Пакравы пакрываюць зямлю лістом, а дзеўку – чапцом

09:47 / 17.10.2018
Пакравы – менавіта так і ніяк інакш называлі мае бабулькі гэта свята. 
Пазней пачула іншыя назвы: Пакроў, Пакровы. 

У гады савецкага ваяўнічага атэізму мала хто пра яго згадваў. Толькі па старажытнай традыцыі праваслаўныя людзі сталага веку, якія яго памяталі, ад Пакравоў пачыналі адлічваць зімовы час. 

img130.jpg


Па народных прыкметах лічылася, што пасля 14 кастрыч­ніка зіма закрывае лета, а Бог запя­чатвае зямлю да вясны. Таму зямлю чапаць больш нельга, усе палявыя работы павінны былі быць завершаны яшчэ да Здзві­жання, а да Пакравоў увесь сабраны ўраджай павінен быць закрыты: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом».

Ад сваёй бабулькі я калісьці даведалася, што «накрыць дзеўку чапцом» не азначае «ўцяпліць» яе: слова «чапец» выкарыстоўваецца як вобраз замужжа, бо пакрытая галава здаўна была прыкметай замужняй жанчыны. Вясковыя дзяўчаты прасілі: «Пакровачка, мамачка, пакрый зямлю сняжком, а маю галоўку – платком».

original.jpeg

Ад Пакроваў і да Піліпаўскага посту пачынаўся час вяселляў, які называўся «Вялікая вясель­ніца». Ураджай быў сабраны, з асноўнымі гаспадарчымі клопатамі разабраліся, ёсць дастатак, няма посту. Напярэдадні Пакроваў звычайна хадзілі ў сваты, а праз некаторы час ладзілі вяселлі. Калі іншы раз я пыталася ў бабулі пра дзень яе вяселля, яна казала, што дзень не помніць, але замуж ішла, як усе прыстойныя дзяўчаты, пасля Пакроваў. Гаворачы так, яна рабіла націск на слова «прыстойныя» і пачынала далей успамінаць пра кірмашы, што таксама ладзіліся ў гэты час і былі надзвычай багатымі. Сяляне маглі прадаць частку ўраджаю, садавіну, гародніну і набыць неабходныя ў гаспадарцы і ў быце рэчы. Там жа ладзіліся танцы, гульні, дзякуючы якім хлопцы і дзяўчаты мелі магчымасць знаёміцца паміж сабой.

VX-OdZnP1dA.jpg

Як і на іншыя святы, на Пакравы сачылі за надвор’ем. Казалі, што калі да Пакроваў снег не пакрые зямлю, то і на Каляды яго не будзе. Якое надвор’е ў дзень Пакроваў, такое яно і будзе ўсю зіму да вясны. Калі ад Пакроваў да свята Усіх Святых краты зямлю точаць, то зіма будзе снежная і марозлівая. Калi жоравы адляцяць да Пакроваў – зiма будзе ранняя i халодная. Калi лiсце з дуба i бярозы на Пакровы ападзе чыста – да лёгкай, а не ападзе – да суровай зiмы.

Не перастаю дзівіц­ца і ат­рымліваць асалоду ад таго, як нашы продкі пры­ста­соўвалі хры­сціян­скія святы пад народны ка­ляндар, як творча выкарыстоўвалі сваю фантазію, веды, талент, ствараючы сапраўдныя шэ­дэўры фальклору. Колькі прымавак, прыказак, песень, абрадаў узнікала і перадавалася з вуснаў у вусны, пакуль не знаходзіўся які апантаны краязнаўца, што пачынаў іх занатоўваць і друкаваць.

Калі вярнуцца да першапачатковых хрысціянскіх крыніц, то свята Пакравы, ці Пакровы, было ўстаноўлена пасля цудоўнага з’яўлення Дзевы Марыі святому Андрэю і яго вучню Эпіфану ў Канстанцінопальскім храме падчас малебна за ўратаванне ста­ліцы Візантыі ад паганцаў, якія ўзялі горад у аблогу. Убачыўшы Прасвятую Багародзіцу, што ішла разам з Іаанам Хрысціцелем і Іаанам Багасловам па паветры, асветленая нябесным святлом, акружаная анёламі, набажэнцы разгледзелі ў гэтым добры знак. А Найсвяцейшая Багародзіца разгарнула белую хустку – амафор – над вернікамі. Заступніцтва дапамагло – горад быў уратаваны. Пакроў-амафор з таго часу лічыцца сімвалам апекі і заступніцтва Божай Маці над людзьмі.

Pokrov.jpg

Нездарма ў Беларусі, дзе большасць вернікаў праваслаўныя, з 1996 года і Дзень маці святкуецца менавіта на Пакравы. Надыходзячыя халады ў прыродзе не павінны ахаладзіць сэрцы і панаваць зімой у душах. Дзеля гэтага ёсць ратунак – матуліна любоў, пяшчота, дабрыня, сардэчнасць, бескарыслівасць. Як Святая Дзева захінае сваёй апекай вернікаў, так матуліна любоў ратуе нас у часы выпрабаванняў.

 Ала Страшынская.


Текст: Главный администратор