Островчанка Мария Можейко признана народным мастером года

08:00 / 16.01.2016
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

У Гродне прайшло ўручэнне прэміі імя А.І. Дубко абласнога выканаўчага камітэта «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва». Прэмія ўручаецца з 1999 года, і за гэты час яе лаўрэатамі сталі амаль 200 самых таленавітых і крэатыўных жыхароў Гродзеншчыны.

Сёлета на ўрачыстасць адправілася і дэлегацыя Астравецкага раёна ў складзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталлі Уладзіміраўны Сянюць, дырэктара Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталлі Валер'еўны Літвін, загадчыцы аддзела культуры і адпачынку аграгарадка Рымдзюны Наталлі Аляксандраўны Бялячыц і народнага майстра Беларусі, жыхаркі вёскі Петрыкі Марыі Юльянаўны Мажэйка.
Урачыстае мерапрыемства складалася з некалькіх частак. Спачатку ў фае абласнога драматычнага тэатра былі арганізаваны творчыя выставы ўдзельнікаў цырымоніі. Сярод іх выдзялялася выстава народнага майстра Беларусі, 92-гадовай жыхаркі Астравеччыны Марыі Юльянаўны Мажэйка, на якой размясціліся саматканыя ручнікі і дываны, вязаныя сурвэткі, прыгожыя фотаздымкі з розных мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх была гэтая таленавітая жанчына, а таксама артыкулы са шматлікіх перыядычных выданняў і кніг, у якіх апісаны лёс і жыццё Марыі Юльянаўны.
А потым пачалася цырымонія падчас якой у розных намінацыях было ўзнагароджана 14 творчых, ініцыятыўных асоб з усёй вобласці. Сярод іх – і наша Марыя Юльянаўна Мажэйка.
Лаўрэатаў прэміі – лепшых майстроў культуры і мастацтва – павіншавалі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Васільевіч Краўцоў і ўдава Аляксандра Іосіфавіча Дубко – Эма.
OLYMPUS DIGITAL CAMERAНа сцэну Марыя Юльянаўна, якая і сёння з'яўляецца актыўнай удзельніцай усіх культурных мерапрыемстваў, што праходзяць на Астравеччыне, паднялася не толькі для таго, каб атрымаць прэмію з рук губернатара. Жанчына таксама падрыхтавала падарунак для Уладзіміра Васільевіча – саматканы абрус, які ён прыняў са словамі падзякі.
Гэтае мерапрыемства стала адным з першых і самых значных сярод тых, якія пройдуць у Год культуры на Гродзеншчыне. Наперадзе ўсіх чакае яшчэ шмат цікавых і важных падзей, сведкамі якіх станем усе мы – жыхары творчай і мірнай краіны.

-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА.