Дзень здароўя у Гервятах

16:18 / 25.03.2011

Традыцыйна 24 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам. Большасць людзей не прыдаюць гэтай хваробе вялікага значэння, а між іншым, яна з’яўляецца вельмі каварнай. І ў Астравецкім раёне сітуацыю з захворваннем туберкулёзам нельга назваць бяспечнай.


У сувязі з гэтым у Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам супрацоўнікі раённай бальніцы, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і добраахвотнікі Чырвонага Крыжа вырашылі правесці дзень здароўя пад агульным дэвізам “Разам супраць туберкулёзу”. На гэты раз ён праходзіў у Гервятах у актавай зале СВК. Перад прысутнымі выступілі спецыялісты ЦРБ, якія расказалі пра ўзаемасувязь алкаголю, курэння і туберкулёзу, а таксама, што чакае ў выніку, калі своечасова не звярнуцца па медыцынскую дапамогу.


А ў гэты час валанцёры атрадаў “Прамень” і “Надзея” раздавалі прахожым на вуліцы брашуры, календары і лістоўкі з інфармацыяй пра туберкулёз. Бо ўсім вядома ісціна: праінфармаваны – значыць, папярэджаны.


Марына МАЦКЕВІЧ.