Аўтограф гурта “NaviBand” чытачам “Астравецкай праўды”

17:18 / 10.03.2017

navi.jpgКанцэрты бываюць розныя. Але прызнаюся: на такія, як даў 8 сакавіка ў Гродне гурт “NaviBand”, трапляць даводзілася не часта. Ніхто не “заводзіў” гледачоў: “Дзе вашы ручкі? Не бачу!”, “А ну гучней – не чую!” – у гэтым проста не было патрэбы. Зала жыла са сцэнай у адзіным рытме: спявала, танцавала, не стамлялася “бісіраваць”. Артысты пасылалі такі магутны энергетычны зарад, што, здаецца, калі б яго вымяралі нейкія спецыяльныя прыборы, то яны непазбежна выйшлі б са строю. І гледачы адказвалі тым жа: да канца канцэрта ніхто не ўсядзеў у крэсле – уся зала ператварылася ў адзін танц-пол.

І хоць музыка, якую ствараюць гэтыя маладыя і дужа сімпатычныя артысты, была, па праўдзе кажучы, не зусім “мая” – я без асаблівага супраціўлення ўлілася ў гэты энергетычны вір – і ў выніку беззваротна закахалася ў прыгожых, таленавітых, харызматычных, шчырых, непасрэдных Арцёма і Ксенію, а таксама іх сяброў.

Амаль дзве гадзіны доўжыўся канцэрт – і амаль столькі ж часу потым артысты раздавалі аўтографы, фатаграфаваліся са сваімі прыхільнікамі і адказвалі на пытанні журналістаў.

--У адной з вашых песень ёсць такія радок “Кожны свой дзень і кожны свой крок я выбіраю сам”. Гэта проста песня -- ці вашае жыццёвае крэда? І наколькі ўдаецца яму адпавядаць?

Ксенія: --Гэта і песня, і крэда. І мне падаецца, што ў нас у асноўным атрымліваецца яму адпавядаць.

Арцём: --Мы вырашылі ісці па жыцці сваёй дарогай. І тое, што зараз мы займаемся толькі музыкай – гэта і ёсць наш свядомы выбар.

--Як ідзе падрыхтоўка да Еўрабачання? Нумар ужо ёсць?

Арцём: --Так, нумар мы ў асноўным прыдумалі. Плануецца, што Ксеня будзе выходзіць на хадулях, я – жангліраваць двума укулеле. Зараз прадумваем касцюмы – яны, хутчэй за ўсё будуць скураныя.

Словам, падрыхтоўка ідзе, мы сабралі каманду, нам камфортна разам працаваць – з ёй мы і рушым на Еўрабачанне.

--А знакамітыя Ксюшыны “рожкі” застануцца?

Арцём: --Так, мы іх пакінем.

--Настрой баявы?

Арцём: --А як жа інакш?

Ксенія: --Канешне, бываюць дні і нават тыдні, калі вельмі стамляемся, і хочацца нікога не бачыць і нічога не чуць. Але мінае гэты дзень – і ты зноў у тонусе.

Арцём: --Такі тэмп жыцця – ён і падтрымлівае тонус. Ты едзеш з канцэрта на канцэрт, сустракаешся з людзьмі – і гэта крута! Мы вырашылі паездзіць трохі з канцэртамі, сустрэцца з гледачамі, каб падтрымаць гэтую хвалю лёгкасці і пазітыву.

--Чаму вы выбралі беларускую песню для Еўрабачання, а не ангельскую, як гэта было традыцыйна раней?

Арцём:-- А навошта ангельскую? Мы спяваем для сваіх людзей, на роднай мове. І для Еўрабачання вырашылі прапанаваць беларускую песню – каб ва ўсім свеце ведалі нашу мову, краіну. У выніку, як бачыце, ўсё атрымалася.

--Што трэба рабіць для папулярызацыі беларускай мовы?

Арцём:--Я не ведаю, што трэба рабіць. Вось мы вязем беларускую песню на Еўрабачанне, і гэта – папулярызацыя беларускай мовы.

Ксенія: --Мы атрымліваем шмат відэа са школ, калі настаўнікі беларускай мовы ставяць на ўроках нашы песні і кліпы – і атрымліваем неверагоднае задавальненне, што можам нейкім чынам паўплываць на сітуацыю з беларускай мовай.

--Чаго б вы хацелі дасягнуць у сваім творчым жыцці?

Арцём: -- У нас ёсць мэта – сабраць палац спорту на сольным канцэрце ў Мінску.

А яшчэ мне хочацца асабіста азнаёміцца са Стынгам.

--Аб чым вы марыце?

Ксенія: --Мары ўжо здзяйсняюцца. Мы марылі займацца толькі музыкай, і зараз працуем толькі ў сваім гурце – для нас гэта вялікае шчасце: ісці кожны дзень на студыю як на працу, спяваць свае песні, рабіць тое, што любіш.

--Вы ствараеце на сцэне і ў зале неверагодна пазітыўную энергетыку. Як вам гэта ўдаецца?

Арцём: --Калі б мы гэта ведалі – абавязкова б вам расказалі.

А калі сур’ёзна, то гэта не мы, людзі ствараюць гэтую энергетыку. Калі б гледачы сядзелі і не адказвалі нам – нічога б не атрымалася.

Ксенія: --Мы бачым усмешкі, пранікнёныя вочы – і гэта чапляе, запальвае эмоцыі, якія мы аддаём зале. І зноў атрымліваем назад. І так да бясконцасці…

--Ці ёсць у вас нейкія прыкметы, фішкі, сакрэты, якія дапамагаюць дабіцца поспеху?

Арцём: --Яны, вядома, ёсць – але мы пра іх вам не раскажам. Не, адну скажу: перад выхадам на сцэну мы заўсёды абдымаемся ўсім гуртом.

Ксенія: --А яшчэ побач з намі заўсёды нашы музыканты, сябры – яны часам перажываюць нават больш, чым мы.

Арцём: --На сцэне, як і ў жыцці, мы не выконваем ролі. Мы тыя, хто мы ёсць: шчыра адносімся да нашай музыкі, да творчасці, да свайго жыцця. Цяжка сказаць, сакрэт гэта ці не.

Ніна Рыбік

подпись.jpg

Даведка

Фолк-гурт “NaviBand” узнік у 2013 годзе. У яго складзе – салісты Арцём Лук’яненка і  Ксенія Жук, а таксама музыканты Уладзіслаў Чашчавік, Аляксандр Табольскі, Уладзімір Бегер.

У 2016 годзе група прымала ўдзел у нацыянальным адборы на конкурс “Еўрабачанне”з песняй “Гэта зямля”, але заняла толькі чацвёртае месца. Сёлета з беларускамоўнай кампазіцыяй “Гісторыя майго жыцця” яна стала пераможцай”: