Варняны адзначылі свята вёскі

10:08 / 20.09.2018

Больш за 600 гадоў карпатлівай працай вяскоўцаў, справамі сваіх слынных дзяцей, штодзённымі клопатамі мясцовых жыхароў пішуць сваю гісторыю Варняны – калісьці ўнікальнае мястэчка Астравеччыны, а цяпер аграгарадок.

На мінулым тыдні свята вёскі, якое праходзіла пад дэвізам “Мая старонка. Мая вёсачка. Мой родны дом” сабрала разам варнянцаў у гістарычным сэрцы аграгарадка – на пляцоўцы ў старадаўнім парку.

OMD50218.jpg

Вясёлая музыка разносілася па наваколлі з самага ранку. Літаральна на вачах “вырасталі” вялікія рознакаляровыя надзіманыя горкі для дзятвы і гандлёвыя палаткі – па ўсім было бачна, што вяскоўцаў чакае сапраўднае свята.

Святкаванне распачалося з ўрачыстай імшы, якую адправіў ксёндз-пробашч Павел Звяжынскі.

Тым часам работнікі Астравецкага фізкультурна-аздараўленчага клуба падрыхтавалі пляцоўкі для гульні ў шашкі і дартс.

OMD50013.jpg

Пакуль адны ігралі ў шашкі і спрабавалі трапнасць у дартсе, іншыя прагульваліся па гандлёвых радах, дзе можна было набыць не толькі плеценыя кошыкі, прылады працы, драўляныя вырабы, але і згуляць у бяспройгрышную латарэю. Усяго за два рублі можна было выйграць латок свежага свінога фаршу ад КСУП “Варняны”.

Дзятва бавіла час на горках і батутах. Акрамя гэтага, завітаўшы ў госці да майстра па аквагрыме, за некалькі хвілін можна было стаць казачнай прынцэсай ці чалавекам-павуком. Ну і, канешне, ніводнае свята немагчыма ўявіць без пульхнай салодкай ваты і духмянага пап-корну.

IMG_0959.jpg

viber im4age.jpg

Для аматараў інтэлектуальнага адпачынку сельская бібліятэка падрыхтавала сюрпрыз: даведацца назву кнігі можна было толькі пасля таго, як яе возьмеш пачытаць, таму што кнігі “хаваліся” ў спецыяльных абгортках. Праўда, для чытачоў на вокладках былі невялікія падказкі ў выглядзе “крылатых” цытат з выдання.

Гаспадыня з КСУП “Варняны” на вачах здзіўленых мінакоў надзірала бульбу, а праз некалькі хвілін тут жа на патэльні смажыла залацістыя дранікі. А “баба” і “дзед”, якія прыехалі на возе, весялілі вяскоўцаў дасціпнымі жартамі.

OMD50028.jpg

Варнянцы Людміла Кухарэвіч, Ілона Калпак, выхаванкі Элы Капуста, Таццяны Клышко, Варнянскіх дзіцячага ясляў-сада – сярэдняй школы, а таксама госці з Рытані і Астраўца падарылі вяскоўцам цікавыя музычныя і танцавальныя нумары і добры настрой.

OMD50153.jpg

Падчас свята вёскі па традыцыі былі ўшанаваны самы маленькі жыхар – Агнія Расамацкая і доўгажыхарка Яніна Міхайлаўна Юркойць, якая справіла 95-ы дзень нараджэння.

Па прызнанні старшыні Варнянскага сельвыканкама Аляксандра Вярбовіча, камісіі давялося шмат папацець, каб вызначыць лепшы вясковы падворак – было вырашана не абмяжоўвацца адным прызавым месцам. Гаспадыні лепшых падворкаў – Марыя Пазлевіч, Марыя Масойць, Аксана Юркойць, Валянціна Кіндзер – атрымалі падарункі і кветкі. Дарэчы, спонсарамі конкурсаў выступілі КСУП “Варняны” і індывідуальныя прадпрымальнікі Віталь Пазлевіч і Яніна Радлінская.

А скончылася свята вёскі цікавымі конкурсамі для гледачоў і дыскатэкай да позняга вечару.

IMG_0998.jpg

OMD50225.JPG

OMD50045.jpg

OMD50081.jpg

IMG_0977.jpg

IMG_0963.jpg


 

Текст:
Фото: І.ПЕТРЫКА, І.ДЗЯТЛОВІЧА, А. ГАНУЛІЧ