Вынікі дня цвярозасці

11:30 / 23.03.2011
1

У мінулую пятніцу на Астравеччыне праводзіўся чарговы дзень цвярозасці, адным з галоўных мерапрыемстваў якога была забарона продажу ў гандлёвых кропках раёна спіртнога. Невядома, што запішуць на свой рахунак арганізатары мерапрыемства, толькі медыкі падводзяць свае вынікі, і яны зусім несуцяшальныя.


У дзень цвярозасці ў раённую бальніцу былі дастаўлены 11 чалавек у стане моцнага алкагольнага ап’янення – утрыманне алкаголю ў іх крыві складала не менш чым 2 праміле, а гэта, прабачце, конская доза. І з вялікай верагоднасцю можна меркаваць, што не “са старых запасаў” дасталі яны тое “гаручае”, бо людзі гэтыя з той катэгорыі, у якой запасаў не бывае. Хутчэй за ўсё, работнікі гандлю выконваюць патрабаванні дня цвярозасці толькі перад правяраючымі. Маладая дзяўчына з Варнян была дастаўлена ў бальніцу ў глыбокай алкагольнай коме, і ўрачы-рэаніматолагі ўсе выхадныя змагаліся за яе жыццё.
Так, як змагаюцца цяпер за жыццё дваіх хворых на цыроз печані, што лечацца ў інфекцыйным аддзяленні райбальніцы, – таксама вынік безупыннага п’янства. Цяпер яны ўжо адумаліся і стараюцца выконваць усе прадпісанні ўрачоў. Але ці не занадта позна? Нядаўна з-за алкагольнага цырозу пайшоў з жыцця 33-хгадовы мужчына.
Можа, усё ж час задумацца, што важней: жыць ці піць?


Ніна АЛЯКСЕЕВА.