"Жанчына года" працуе ў рэдакцыі

16:06 / 18.03.2011

На гэтым тыдні ў Гродзенская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” назвала імёны васямнаццаці жанчын года. Сярод іх – і прадстаўніца Астравеччыны, галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда” Ніна Рыбік.


Ушаноўванне жанчын года праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. Спачатку ўсіх прывітала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марыя Міхайлаўна Бірукова. Яна павіншавала жанчын з вясной і пажадала, каб Дзень жанчын, які мы адзначалі нядаўна, доўжыўся для іх цэлы год. Марыя Міхайлаўна высока ацаніла ролю жанчын а ўсіх сферах грамадскага жыцця.
 “Жанчыны года”, якія былі названы лепшымі ў сямі намінацыях, прадстаўлялі розныя раёны вобласці і абласны цэнтр, яны працуюць у розных сферах, займаюць розныя пасады: кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і вядомыя ў краіне “бізнес-вумэн”, грамадскія дзеячы і выхавальнікі, настаўніцы і матушка – рэгент праваслаўнага храма. Але ўсіх аб’ядноўвае адно: усе яны — нераўнадушныя людзі. Пра кожную з іх прагучаў відэа-расповед, для кожнай гучалі песні. Марыя Міхалаўна і іншыя члены прэзідыума абласнога “жансавета” ўручылі сімвал знака “Жанчына года” – статуэтку Еўфрасінні Полацкай, а таксама кветкі і сувеніры лепшым жанчынам вобласці, якія сваёй працай, усім сваім жыццём паказваюць прыклады высокага служэння грамадству, ідэям духоўнасці, аддаюць сябе людзям.
 Безумоўна, такіх у вобласці нашмат больш, чым былі вызначаны як “Жанчына года-2010”. І таму вельмі слушнай падалася прапанова праводзіць падобныя конкурсы і адзначаць лепшых жанчын у кожным раёне – дастойных знойдзецца нямала.