В Островце прошёл районный этап профсоюзного конкурса творчества трудовых коллективов "Новые имена Беларуси"

15:00 / 05.02.2016
выставка имена БеларусиПрыгажосць і выдумка, фантазія і арыгінальнасць, індывідуальнасць і творчасць, майстэрства і прафесіяналізм, грацыя і непаўторнасць у розных варыянтах і формах былі прадстаўлены на выставе мастацкага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва падчас раённага этапу прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016”. Паралельна праходзіў і конкурс вакалістаў, пра які мы раскажам ў бліжэйшым нумары.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пры падрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ўжо не ўпершыню праводзіць такія мерапрыемствы ў пошуках новых талентаў у розных галінах. І вынікі радуюць не толькі членаў журы, але і гледачоў. Выстава мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці таксама ўразіла ўсіх.
выставка имена Беларуси1Ды і як застацца раўнадушным, калі перад вачамі паўстае цэлай палітрай адценняў і фарбаў Гервяцкі касцёл Святой Тройцы? Гэта ж трэба так дакладна, далікатна і таленавіта перадаць фарбамі не толькі магутную прыгажосць гэтай святыні, але і непаўторную харызму і супакаенне, якое адчуваеш у яе сценах. А вось у майстра народных промыслаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці Аксаны Вакуліч гэта цудоўна атрымалася. Таксама ў яе выкананні былі прадстаўлены і малюнкі іншых храмаў Астравеччыны, выкананыя на драўляных яйках – прыгожа, цікава і арыгінальна.
І перад майстрамі саломапляцення я “здымаю капялюш” – колькі цярпення, вытрымкі, старання і часу трэба для таго, каб ствараць сапраўдныя шэдэўры са звычайнай саломы. А іх падчас выставы было прадстаўлена нямала. Прыгожы казачны куфар, заглянуўшы ў які, здаецца, можна трапіць у незвычайны таямнічы і чароўны свет, залатагрывы гарэзлівы конік і разнастайныя – абавязкова знойдзеш на свой густ – кампазіцыі з саламяных кветак – усё гэта створана ўмелымі рукамі майстра народных промыслаў Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці Алены Малышавай. Гарманічна дапаўняла выставу і прыгожая самаробная шкатулка разьбяра па дрэву Пятра Праўко.
А вось работы яшчэ аднаго канкурсанта, па-мойму, нават не трэба распісваць. Дастаткова толькі назваць прозвішча педагога Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валянціны Віннічак – і трапляеш у неверагоднае саламянае царства. Тут узыходзіць незвычайнае саламянае сонейка і казыча ўсіх пяшчотнымі вусікамі каласоў. Непадалёк жыве добры дзядзька Лесавік і гойсаюць па лугах няўрымслівыя коні. Пра творчасць таленавітага майстра можна расказваць доўга, але ўсё ж такі лепш убачыць. Шкада толькі, што па аб’ектыўных прычынах некаторыя вырабы Валянціны Вільеўны былі прадстаўлены на выставе па-за конкурсам – думаецца, шыкоўны саламяны конік і далікатныя, прыгожыя і модныя туфлікі-басаножкі дакладна абышлі бы многіх канкурэнтаў і ўразілі нават самае строгае журы.
Яшчэ адзін удзельнік ад Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – педагог Ала Зяленская – прадставіла свае карціны. На адных, дзякуючы майстэрскаму валоданню фарбамі, мастачка змагла паказаць, як з хуткасцю летняга ветрыку мяняе свой настрой прырода – то яна лагодная, то сумная, то ўзрушаная. Другія ж былі не намаляванымі, а выкананымі са скуры – арыгінальнае і своеасаблівае мастацтва.
выставка имена Беларуси2Лялькі... Усмешлівыя, мілыя, сонечныя і простыя. Не штучныя, ідэальныя Барбі з пульхнымі вуснамі ці суперсучасныя Вінкс, а сапраўдныя, зробленыя з тканіны. Яны пераносяць у дзяцінства, міжволі выклікаюць усмешку і дораць пазітыўныя эмоцыі. Менавіта такія лялькі робіць педагог Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Рынковіч.
Арыгінальнае і філасофскае бачанне простых вобразаў і з’яў перадалі ў сваіх малюнках педагогі Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Волчак і Марына Арлоўская.
Дзве карціны, якія на выставу прадставіла дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава, таксама на першы погляд здаліся мне намаляванымі. І толькі пры больш пільным разгляданні стала зразумела, што яны створаны не з дапамогай пэндзля, а іголкай і ніткамі. Як магчыма вышыць такую прыгажосць, перадаць драбнейшыя дэталі, адлюстраваць сутнасць ідэі? Адказ на гэтыя пытанні, напэўна, адзін: варта любіць тое, што ты ствараеш.
выставка имена Беларуси3Ацэньваць прадстаўленую на выставе прыгажосць і выбіраць лепшых сярод лепшых журы было, канешне, складана. У выніку дыпломы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі атрымалі ўсе ўдзельнікі, а дыпломамі пераможцаў раённага этапу прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2016” і каштоўнымі прызамі былі ўзнагароджаны Аксана Вакуліч, Наталля Ачарэтава і Алена Малышава. Іх работы будуць прадстаўлены на абласным этапе конкурсу.

------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.