Островецкий дворик удивлял гостей областных "Дожинок" в Вороново

12:02 / 22.11.2016
OLYMPUS DIGITAL CAMERAКараваі на любы густ і смак, нацыянальныя беларускія стравы, прыгожыя, арыгінальныя вырабы з дрэва, высокія стройныя снапы, агароджа з яблыкаў, саламяныя ўпрыгожанні, выявы жывёл з сухой травы і многае іншае – падворак Астравецкага раёна на абласных “Дажынках” прывабліваў, здзіўляў і выклікаў захапленне ва ўдзельнікаў сельскагаспадарчага свята.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПадрыхтоўка да абласных “Дажынак” была ўскладзена на аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. І, як адзначыла яго начальнік Наталля Уладзіміраўна Сянюць, пры дапамозе і падтрымцы сельгаскааператываў, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, яны справіліся з гэтай задачай – і прадставілі Астравеччыну ў Воранаве годна і прыгожа.

Утульная драўляная хатка з СВК “Гервяты” на астравецкім падворку не проста запрашала ў госці, а вабіла-заманьвала арыгінальнасцю і разнастайнасцю афармлення. Дый і як можна было прайсці міма, калі ўжо здалёк было бачна, як падміргвалі чырванашчокія яблыкі на плоце, паблісквалі пульхнымі бакамі важкія караваі, спакушалі кандытарскія вырабы і казыталі нос неверагодныя духмяныя пахі, што даносіліся з гасціннай хаткі, – там праходзіла выстава нацыянальных страў. Усе прысмакі былі прадстаўлены сапраўднымі  кулінарнымі віртуозамі сельгаскааператываў і Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAАднак не толькі хлебам, але і разнастайнымі цікавымі відовішчамі парадаваў астравецкі падворак. І тут сваё важкае слова сказалі майстры аддзела рамёстваў і народнай культуры Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Шыкоўныя фігуры і ўпрыгожанні з саломы, вырабы з дрэва, выставы снапоў і кампазіцый з гародніны і фруктаў, сапраўдны “рог багацця” з лазы, гарэзлівыя жывёлы з сухой травы – ад разнастайнасці і арыгінальнасці разбягаліся вочы. Акрамя гэтага, дзякуючы спецыяльнай “фотасушцы”, тут можна было прасачыць за ходам жніва-2016 на Астравеччыне, а таксама атрымаць асалоду ад вясёлых і задорных песень народнага калектыву “Світанак”, які выступаў не толькі на падворку, але і на галоўнай сцэне.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПраходзілі на абласных “Дажынках” і культурна-спартыўныя спаборніцтвы, сярод якіх – вясёлая “Сельская эстафета “Церамок”. Асноўная яе “фішка” заключалася ў тым, што ўдзельнікі выступалі ў вобразах герояў вядомай казкі. І з гэтай задачай добра справілася дружная каманда маладых спецыялістаў з СВК “Гервяты”. Яна дастойна змагалася падчас усіх выпрабаванняў, але найлепшы вынік нашы артысты-спартсмены прадэманстравалі ў боўлінгу – тут гервятцы занялі першае месца.

У выніку абласная ўрачыстасць прайшла для астраўчан цікава і насычана. Аднак гэта быў толькі пачатак, бо ўжо назаўтра свята прадоўжылася – на гэты раз культурныя работнікі радавалі гледачоў “хлебам і відовішчамі” ўжо на раённых “Дажынках”.

 На абласных спаборніцтвах жывёлаводаў першае месца аддадзена звяну аператараў машыннага даення з СВК “Гудагай” МТК “Германішкі” ў складзе Ніны Іосіфаўны Сальмановіч, Ванды Уладзіміраўны Ягоравай, Алены Георгіеўны Ельяшэвіч, Ірыны Эдвардаўны Свіла.

Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджаны старшыня КСУП “Міхалішкі” Аляксандр Іванавіч Чаплінскі.

 Юбілейны медаль “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” атрымаў трактарыст-машыніст СВК “Гудагай” Віталь Віктаравіч Мілэйша.

Падзякай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджаны ветэрынарны ўрач-гінеколаг СВК “Гудагай” Анатоль Генрыхавіч Сільвановіч.

Граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта адзначана жывёлавод па даглядзе за маладняком СВК “Гервяты” Данута Іосіфаўна Жукоўская.

Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА.