Ці вераць астраўчане ў цудадзейную сілу вадохрышчанскай вады

09:10 / 19.01.2019
Сёння права­слаў­ныя вернікі святкуюць Вадохрышча. Штогод на беразе гарадскога вадасховішча збіраецца шмат людзей, каб паглядзець на тых, хто будзе акунацца ў ледзяную ваду альбо акунуцца самім. 
   Ці  вераць жыхары і госці нашага горада ў цудадзейную сілу вадохрышчанскай вады, высвятляў наш карэспандэнт.

Сінкевіч.jpg

Яўген Сінкевіч, пенсіянер:
– Канешне, нешта ёсць. Хоць я сам і католік, аднак у мяне хапае праваслаўных сяброў, якія шчыра радуюцца і адзначаюць Вадохрышча.
Аднак варта памятаць: гэта не проста акунанне ў купелі, а перш-наперш – шчырая вера і малітва. 

Ганна.jpg

 Ганна, дыспетчар ЖКГ:
– Не магу сказаць, што я шчырая веруючая: у царкву хаджу, як атрымліваецца. Святую ваду неяк спрабавала піць, але мне ад яе не стала ні лепш, ні горш. Тое самае тычыцца і акунання на Вадохрышча ў ле­дзяной купелі.
Аднак не буду катэгарычнай. Ведаю, што многім святая вада і акунанне ў купелі дапамагае. Таму ў мяне дома асвечаная вада стаіць на ўсялякі выпадак.

Яўсееў2.jpg

Сяргей Яўсееў, машыніст-качагар:
– А чаму б і не верыць? Нашы продкі верылі на працягу стагоддзяў і не нам адмяняць гэтыя ўстоі. Я католік, аднак не раблю розніцы па­між каталіцтвам і праваслаўем. 
Наконт акунання ў купель, то гэта справа мне падабаецца. Летась я акунуўся на Вадо­хрышча, сёлета яшчэ думаю. Хаця можна сказаць, што я ўжо «ахрысціўся», калі на рыбалцы нядаўна пад лёд праваліўся (Смяецца).

Кумішча.jpg

Вераніка Кумішча, педагог дадатковай адукацыі ЦТДзіМ:
– Я веру ў цуды, якія адбываюцца ў нашым жыцці па волі Бога. Чалавек, калі ён верыць па-сапраўднаму, і сам здольны на вялікія цуды.
Наконт акунання ў купель, я не супраць – з аднаго боку, а з другога – не адчуваю сябе гатовай да гэтага кроку. Хаця і не абавязкова акунацца цалкам. Наколькі я ведаю, дастаткова проста абмыць твар вадой з купелі.

Гульбіцкі2.jpg

Леанард Гульбіцкі, загадчык гаспадаркі Астравецкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі:
– Канешне, вада, якую на Вадохрышча блаславіў бацюшка, валодае пэўнай энергетыкай.
Адзін мой знаёмы быў у моцнай дэпрэсіі . Аднак пасля таго, як яго ўгаварылі акунуцца на Вадохрышча, ачуняў.
Я і сам раней акунаўся, а зараз здароўе не дазваляе. Хаця калі ўсё арга­нізавана з розумам: ёсць дыванкі, каб па снезе басанож не хадзіць, месца для распранання закрытае, каб не на ветры, цёплая гарбата ці кава – то чаму б і не акунуцца?

Текст:
Фото: Антон Мальшевский