Народный хор ветеранов "Вясёлка" Островецкого Дома культуры подтвердил звание народного

09:44 / 31.03.2017

hor_veteranov.jpgПаспяховым выступленнем на  фестывалі творчасці ветэранаў, які па традыцыі штогод праходзіць у Іўі,  народны хор “Вясёлка” раённага Дома культуры пацвердзіў гэтае ганаровае званне. На гэтым песенным форуме ён даўно “прапісаўся” ў пяцёрцы лепшых, яго выступлення гледачы чакаюць з нецярпеннем і сустракаюць дружнымі апладысментамі.

Сёлета на фестываль прыехалі трынаццаць калектываў. Усе прадэманстравалі добрую мастацкую падрыхтоўку. Зразумела, “Вясёлка” мусіла адпавядаць высокаму ўзроўню і званню народнага калектыва. Сёлета ў фестывальную праграму калектыву ўвайшлі песні патрыятычныя – “Героі, патрыёты, ветэраны”, “Святая Радзіма”, любімы многімі лірычны вальс “Когда б имел златые горы” і  энергічная, завадная “Москва златоглавая”. Яе гледачы сустрэлі воклічамі захаплення. А “Фінальная” проста расчуліла залу…

Высокае выканаўчае майстэрства паказаў квартэт у складзе Надзеі Харытонавай, Клаўдзіі Дублёных, Галіны Гіцэвіч і Ірыны Тумко, якая спявала   яшчэ і сола. Увогуле, выступіў хор ярка, па-сапраўднаму вясёлкава, прафесіянальна, у чым несумненная  заслуга мастацкага кіраўніка Дануты Папеня. І музычнае суправаджэнне было адмысловым – славутая “Скарбніца”, народны аркестр народных інструментаў Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Надзеі Шарэйка.

Фестываль – не конкурс-спаборніцтва, прызавыя месцы пераможцам не прысуджаліся. Кожны калектыў быў адзначаны дыпломам удзельніка і падарункамі ад абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры і арыгінальнымі сувенірамі ад Іўеўскага Дома рамёстваў.

Канікулаў у хору не будзе. Рэпетыцыі прадоўжацца, бо наперадзе чакаюць  святы, да якіх трэба падрыхтаваць новыя нумары, ды і ранейшы рэпертуар паўтарыць.

Фота з архіва "АП" 

Таіса СЯМЁНАВА

Текст: Главный администратор