Островетчину посетил лидер группы этно-трио "Троица" Иван Кирчук ( обновлено)

00:00 / 13.03.2017
1
троица 1

Іван Кірчук: “Беларусы – спеўная нацыя”

Яго называюць чалавекам-аркестрам: яго калекцыя налічвае дзве тысячы дыскаў з аўтэнтычнымі песнямі, абрадавым матэрыялам з розных куткоў Беларусі і безліч інструментаў – пачынаючы ад гліняных акарын і заканчваючы афрыканскімі тамтамамі. Яго называюць чалавекам-эпохай, які змог гарманічна спалучыць з сучаснасцю народныя матывы, уплесці чырвонай стужкай у сваю творчасць вераванні і жыццёвую філасофію беларусаў. Яго называюць чалавекам-энцыклапедыяй – з экспецыдыямі ён аб’ездзіў усю Беларусь і занатаваў не толькі на стужцы, але і ў сваёй памяці, мілагучнасць, глыбіню беларускіх спеваў...

Іван Іванавіч Кірчук – чалавек унікальны. Паляк ад роду, ён ужо больш за трыццаць гадоў займаецца беларускім фальклорам, з этна-трыо “Троіца” пабываў на многіх міжнародных фестывалях, разам з жонкай Кацярынай гадуе двух цудоўных дзетак...

У межах курсаў “Мова нанова” Іван Іванавіч на мінулым тыдні ўпершыню завітаў на Астравеччыну з монаспектаклем “Дарожка мая...”. Чатыры музычныя часткі – “Зямля”, “Вада”, “Агонь” і песні, звязаныя са смерцю”, – паміж якімі музыкант шчыра расказваў пра сваё станаўленне, узгадваў свой род і людзей, з якімі зводзіла жыццё, – нікога не пакінулі раўнадушнымі.

Спецыяльна для “Астравецкай праўды” Іван Іванавіч даў эксклюзіўнае інтэрв’ю.

– Вы музыкант, фалькларыст, педагог... А кім вы лічыце сябе ў большай ступені?

– Складанае пытанне... У першую чаргу лічу сябе музыкантам, а ўжо пасля педагогам, фалькларыстам. Браты майго дзеда Тамаша выраблялі акардэоны і скрыпкі – на жаль, гэтыя інструменты не захаваліся. Мая цётка Марыся прыгожа іграла на гітары. Тата працаваў інжынерам і ніякага дачынення да музыкі не меў, тым не менш, менавіта дзякуючы яму я звязаў сваё жыццё з музыкай. Я не меў базавай музычнай адукацыі і не вучыўся ў музычнай школе, але паступіў у Лідскае музвучылішча – і  мая дарога, як музыканта, бярэ свой пачатак менавіта з 1973 года.

Я не планаваў быць музыкантам, хацеў стаць мараком: мяне з дзяцінства вабіла рамантыка падарожжаў, нязведаныя краіны…  Атрымліваецца, што я стаў прадаўжальнікам традыцый сваіх продкаў.

– У адным з вашых інтэрв’ю прачытала, што вы любіце і паважаеце гурт “Dream Theater” – прызнаюся, для мяне гэта стала адкрыццём. А якую музыку вы слухаеце?

– На “Dream Theаter” мы ездзілі спецыяльна ў Варшаву з гітарыстам этна-трыо Юрыем Дзмітрыевым, каб на свае вочы ўбачыць і пачуць гэты калектыў. Канцэрт настолькі нас уразіў, што назад мы вярталіся моўчкі.

Мне падабаецца складаная музыка. Калі нехта іграе на адным акордзе ці на адной струне – прабачце, але гэта не па мне. Напрыклад, этнічная музыка вылучаецца тым, што ёсць не толькі мелодыя, але і глыбокі тэкст. Кожны раз, калі выконваеш адну і тую ж песню, знаходзіш новую інфармацыю – і словы песні набываюць новы сэнс.

Увогуле я выхоўваўся на рок-музыцы – і яна засталася са мной на ўсё жыццё. Варта сказаць, што музыка – рок, джаз, блюз – не ўзніклі самі па сабе, яны маюць глыбокія народныя карані. Усё, у тым ліку і музыка, з нечага вырастае.

– Падчас монаспектакля вы згадалі пра свой працяглы перыяд маўчання, пасля таго як на ваш выступ прыйшло толькі 300 чалавек... Можа, публіцы патрэбна нешта больш лёгкае і простае?

– Перыяд маўчання, як вы яго назвалі, быў толькі ў сольнай музычнай кар’еры, гэта не тычыцца маёй творчасці ў этна-трыо “Троіца”.

 За той час я выдаў дзённікавыя запісы. Маю першую кнігу “Автобан и мистрели” кожны жадаючы можа знайсці інтэрнэце. Пазней выйшла другая, больш глыбокая і духоўная, кніга “Горит свеча у алтаря…”. У пэўнай ступені яна стала працягам першай кнігі. У ёй апісаны сны, мае ўражанні ад падарожжаў з “Троіцай”, жыццёвыя сітуацыі…

Сёння я імкнуся выбудоўваць сваю творчасць так, каб людзям было цікава. Падчас выступлення выкарыстоўваю маскі, лялькі, інструменты з розных краін свету.  Уявіце сабе, каб я прыехаў у Астравец толькі з дудачкай, жалейкай і гуслямі: ці цікавым тады атрымаўся б спектакль?

За так званы “час маўчання” мною былі падабраны розныя інструменты, прадуманы і дэталёва распрацаваны сцэны з зямлёй, вадой, агнём і продкамі – менавіта яны і з’яўляюцца тым фундаментам, на якім трымаецца монаспектакль “Дарожка мая...”

– Колькі інструментаў у вашай калекцыі? Які самы незвычайны і самы любімы?

– Не ведаю, не лічыў. Калекцыя пастаянна папаўняецца. Частка інстументаў вандруе разам з гуртам “Троіца”: падчас выступленняў у еўрапейскіх краінах гучаць не толькі традыцыйна беларускія музычныя інструменты, але і металічныя, і бамбукавыя калімбры, дзіджэрыду, саз, бамбукавы ксілафон, тыбецкія чашы. Частка інструментаў захоўваецца ў мяне дома. Падчас аднаго монаспектакля гучыць каля 40 музычных інструментаў – акарыны, дудкі, жалейкі, ліра.

А самы незвычайны інструмент – голас чалавека.

– Дзякуючы вашым намаганням, у мінулым годзе ў Інстытуце культуры Беларусі адкрылася этналабараторыя. Што гэта такое і чым там займаюцца?

– Гэта эксперыментальная і творчая майстэрня па вывучэнні народных свят, абрадаў. Тут знаходзіцца каля двух тысяч дыскаў word-music, якія я набываў па ўсім свеце; кнігі па этнаграфіі і фальклоры, ручнікі і іншыя рэчы, знойдзеныя ў экспедыцыях; частка музычных  інструментаў з маёй калекцыі.

У этналабараторыі наведвальнікаў чакае рэканструкцыя традыцыйных беларускіх абрадаў, а таксама невялікая экскурсія, падчас якой я іграю амаль на ўсіх музычных інструментах. Людзі здзіўляюцца…

– А што здзіўляе вас?

– З апошняга – гэта нараджэнне дачкі Агнешкі, якой зараз 8 месяцаў. Кожны дзень мяне прыемна радуе трохгадовы сын Стэфан…

Мне здаецца, калі мы па-іншаму адносімся да продкаў, яны нам вельмі дапамагаюць – гэта я адчуваю на сабе.

– Наколькі важна ў сучасным імклівым урбаністычным свеце сувязь з продкамі?

– Да разумення важнасці гэтай сувязі трэба дарасці. Чалавека не прымусіш цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і, шукаць адказы на пытанні, хто ён такі і адкуль пайшоў, – ён павінен сам да гэтага дайсці. Шкада толькі, што часта гэта бывае вельмі позна. Ведаю з уласнага досведу. Я шмат гутарыў з бабуляй, якая пражыла 90 гадоў, з матуляй – але не цаніў гэтых сустрэч. Здавалася, што яны будуць заўсёды, што яшчэ паспею задаць ім галоўныя для сябе пытанні, наседзецца, нагаварыцца – але, на жаль, так і не паспеў гэтага зрабіць. У кожнага свая дарожка...

Часта людзі цікавяцца, ці ёсць у мяне вучні, пераймальнікі. Не. Мне здаецца, што я знайшоў сваё месца, што  дзякуючы маім монаспектаклям, кожны слухач можа стаць у пэўнай ступені вучнем, натхніцца на пошукі сваіх каранёў.

 Сучасны чалавек абавязкова павінен звярнуцца да гісторыі свайго роду, даведацца, кім былі яго бабуля і дзядуля, чым займаліся, якая ў іх была вера і захапленні. Зыходзячы з гэтага трэба прадаўжаць гэтыя традыцыі ў сваёй сям’і. Несумненна трэба спазнаваць і іншыя культуры, народы, традыцыі – аднак пачынаць са свайго, шанаваць сваё, роднае.

Адзін мой сябар збіраўся з’ехаць у Індыю. Пасля таго, як ён даведаўся, што яго дзядулю-святара саслалі ў Сібір і расстралялі, ён адмовіўся ад эміграцыі і стаў прадаўжальнікам справы свайго продка. Я лічу, што ён зрабіў правільны выбар.

– Напачатку гутаркі вы сказалі, што марылі стаць мараком. У пэўнай ступені ваша мара ажыццявілася: разам з гуртам “Троіца” вы пабывалі ў многіх краінах. Якія з іх вам найбольш запомніліся і якія абрады ўразілі?

– Вельмі спадабаліся музычныя краіны – Венгрыя і Іспанія. На жаль, на фестывалях не было магчымасці блізка пазнаёміцца з традыцыямі той ці іншай мясцовасці.

Калі браць паганскія традыцыі, то ўжо ніхто не ведае, як распальвалі вогнішча ці размаўлялі з вадой нашы продкі. Мне здаецца, што беларускі фальклор зашыфраваны і нам не дадзена адшукаць ключ. Мудрасць продкаў чалавеку не адкрыецца на заўтра ці праз тыдзень. Я займаюся фальклорам 34 гады і упэўнена магу сказаць, што спазнаў гэты багаты і вялікі сусвет толькі на некалькі працэнтаў.

– Ці прыйдзе той час, калі мы або нашы дзеці ці ўнукі ўсё ж такі адшукаюць гэты ключ?

– Думаю, не. У чалавека змяніліся адносіны да зямлі. Нашы продкі ўспрымалі яе, як жывую, называлі маці-зямелькай. А зараз у свеце пануюць іншыя каштоўнасці. За апошні час непазнавальна змяніліся і жыццёвыя арыенціры: нават маленькія дзеці залежаць ад камп’ютарных гульняў. Разрыў, які ўтварыўся паміж намі і нашымі продкамі, складана пераадолець.

– Але ж зараз, асабліва моладзь, вяртаецца да беларускай, мовы, традыцый. Тут варта ўзгадаць хоць бы “Спеўны сход”, на які разам збіраюцца паспяваць беларускія песні зусім розныя па ўзросце і сацыяльным статусе людзі. Ты я ж нацыянальныя матывы ўвайшлі ў моду, прыдумалі вышымайкі. Хоць, безумоўна, сакральнасць і той сэнс, якія даўней нёс кожны асобны ўзор, страціліся. Што гэта – павевы часу?

Для мяне гэта не модна. Але калі людзям так падабаецца, няхай робяць  – значыць, ім гэта зараз патрэбна. Ведаеце, гэта як татуіроўка – мы не ведаем, як і калі гэта спрацуе. Некалі я таксама хацеў зрабіць тату, але потым зразумеў, што мне гэта не патрэбна.

Нашы продкі нічога проста так не рабілі – кожны вышыты крыжык, кожны сімвал меў сэнс. На канцэрце, калі вы заўважылі, у мяне ёсць ручнік з выявай двух птушак, якія глядзяць адна на адну, – сімвал кахання. Падчас экспедыцый я бачыў дываны, дзе лебедзі глядзелі ў розныя бакі, – значыць, жанчына выйшла замуж за нелюбімага. Уяўляеце, цэлае людское жыццё часта было адлюстравана на адным палатне.

– Беларусы лічацца памяркоўнымі, цярплівымі, талерантнымі… Гэта так? І хто ж  мы такія?

– Беларусы – спеўная нацыя. Песня суправаджала чалавека ад нараджэння да смерці. Мне здаецца, менавіта гэтая музычная аўра дапамагала нашым продкам жыць у згодзе з сабой, людзьмі і светам.

У маладосці мы жывём імгненнямі – тут і зараз, не задумваемся, што пад намі знаходзіцца агромністы пласт дзядоў і прадзедаў, што праз некаторы час мы таксама станем продкамі. Вось толькі якімі і ці будуць нас ўспамінаць – залежыць ад нас саміх.

– Іван Іванавіч, дзякуй вялікі за размову!

Гутарыла Алена ГАНУЛІЧ, фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.троица 2 троица 3 троица 4 троица 5 троица 6 троица 7 троица 8




Текст:
Фото: Антон Мальшевский