Чытач "Астравецкай праўды" просіць дапамогі

12:24 / 16.03.2011

У газету з падобнай просьбай я звяртаюся ўпершыню. Я – асуджаны. Так сталася, што ўжо ў сталым узросце я здзейсніў злачынства і апынуўся ў месцах пазбаўлення волі. Цяпер адбываю пакаранне ў папраўча-працоўнай калоніі г. Магілёва.


Выпадкова мне ў рукі трапіла газета “Астравецкая праўда” за 19 студзеня гэтага года. І вельмі ўдала. Мяне зацікавіў артыкул “З любоўю да кветак” і інтэрв’ю з Аленай Іванаўнай Собалевай. Да арышту ў вольны час я любіў займацца кветкамі – садзіў, разводзіў і, канешне, любаваўся імі.
Мае здольнасці і захапленне кветкамі заўважыла адміністрацыя калоніі і прапанавала мне заняцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Магчыма, вы разумееце, што жыццё наша не салодкае, яно шэрае і аднастайнае. А калі наступае пара цвіцення, хочацца жыць, любавацца прыгажосцю і радавацца таму, што жывеш.
Жаданне займацца кветкамі ёсць, хапае і часу. А вось магчымасці – мала. Няма насення. Пішу знаёмым, прашу іх аб дапамозе. Калі ўбачыў у газеце інтэрв’ю, вырашыў праз вашу газету звярнуцца да Алены Іванаўны і ўсіх кветкаводаў Астравеччыны з просьбай аказаць нам дапамогу ў набыцці кветак і насення. Калі ў каго-небудзь ёсць магчымасць падзяліцца з намі шматгадовымі кветкамі і насеннем – будзем вам вельмі ўдзячны.
Кожнаму з нас калонія на нейкі час замяніла родны дом, і хочацца, каб у ім было па-дамашняму цёпла і ўтульна. Спадзяюся на вашу дапамогу.
Калі каго-небудзь зацікавіць мая просьба, пакідаю свой адрас:
212030, г. Магілёў
Слаўгарадская шаша, ПК – 19
2 атрад, 22 брыгада.
Марчук Фёдар Фёдаравіч.