкі” Д.Качкан, В.Кісель, Р.Стажынская, У.Стажынская скардзіліся, што вадзіцель аўтобуса літаральна замарозіў пасажыраў: у дарозе не ўключаў печку, на прыпынках без патрэбы трымаў адчыненымі дзверы, нягледзячы на тое, што тэмпература паветра на вуліцы ў той дзень была каля 18 градусаў марозу.


Пісьмо пасажыраў было накіравана на рэагаванне ў філіял “АТП №4 г.п. Астравец”. Днямі мы атрымалі адказ дырэктара прадпрыемства А.В. Жука.
“Адміністрацыя філіяла “Аўтамабільны парк №4 г.п. Астравец” ААТ “Гроднаблаўтатранс” прыносіць свае прабачэнні пасажырам рэйсавага аўтобуса, які ішоў па маршруту Астравец-Кямелішкі 19.02.2011 адпраўленнем з Астраўца ў 14.30. за дапушчаныя нязручнасці, што былі выкліканы халатнымі адносінамі да работы вадзіцеля Пляўгі Уладзіміра, які ў той дзень працаваў на гэтым маршруце.
Адначасова паведамляем, што гэты вадзіцель часова адхілены ад работы. З яго вылічана месячная норма расходу паліва на абагрэў салона аўтобуса, праведзена растлумачальная работа і пры паўтарэнні падобных выпадкаў кантракт з ім будзе разарваны.
 З нагоды маршруту Астравец-Стрыпуны паведамляем, што адмяняць яго не плануецца. Наадварот, аўтапарк вывучае пасажырапаток на гэтым накірунку для ўрэгулявання колькасці рэйсаў.