Юные островчане продемонстрировали свои музыкальные таланты
16:00 / 06.02.2016
Сёлета ўдзельнікамі гэтага папулярнага конкурсу сярод школьнікаў сталі 38 самых музычна адораных дзяцей. Кожны з іх мог паказаць сябе ў сольным і групавым выкананні песні, тэатральнай творчасці і танцах.
На працягу трох гадзін дзеці дэманстравалі свае таленты, а журы, у склад якога ўвайшлі намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алеся Кашко, галоўны спецыяліст гэтага аддзела Вольга Дэмбоўская, дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вераніка Кумішча, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Куцько і пераможца раённага конкурсу «Народны артыст Астравеччыны» Вікторыя Касцюк, уважліва ўсіх выслухоўвала і выстаўляла балы – менавіта па іх найбольшай колькасці і вызначалі пераможцаў.
Першымі на сцэну выходзілі маленькія салісты. Васьмігадовая Ксенія Махнач з Гервяцкай школы з'явілася на сцэне ў прыгожай сукенцы з моднай прычоскай. У песні дзяўчынка расказала, што хоча быць спявачкай – і, калі яна прыкладзе пэўныя намаганні, у яе ўсё можа атрымацца. Вікторыя Дзянісава з СШ №2 на сцэну таксама выйшла ўпэўнена і артыстычна і весела праспявала пра рускую зіму. Пяшчотай і дабрынёй веяла ад песні, якую выканала Анжаліка Слычко з Кямелішкаўскага НПК.
Удзельнікаў у катэгорыі 11-14 гадоў было крыху больш. У вышыванай сарочцы выйшаў на сцэну Павел Сафронаў з СШ №1. Яго сольная кампазіцыя «Жураўлі на Палессе ляцяць» з самага пачатку загучала мілагучна і прыветна. У нацыяналым адзенні спявала і Вікторыя Шылько з Падольскага НПК. Весела і задорна яна заклікала ўсіх усміхацца разам з ёй. Пра любімую забаву дзяцей – гульню з паветранымі шарамі – спявала Даяна Юркойць з Варнянскага НПК. Праўда, сэнс песні быў крыху глыбейшы – 11-гадовую дзяўчынку цікавіў лёс усяго зямнога шара.
З Косцем Юргелянцам з Рытанскага НПК па журналісцкіх публікацыях знаёма з той пары, калі ён вучыўся ў пачатковай школе. Ужо тады хлопец з жаданнем выходзіў на сцэну – і на раённым фестывалі ён здорава выканаў песню «Дзяцінства». Маленькая міні-міс Астраўца Алёна Івашка ўжо падрасла – і на гэты раз на сцэне з'явілася прыгожая дзяўчына, якая выступала за Цэнтр творчасці і прадэманстравала добры моцны вакал.
Старэйшую групу салістаў прадставілі ажно 9 выканаўцаў. Іх рэпертуар крыху адрозніваўся ад папярэдніх нумароў. Так, Марыя Анімуцкая з СШ №2 выканала песню «Марак», а сама паўстала на сцэне ў вобразе марачкі. Алеся Грынцэвіч з Альхоўскай школы цудоўна ўжылася ў вобраз Юліі Праскураковай і выканала песню «Голас» – атрымалася адначасова трагічна і пранікнёна. Ажно тры ўдзельнікі прадстаўлялі Міхалішкаўскую школу. Ліза Гразнова сваё выступленне прысвяціла роднай краіне і праспявала-пражыла на сцэне цэлае жыццё. Максім Гаравы выканаў песню «Аднакласніца». І ўсе тыя, хто шмат гадоў назад закончыў школу, змаглі акунуцца ў шчаслівае школьнае жыццё і ўспомніць аднакласнікаў і сваё першае каханне. Меладычна і душэўна праспявала «Вальс» Вольга Бернюкевіч – яе вступленне таксама было актуальным, асабліва для будучых выпускнікоў. Пра цёплыя матуліны рукі і пра тое, што часта дзеці не заўважаюць і не разумеюць матуліну любоў, спявала Анжаліка Масойць з Варнянскай школы. Марыя Анімуцкая з песняй «Маці-зямля» абараняла гонар Цэнтра творчасці. На гэты раз дзяўчына спявала пра неспакойныя часы, калі мы ў спешцы не заўважаем прыгажосці роднай зямлі. Пра Беларусь спявала і Вераніка Сідарава з Падольскага НПК. А Ганна Пазлевіч, якая прадстаўляла Цэнтр творчасці, выканала «Кукушку» – ды так, што перад вачыма паўсталі кадры з кінафільна «Бітва за Севастопаль».
У намінацыі «Тэатральная творчасць» удзельнікаў было няшмат. Эмілія Мізула з Мальскага НПК разважала, у каго можна закахацца: у Віцьку, Славу, Дзіму, Косцю, Сярожу – словам, дзяўчынка расказала пра тое, як складана выбраць ідэал у дзевяць гадоў. Пра вернасць каханню, якому падуладна ўсё, акрамя часу, расказала вучаніца СШ №2 Ганна Пятровіч. Школьніцы з Кямелішак Віка Етка і Анжаліка Шостак прачыталі гісторыю кахання мароза і прыгожай ружы. А Валерыя Рогач з СШ №2 разважала пра жыццё. Фразу, што жыццё – гульня, ведаюць многія, і не- каторыя прымяняюць яе ў жыцці штодзень, змяняючы пры гэтым маскі. Вікторыя прымусіла ўсіх паверыць, што так рабіць нельга.
Мала ўдзельнікаў было і ў намінацыі «Малая вакальная ансамблевая група». Снежныя «разборкі» ўстроілі на сцэне Вікторыя Дзянісава і Раман Віткевіч з СШ №2 і сваім выкананнем пакарылі журы. Вясёлую дзіцячую песенку пра «Бібіку» выканалі Вікторыя Іванцэвіч і Ангеліна Лазан з Кямелішкаўскага НПК. Пра родны край, у якім і неба лепшае, і песні, спявалі школьніцы з Гудагая – Каця Маргуж, Анжаліка Гурштын і Яна Алёкса. Кірыл Малышка і Руслан Пупал з СШ №2 спрабавалі ўпэўніць журы, што ім усё «па барабану». А Алёна Івашка і Дар'я Касянкова з гімназіі №1 спявалі пра «атамны мір». Пра мары і шчасце ў песні расказалі Вікторыя Клімовіч і Марыя Анімуцкая, старшакласніцы з СШ №2. Усміхацца ўсіх заклікалі школьніцы з Гервят Анастасія Ядзевіч, Вольга Урбановіч і Яна Шаблавіскайце. А дуэт дзяўчат з Альхоўкі – Ксенія Кімса і Вольга Лазарэвіч – спяваў пра любоў да роднай краіны. І малітва дзяўчат за Беларусь была горача прынята гледачамі.
Танцавальныя намінацыі былі найбольш складанымі. Калі з музычнымі кіраўнікамі ў школах праблем не ўзнікае, то з харэографамі – у тым плане, што такой пасады ў школах проста няма, – яны існуюць амаль ва ўсіх установах.
У намінацыі «Сучасны эстрадны танец» дзеці з сярэдніх школ №1 і №2, Варнянскага і Кямелішкаўскага НПК, Міхалішкаўскай школы дэманстравалі сучасныя рухі і рытмы, але хацелася чагосьці большага. І выключэннем сталі танцы «Марыянеткі», які прадставілі выхаванцы Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, і юнакоў з СШ №1. У народна-сцэнічным танцы весела і задорна пратанцавалі кадрыль школьнікі з Міхалішак, крыху не хапала смеласці танцорам з Рытані. Школьнікі з Кямелішак прадставілі «Ча-ча-ча» – яны былі адзінымі ў «бальнай» намінацыі.
У выніку журы неабходна было падлічыць балы і выбраць пераможцаў. Такімі ў намінацыі «Саліст» аказаліся Вікторыя Дзянісава з СШ №2, Алёна Івашка, Марыя Анімуцкая і Ганна Пазлевіч (Цэнтр творчасці). Перамогу ў тэатральнай намінацыі журы прысудзіла Эміліі Мізула з Мальскага НПК і Ганне Пятровіч з СШ №2. Сярод вакальных груп першае месца было прысуджана дуэту Вікторыі Дзянісавай і Рамана Віткевіча з СШ №2, гімназісткам Алёне Івашка і Дар'і Касянковай, а таксама Ксеніі Кімса і Вользе Лазарэвіч з Альхоўскай школы. Перамога ў танцавальных намінацыях была прысуджана танцорам з СШ №1 і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Менавіта гэтыя «музычныя» юнакі і дзяўчаты прадставяць наш раён на наступным этапе конкурсу «Таленты Прынямоння».
--------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.