У Слуцку – усё па-людску!

10:16 / 14.01.2019
Доўгі час Астравецкі раён ганарыўся тым, што мы ці не адзіны рэгіён у Беларусі, дзе на рэгулярнай аснове праводзіцца раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях. 

Аказваецца, ужо не адзіны. Астравец­кую эстафету падхапіў Слуцк пасля таго, як райвыканкам там узначаліў выхадзец з Астравеччыны Андрэй Янчэўскі. Андрэй Уладзіслававіч, вялікі аматар інтэлектуальных гульняў, ігрок каманды «Зямляне» – на жаль, ужо былой, – вырашыў  у сваім  раёне ўкараніць інтэлектуальныя «забавы» для дарослых. Больш таго: сёлета там раённы чэмпіянат прайшоў ужо ў чацвёрты раз. На Калядны турнір, які падводзіў вынікі мінулага інтэлектуальнага года, запрасілі калег па гульні з Астравеччыны.

IMG_0725.jpg

На жаль, праходзіў ён вечарам напрыканцы звычайнага рабочага дня, і вырвацца змаглі нямногія. Калі канкрэтней, то толькі рэдакцыйны «Востраў шанцавання», удала дапоўнены капітанам «Гульняў розуму» Сяргеем Гаўрыловічам і іграком «Шасці чалавек» Андрэем Касцюком, які стаў да таго ж і транспартным спонсарам паездкі, за што яму асаблівая падзяка!

Тчэ, не забыўшыся, рука…
Апроч гульні гасцінныя гаспадары пазнаёмілі нас са сваім горадам – адной з калысак беларускай нацыянальнай і гістарычнай спадчыны. З моманту заснавання Слуцка – а першы ўспамін пра яго ў «Аповесці мінулых часоў» адносіцца да 1116 года – случчане беражліва захоўваюць памяць пра мінулае, свае здабыткі і традыцыі. 

IMG_0752.jpg

У гэтым мы пераканаліся падчас экс­курсіі, якую для супрацоўнікаў рэдак­цыі арганізавала намеснік началь­ніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама Алена Рахманава.
Падарожжа па ціхіх вулачках старой часткі горада, гісторыя Слуцка праз асобы Анастасіі Слуцкай і яе праўнучкі Сафіі Слуцкай, прызнанай праваслаўнай святой, і герояў  нашага часу, чые партрэты занесены на раённую дошку гонару, – вельмі шкада, што час быў абмежаваны. 

IMG_0734.jpg

IMG_0748.jpg

Наведаць Слуцк і не зайсці ў музей гісторыі слуцкіх паясоў, не пабачыць, як на адзіным у свеце станку зараз ткуць знакамітыя слуцкія паясы – гонар не толькі гэтага горада, але і ўсёй Беларусі, і свету – гэтага мы сабе дазволіць не маглі! Хоць гісторыя слуцкіх паясоў пачынаецца з 18 стагоддзя, сакрэт іх вырабу расшыфраваны і адноўлены толькі некалькі гадоў назад, дзякуючы дзяржаўнай праграме «Слуцкія паясы». І цяпер на адным з буйнейшых прадпрыемстваў мастацкіх промыслаў нашай краіны «Слуцкія паясы» арганізавана вытворчасць іх копій  і сувенірнай прадукцыі.  Убачыць гэты працэс можна,  набыўшы квіток у музеі гісторыі слуцкіх паясоў.

IMG_0812.jpg

Першая поўная копія арыгінальнага слуцкага пояса была ўручана Прэзідэнту нашай краіны і цяпер захоўваецца ў Палацы Незалежнасці. З таго часу на прадпрыемстве штогод у сярэднім вырабляецца каля 90 паясоў, якія, нягледзячы на тое, што каштуюць нятанна – ад 1 500 долараў у эквіваленце,  «раз’язджаюцца» па розных кутках краіны, блізкага і далёкага замежжа.
А вось пахваліцца сапраўд­ным старажытным слуцкім поясам музей гісторыі слуцкіх паясоў не можа: адзіны, выкуплены ў калекцыянера на грошы, сабраныя жыхарамі горада, захоўваецца у мясцовым краязнаўчым музеі!

IMG_0783.jpg

IMG_0780.jpg

IMG_0804.jpg


Слуцкія цікавосткі:

  • Анастасія Слуцкая на чале войска ста­ла на абарону горада і выратавала яго ад татар.
  • Сафія Слуцкая – адна з самых паважаных праваслаўных святых. 
  • Найбольшы ўклад у развіццё слуц­кай мануфактуры зрабіў Ян Мад­жар­скі.
  • Слуцкія паясы ткалі мужчыны – праца за станком была вельмі цяжкай. Жанчыны толькі наматвалі ніткі.
  • Сёння адноўлена тэхналогія вытворчасці 13 відаў слуцкіх паясоў.

IMG_0727.jpg

Астравецкія «яблыкі» – у слуцкім садзе
Сапраўднае задавальненне атрымалі мы і падчас Каляднага турніру, прычым сяму-таму нам, «ветэранам» інтэлектуальных гульняў, можна было павучыцца ў случчан.

Напрыклад, калі ў нашым раёне колькасць каманд-удзельнікаў раённага чэмпіянату пакрысе змяншаецца – на вялікі жаль! – то ў Слуцку мінулы год завяршылі 26 каманд, а сёлета збіраюцца яшчэ прыбавіць. Практычна ўсе прадпрыемствы і арганізацыі маюць   свае каманды інтэлектуалаў, некаторыя, як, да прыкладу, райвыканкам, цэнтральная раённая бальніца, раён электрычных сетак, –  і па дзве-тры. Напэўна, у гэтым ёсць пэўная заслуга старшыні райвыканкама Андрэя Янчэўскага, які арганізаваў чэмпіянат і цяпер, хоць і не гуляе сам, але па-ранейшаму надае інтэлектуальнаму руху вялікую ўвагу.

IMG_0818.jpg

Вось і на гэтым Калядным турніры ён увесь час быў са знатакамі, павіншаваў іх, узнагародзіў пераможцаў, «журыў». Нямала цёплых слоў прагучала і ў адрас «пасланцоў» малой радзімы – і, у сваю чаргу, ад іх –  свайму земляку, якім мы маем усе падставы ганарыцца.
У многім случчане «скапіравалі» вопыт арганізацыі інтэлектуальных гульняў у астраўчан: нават галоўныя прызы – «яблыкі азарэння» – у іх такія ж, як і ў нас.

Калядны турнір – яшчэ адна астравецкая традыцыя, якая прыжылася ў Слуцку, –  складаўся толькі з гульні «Што? Дзе? Калі?». 
Гулялася весела, разняволена, прыемна. Пераможцам у Слуцку ў чарговы раз стаў нязменны лідар – каманда раённай бальніцы «Гіпакрат». Астраўчане не сталі «крыўдзіць» гасціных гаспадароў, але і ў бруд тварам не ўпалі: дахаты вярнуліся з дыпломам і керамічнай савой ручной работы – такой яшчэ няма ў нашай рэдакцыйнай калекцыі.

Але галоўным вынікам гэтай паездкі можна лічыць тое, што мы дамовіліся сябраваць – гарадамі і сем’ямі, у тым ліку –  інтэлектуальнымі.

IMG_0849.jpg

IMG_0853.jpg


Алена ЯРАШЭВІЧ, Ніна РЫБІК.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.


Текст: Главный администратор