Чым унікальная Варнянская амбулаторыя

08:17 / 16.06.2019
1185
Варнянская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі ў пэўным сэнсе – унікальная: большасць людзей тут працуе не адно дзесяцігоддзе. За гэты час для многіх вяскоўцаў урачы сталі ледзь не сямейнымі доктарамі, да якіх у любы час можна звярнуцца за парадай, а медыцынскія сёстры – анёламі-ахоўнікамі, якія і кропельніцу паставяць, і безбалюча зробяць укол. Ад старэйшых калег, якія ўсё  жыццё прысвяцілі медыцыне, не адстае і маладое пакаленне работнікаў амбулаторыі.

IMG_5461.jpg


Адна дарога на дваіх

Яна…

Муж і жонка Валянцін і Ядвіга Твёрдыя працуюць у варнянскай амбулаторыі ўжо трыццаць пяць гадоў: Ядвіга Леанідаўна – загадчыцай амбулаторыі і па сумяшчальніцтву педыятрам, Ва­лянцін Сцяпанавіч – урачом агульнай практыкі. Дарэчы, іх малодшая дачка Галіна таксама стала ўрачом.

IMG_5458.jpg



– Здаецца, толькі ўчора  з Валянцінам і гадавалай Марынкай на руках прыехалі ў Варняны. А ўжо ўнукаў дапамагаем гадаваць, – гаворыць Ядвіга Леанідаўна. – Складана паверыць, што ў жніўні будзе 35 гадоў, як гэты край і людзі сталі для нас роднымі.

Гісторыя іх кахання пачалася ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. 

– Першага снежня нас залічы­лі на падрыхтоўчае аддзяленне, сфарміравалі групы, мяне абра­лі старастам, – успамінае Ядвіга Леанідаўна. 

Валянцін служыў у ваенна-мар­скім флоце ў Сяміпалацін­с­ку. Пакуль ён дэмабілізаваўся, набор на падрыхтоўчае аддзяленне медыцынскага інстытута скончыўся. У дэканаце пайшлі насустрач юнаку – і прынялі на курсы. 

– Помню, былі заняткі па біялогіі. У нашу групу зайшоў статны малады чалавек, апрануты ў ваенна-марскую форму, – успамінае жанчына. – Усе пачалі перашэпт­вацца: што за студэнт такі ў ваеннай форме? Мы даведаліся, што гэта наш аднакурснік. З падрыхтоўчага аддзялення мы з Валянцінам разам. 

Напрыканцы 80-х гадоў амбулаторыя абслу­гоў­вала 4 800 дарослых і 900 дзяцей, цяпер – амаль 3 000 дарослых і крыху больш за 600 дзяцей.

Ядвіга Леанідаўна прызнаецца, што хоць і няпроста сумяшчаць абавязкі загадчыцы амбулаторыі і педыятра, без маленькіх пацыен­таў яна не ўяўляе свайго жыцця.

– Я заў­сёды хацела быць педыятрам. Пасля пятага курса мы вы­біралі спецыяльнасць – я, не раздумваючы, спынілася на педыятрыі, – гаворыць загадчыца амбулаторыі. – І не пашкадавала.

На прыём да Ядвігі Леанідаўны ўжо прыводзяць сваіх дзетак тыя, каго яна ў дзяцінстве лячыла. 

– Час не стаіць на месцы: мяняюцца тэхналогіі, метады лячэння. Цяпер мы працуем у праграме «Е-доктар»: анлайн можам пракансультавацца з калегамі з Астраўца, паглядзець вынікі аналізаў пацыента, даведацца, якое лячэнне прайшоў хворы ў цэнтральнай раённай бальніцы і якія рэкамендацыі атрымаў, – гэта ўсё спрашчае работу, – працягвае доктар. – Першы паверх варнянскай амбулаторыі адведзены для работы з дзецьмі: тут размяшчаецца працэдурна-прышчэпачны  кабінет і пакой прыёму. На другім паверсе працуюць два ўрачы агульнай практыкі Валянцін Твёрды і Валерыя Хілько, стаматолаг Вольга Келіна, памочнік урача Галіна Бартасевіч, акушэрка Ніна Мацкела, лабарант Галіна Фурс, фізіяпрацэдурная медсястра Лі­лія Савіч, медсястра агульнай практыкі Алеся Недалтоўская. 

…І ён

Урача агульнай практыкі Валянціна Твёрдага бабулі называюць не інакш, як «мой доктарчык». Заўсёды ў добрым настроі, спакойны і ветлівы, нават да падлеткаў ён звяртаецца не інакш, як на «вы».  Цікаўлюся ў доктара, ці шмат пацыентаў прыходзіць на прыём.

– Дзень на дзень не даводзіцца. Учора, напрыклад, было 19. А здараецца, што за ўвесь дзень у кабінет зазірне 1-2 чалавекі, тады сам еду па дамах, – расказвае Валянцін Сцяпанавіч. – Да кожнага пацыента стараюся адносіцца, як да роднага. Да нас, медыкаў, людзі звяртаюцца, калі нешта баліць, – таму заўсёды імкнуся быць у тонусе і добрым настроі. Дапамагаюць выздаравець не толькі лекі, але і добрыя словы. 

Валянцін Сцяпанавіч упэў­не­ны, што ў медыцыне самае галоўнае – камандная работа: калі кожны дакладна выконвае свае абавязкі – тады і вынік атрымліваецца станоўчы. 

– У нас працуюць людзі, для якіх медыцына – не столькі прафесія, колькі стыль жыцця. Калі тэлефануе позна вечарам нехта з пацыентаў, я абавязкова здымаю трубку і еду на выклік, – гаворыць Валянцін Сцяпанавіч. – У нас цудоўны калектыў – кожны чалавек на сваім месцы.

Чуллівае сэрца Валерыі

Два гады ў варнянскай амбулаторыі працуе ўрач Валерыя Хілько, якую за гэты кароткі час ужо паспелі палюбіць вясковыя жыхары. 

IMG_5471.jpg



– Валянцін Сцяпанавіч прымае варнянцаў, я – людзей, якія замацаваны за Быстрыцкім, Трокеніцкім і Варонскім фельчарска-акушэрскімі пунктамі, – расказвае Валерыя. – Часцей за ўсё на прыём прыходзяць пажылыя людзі са скаргамі на ціск ці болі ў сэрцы. Самае галоўнае ў нашай рабоце – увага. Хоць на першасны прыём і адводзіцца 20 хвілін, я заўсёды стараюся разабрацца ў сутнасці праблемы. Урач павінен не толькі слухаць, але і чуць і быць спачувалым. Думаю, што гэта ў мяне атрымліваецца!

Анёл-ахоўнік у белым халаце

У старшай медыцынскай сястры Наталлі Кірпы залатыя рукі – гэта доб­ра ведаюць многія варнянцы: і ўкол яна ставіць безбалюча, і ў вену з першага разу пападзе. Пра Яўстаф’еўну многія кажуць, што яна – медсястра ад Бога…

IMG_5489.jpg



– Пасля вучобы ў Мінскім медвучылішчы некаторы час я працавала ў дзіцячым аддзя­ленні гарадской бальніцы № 2, – расказвае жанчына. – Усё вяртаецца на кругі свае: пачынала з дзетак і цяпер працую з дзеткамі – дапамагаю педыятру. Раней на вуліцы толькі дарослыя віталіся, а цяпер і малышы наперабой крычаць «Добры дзень, цёця Наташа!» (Усміхаецца) Я марыла стаць урачом: пасля вучылішча збіралася падступаць у медінстытут, але сустрэла будучага мужа. Маю мару ажыццяві­ла дачка Даша – яна вучыцца ў Віцебскім медуніверсітэце. 

За тры дзесяцігоддзі работы ў медыцыне Наталля Яўстаф’еў­на зведала столькі, колькі хапіла б на некалькі ўрачоў-мужчын: рэаніміравала тапельцаў, выязджала на месцы аварый, вырывала ў смерці сардэчнікаў…

– У такіх сітуацыях думала, што запанікую, аднак, наадварот, канцэнтравалася і спакойна выконвала сваю работу, – расказвае жанчына. – Я ўдзячна людзям, з якімі працавала і працую: Раісе Аляксееўне Уласевіч, Ядвізе Леанідаўне і Валянціну Сцяпанавічу Твёрдым за дапамогу  і парады. 

Кожны дзень Наталля Яўста­ф’еўна прыходзіць на работу ў добрым настроі – і ад усмешкі жанчыны тым, хто з ёй працуе або прыходзіць за дапамогай, становіцца лягчэй.

– Галоўны абавязак медсяст­ры – падрыхтаваць пацыента да прыёму ўрача. Людзі звяртаюцца да нас за дапамогай з хваробамі, болем, праблемамі – і не варта крыўдзіцца, калі хтосьці з іх павышае голас ці ў чалавека пачынаецца істэрыка, – разважае жанчына. – Я да гэтага часу памятаю словы прафесара: у медыцыне выпадковых лю­дзей не бывае. У мяне ў жыцці ўсё склалася найлепшым чынам: я рэалізавалася ў прафесіі і асабістым жыцці. Я – шчаслівая!

Спрытнасць рук – і ніякага ашуканства

Толькі глянуўшы на кроў, нават не зазіраючы ў мікраскоп, яна можа сказаць, што ў чалавека нізкі гемаглабін. Кожны дзень ёй даводзіцца рабіць балюча людзям дзеля іх здароўя – браць аналізы крыві. І з гэтым лабарант Галіна Фурс спраўляецца на выдатна ўжо трыццаць гадоў.

IMG_5486.jpg



– Я скончыла Гомельскае медвучылішча. Некалькі гадоў адпра­цавала ў аддзяленні хуткай дапамогі ў Буда-Кашалёве, а потым лёс прывёў мяне на Астравеччыну. З таго часу і працую ў варнянскай амбулаторыі, – заўсёды сур’ёз­ны і напружаны твар Галіны Мікалаеўны асвятляецца ўсмешкай. – У нашай амбулаторыі можна зрабіць агульны аналіз крыві і мачы, біяхімічны – вызначыць узровень цукру і халестырыну. Два разы на тыдзень – у аўторак і чацвер – бяру кроў з вены, якую цэнтралізавана адвозяць у Астравец. 

…Кажуць, што каля 80 % інфармацыі пра стан здароўя чалавека можна атрымаць па выніках  лабараторных аналізаў, у Варнянах такія звесткі здабывае, пачараваўшы над колбамі і мікраскопам, Галіна Фурс. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений