Па слядах выступленняў "Астравецкай праўды"

11:22 / 23.03.2011
1
Зрабілі, што ў нашых сілах

Невялікая публікацыя “Драпіна на вуху? Трэба ўсыпіць!”, змешчаная ў “Астравецкай праўдзе” ў №10 за 9 лютага, выклікала вялікі рэзананс. Нагадаем: размова ў ёй ішла пра тое, што хатнім гадаванцам, у дадзеным выпадку сабаку – вельмі цяжка атрымаць кваліфікаваную ветэрынарную дапамогу ў Астраўцы, для гэтага трэба аб’ездзіць паўрэспублікі.


На сайце газеты з нагоды публікацыі разгарнулася дыскусія чытачоў, якая перарасла зададзеную тэму і перайшла ў рэчышча адносін да хатніх жывёл і сабак увогуле – некаторыя каментарыі і аўтарскі погляд на праблему супрацоўніка рэдакцыі з гэтай нагоды мы змяшчалі ў “Астравецкай праўдзе” 16 сакавіка.
А днямі ў працяг тэмы атрымалі афіцыйны адказ з ДУ “Астравецкая райветстанцыя” за подпісам намесніка начальніка Р.А. Турчыновіча, у якім выказваецца афіцыйны погляд раённых ветэрынараў на праблему ўвогуле і канкрэтную сітуацыю, пра якую ішла гаворка ў публікацыі.
“У пачатку снежня 2010 года ў Астравецкую ўчастковую лячэбніцу звярнулася В. Бублевіч з сабакам пароды аўчарка ўзростам каля 9 гадоў па мянушцы Аза, у якой была паталогія на левым вуху. Прымала хворую жывёліну фельчар Г.В. Тухта. З анамнезу хваробы было ўстаноўлена, што з мяккага ўтварэння на краі левага вуха Азы гаспадыня сабакі некалькі разоў адсмоктвала шпрыцам змесціва прыпухласці. Змесціва мела чырванаваты колер. Але палёгкі не наступіла, і давялося звярнуцца па дапамогу.
Пры клінічным аглядзе на краі левага вуха мелася флюктуіруючая прыпухласць памерам 1,5х1 і 5х1 см. На паставе анамнезу і абследавання быў пастаўлены клінічны дыягназ – гематома. Пасля падрыхтоўкі і апрацоўкі аперацыйнага поля была зроблена пункцыя і санапрацоўка, сабака і гаспадыня былі адпраўлены дамоў з указаннем назірання і рэкамендацыяй паўторнага звароту. Аб выдаленні вуха ці ўсыпленні сабакі размовы не было!
Акрамя гэтага, пры клінічным абследаванні ў малочнай залозе былі выяўлены шматлікія ўшчыльненні акруглай формы велічынёй ад 3 да 4 сантыметраў. У шэрагу выпадкаў пры пастаноўцы дыягназу патрабуюцца дадатковыя дыферэнцыяльныя даследаванні, зрабіць якія мы не маем магчымасці, жадаючым даюцца кантактныя нумары тэлефонаў ветэрынарных клінік у Маладзечна і Мінску. Так было і ў выпадку з новаўтварэннямі ў малочных залозах сабакі Азы. Г.В. Тухта параіла В.Бублевіч звярнуцца ў ветслужбу воінскай часці ў Гавуці Смаргонскага раёна, дзе ёсць добра аснашчаная спецыялізаваная клініка гадавальніка сабак і дала нумар тэлефона.
Ветспецыялісты ўчастковай ветлячэбніцы – а іх у штаце двое – праводзяць вакцынацыю хатніх жывёл, лячэнне, дыягностыку паразітарных і інфекцыйных захворванняў, з хірургічных аперацый праводзяць кастрацыю сабак і катоў, купіраванне хвастоў шчанюкам сабак і некаторыя іншыя ўмяшальніцтвы лёгкай і сярэдняй цяжкасці, а таксама аказваюць практычную дапамогу ветслужбе гаспадарак”.