Редакция газеты "Астравецкая праўда" выступила инициатором акции "500 книг - сельским библиотекам"

12:23 / 22.02.2017
библиотекаСёлета мы будзем адзначаць: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Мы не ведаем дакладна ні даты нараджэння Францыска Скарыны, ні дня яго смерці – але тое, што першая кніга – “Псалтыр” – была надрукавана ім у 1517 годзе ў Празе на старабеларускай мове – дакладна: аб гэтым сведчаць усе пісьмовыя крыніцы. Якія, да слова сказаць, і сталі такімі аўтарытэтнымі сведкамі ў многім дзякуючы “доктару медыцыны з Полацку” Францыску Скарыне.

…Злавіла сябе на даволі смелай думцы: мы ўсе – не толькі тыя, хто сябруе са словам ці для каго яно – рабочы інструмент, а ўвогуле усе адукаваныя людзі ў пэўным сэнсе -- нашчадкі Скарыны. Гэта дзякуючы яму мы сёння здабываем веды з кніг, газет, часопісаў, шматлікіх гаджэтаў – як каму зручней – і нават не задумваемся, што было першапрычынай і першакрыніцай. Так, сёння тымі ж літарамі, што некалі першадрукары выразалі з дрэва, каб пасля доўгага і працаёмкага працэсу надрукаваць імі кнігу – і несці веды, навуку, прагрэс у народ; з гэтых самых літар часам складваюць вельмі розныя словы, якімі, як вядома, можна і ўратаваць, і забіць… Але не слова і не кніга ў гэтым вінаваты – гэтаксама як не нож вінаваты, што ўчора ім адразалі лусту хлеба, а сёння -- забілі чалавека.

Юбілеі для таго і існуюць, каб іх неяк асабліва адзначыць. Безумоўна, і да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання будзе арганізавана шмат мерапрыемстваў, зроблена шэраг даследаванняў, выдадзены новыя кнігі. Ці ўсе з іх дойдуць да людзей – таго смага чытача, для якога і выдаецца кожная кніга?

Думалі пра гэта і супрацоўнікі “Астравецкай праўды” – усё ж мы таксама пэўным чынам маем дачыненне да юбілею кнігадрукавання. І падчас абмеркавання планаў на юбілейны для беларускай кнігі год узгадалася нядаўняя размова ў Варонскай сельскай бібліятэцы, калі яе загадчыца Марыя Станіславаўна Вішнеўская наракала, што дрэнна абнаўляецца кніжны фонд, пастаянныя чытачы ўсе прачыталі і перачыталі па некалькі разоў. Успомнілася, што пры гэтым практычна ў кожнага з нас ёсць хатняя бібліятэка, а ў ёй – што ўжо там хаваць! -- не толькі тыя кнігі, да якіх мы час ад часу вяртаемся -- за цытатай, настроем, ведамі, адчуваннямі, але і тыя, што аднойчы былі прачытаны (а некаторыя – нават не разгорнуты) – ды так і засталіся стаяць на паліцы. А між тым, можа менавіта гэтую кнігу шукае-чакае нейкі дапытлівы чытач – даўно ж вядома, што ў кожнага чытача – свая кніга, сустрэча з якой часам бывае лёсавызначальнай.

Вось так ўзнікла ў супрацоўнікаў рэдакцыі задума да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання правесці акцыю “500 кніг – сельскім бібліятэкам” – бо ёсць у нас падазрэнне, што не толькі ў Вароне чытачы прагнуць сустрэчы з новымі, яшчэ не чытанымі кнігамі.

Але пачаць мы вырашылі менавіта з Варонскай бібліятэкі: менавіта сюды на мінулым тыдні прывезлі больш сотні кніг з асабістых кнігазбораў супрацоўнікаў рэдакцыі: мастацкую, дзіцячую, даведачную, навукова-папулярную літаратуру, жаночыя і літаратурныя часопісы на рускай і беларускай мове (дарэчы, ёсць яшчэ шмат кніг на англійскай – каму перадаць?)

Марыя Станіславаўна Вішнеўская і чытачы, што сабраліся ў сельскай бібліятэцы, шчыра дзякавалі супрацоўнікам рэдакцыі за падарунак.

А акцыя працягваецца: у хуткім часе мы прывязем кнігі ў іншую сельскую бібліятэку. У якую менавіта – пакуль не вызначыліся.

Дарэчы, да гэтай акцыі могуць далучыцца і нашы чытачы: калі ў вас ёсць кнігі, якія вы хочаце і можаце перадаць бібліятэкам, -- зрабіце гэта. А калі вам зрабіць гэта складана, прынясіце ў рэдакцыю – і мы перададзім кнігі па прызначэнню.

Спадзяемся, што фонды сельскіх бібліятэк пасля гэтай акцыі істотна папоўняцца – і нават больш, чым на 500 кніг, стануць больш разнастайнымі.

І разам мы зробім добрую і карысную справу. Далучайцеся!

Ніна РЫБІК