Надежда Войтехович: она танцует, поёт, вдохновляет...

10:11 / 09.10.2016
%d0%bd%d0%b0%d0%b4%d0%b5%d0%b6%d0%b4%d0%b0-%d0%b2%d0%be%d0%b9%d1%82%d0%b5%d1%85%d0%be%d0%b2%d0%b8%d1%87Існуе меркаванне, што чалавек сам стварае свой лёс. І кожны выбар, паварот, змены ў жыццёвай плыні – гэта яго свядомае і ўзважанае рашэнне. З іншага боку, народная мудрасць сцвярджае, што чалавек толькі мяркуе, а яго будучыняй распараджаюцца нябёсы.

Загадчыца аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Міхалішкі Надзея Іванаўна Вайцяховіч да гэтага часу не можа растлумачыць, што або хто падштурхнула яе ў адзін момант адмовіцца ад задуманага і зрабіць крок у іншым накірунку, які стаў яе лёсам і жыццём.

Любоў да песні Надзея, напэўна, увабрала з малаком маці. З ранняга дзяцінства дзяўчынка назірала і слухала, як на сямейных святах спяваюць мама і тата, дзядуля і бабуля – у іх вялікай і дружнай сям’і спявалі ўсе. І яна вырашыла не адставаць ад родных і спачатку ціхенька, а затым усё больш смела і ўпэўнена пачала ім падпяваць. Талент і старанне не засталіся без увагі – хутка дзяўчынка падчас сямейных канцэртаў ужо выконвала на табурэтцы сольныя нумары.

– Музычнай адукацыі, вядома, ні ў каго з родных не было, – расказвае Надзея Іванаўна. – Мама працавала загадчыцай на ферме, а тата – шафёрам у калгасе. А дома – нас чацвёра дзяцей. І тым не менш, штодзённыя клопаты не перашкаджалі ім ісці па жыцці з песняй. Памятаю, збіраемся ўсе разам у дзядулі, а нас шмат, бо ў яго было шасцёра дзяцей, і ўсе чакаюць, пакуль Тарэса, мая мама, пачне спяваць. А затым і астатнія падхопліваюць і пачынаюць падпяваць. Хораша, весела, дружна!

Зразумела, падхапіла сямейнае захапленне і Надзея. У школе хутка заўважылі яе музычныя здольнасці і дзяўчынка стала актыўнай удзельніцай шматлікіх канцэртаў і конкурсаў. Якраз у гэты час у Міхалішках пачала дзейнічаць музычная школа – і Надзея пайшла туды асвойваць акардэон.

– Не ведаю чаму, але мне вельмі захацелася навучыцца іграць менавіта на гэтым музычным інструменце, – успамінае дзяўчына. – Старэйшая сястра, з якой у нас толькі год розніцы, займалася там на баяне, а я ўперлася “рогам”: акардэон – і ўсё тут! І бацькі вымушаны былі саступіць – у выніку дома ў нас быў і баян, і акардэон. Бывала збяром усю сваю музычную апаратуру, загрузім у машыну – і едзем у госці да дзядулі. Якія канцэрты мы там з сястрой ладзілі – чула, напэўна, уся ваколіца. А слухачы нахвальваюць ды ў далоні пляскаюць. А мы, радасныя, яшчэ больш стараемся.

Хоць спявала Надзея добра і іграла, але звязваць з музычнай дзейнасцю будучую прафесію не збіралася. Тады яна цвёрда вырашыла, што хоча быць медыкам, і ў гэтым была ўпэўнена да пэўнага моманту.

– Нас у сям’і чацвёра: тры сястры і малодшы брат, – працягвае Надзея Іванаўна. – Я – трэцяя па ліку. І калі я яшчэ хадзіла ў школу, самая старэйшая з нас ужо вучылася на фельчара. І я таксама вырашыла пайсці ў медыцыну. А ў 9 класе да нас у школу прыехала тагачасная начальніца раённага аддзела культуры Данута Францаўна Чарнушэвіч – і так яна хораша расказвала пра цікавую работу культработнікаў, з такім шчырым задорам запрашала папоўніць іх рады, што я за пяць хвілін перакрэсліла ўсе свае планы і, прыйшоўшы дадому, паставіла родных перад фактам – буду паступаць на работніка культуры. Канешне, яны былі ў шоку. Мама спачатку не хацела прымаць мой выбар. Таму пасля 9 класа паступаць у Гродзенскае вучылішча мастацтваў мы паехалі з татам.

За гады вучобы дзяўчына ні разу не пашкадавала аб зробленым выбары. Яе акружалі такія ж, як і яна, творчыя, неардынарныя, таленавітыя і няўрымслівыя людзі. Яны ўдзельнічалі ў канцэртах, а вядомыя артысты, у сваю чаргу, з паказальнымі нумарамі прыязджалі выступаць да іх. Жыццё “культурных” студэнтаў віравала і грала рознакаляровымі фарбамі. Алн вельмі хутка праляцела, саступіўшы месца першай самастойнай працоўнай дзейнасці.

– Працаваць вярнулася на Астравеччыну. Прапанавалі на выбар тры месцы: Падольскі, Альхоўскі і Рытанскі Дамы культуры. Я выбрала Падольцы. Два гады была там мастацкім кіраўніком. А затым выйшла замуж, пайшла ў дэкрэтны адпачынак. За гэты час з’явілася вакансія ў родным Міхалішкаўскім клубе – і я перайшла сюды. Канешне, не ўсё адразу атрымлівалася, але вопыт з’яўляецца вынікам спроб і памылак. Разам з калегамі мы стараемся прыдумаць для нашых аднавяскоўцаў цікавыя мерапрыемствы, выязджаем з канцэртамі ў іншыя Дамы культуры, запрашаем гасцей да нас. Цесна супрацоўнічаем са школай, бібліятэкай, музычнай школай – разам мы робім адну справу. А яшчэ хачу падзякаваць усім жыхарам вёскі, якія, хоць і не працуюць у культуры, але актыўна ўдзельнічаюць у нашых агульных мерапрыемствах і заўсёды прыйдуць на дапамогу. Прыемна, што такіх людзей у Міхалішках нямала.

У наступным годзе Надзея Іванаўна адзначыць дваццацігадовы юбілей работы ў культурнай сферы. Яна танцуе і спявае, арганізоўвае і натхняе, а калі патрэбна – і Бабу Ягу на сцэне сыграе. А яшчэ жанчына – любячая жонка і маці траіх дзяцей.

– Сям’я ў мяне таксама творчая, – з усмешкай адзначае жанчына. Старэйшая дачка спявае, малодшыя хлопцы ходзяць у тэатральны гурток, а муж – наша апора, падтрымка, а часам – і першы глядач самадзейных нумароў. Аднойчы мы нават удзельнічалі ў абласным конкурсе шматдзетных сем’яў – праўда, нічога не занялі, але задавальненне атрымалі. Вось так жывём і працуем – адной вялікай і дружнай “культурнай” сям’ёй.

Марына МАЦКЕВІЧ.