В библиотеке прописался клуб

10:00 / 31.01.2016
У бібліятэцы прапісаўся клуб фото 04Стасункі з аднагодкамі заўсёды займалі важнае месца ў жыцці людзей сталага ўзросту, гэта і зараз становіцца выратаваннем ад адзіноты, дапамагае забыцца пра сваю бездапаможнасць, нясе станоўчыя эмоцыі.
Трэці год пры раённай бібліятэцы працуе клуб «Актыўнае даўгалецце», які аб'ядноўвае людзей «залатога ўзросту» з розным узроўнем адукацыі, рознымі захапленнямі і інтарэсамі, але аднолькавым жаданнем – сустракацца і мець цікавыя зносіны.

Сёння «Актыўнае даўгалецце» – дружны, згуртаваны калектыў, які аб'яднаў пенсіянераў розных узростаў – тых, хто нядаўна выйшаў на пенсію, і тых, каму ўжо пад 80. Але ўсе яны поўныя энергіі, аптымізму, маладыя душой. Яны прыходзяць на пасяджэнні клуба адпачыць ад жыццёвых нягод, успомніць мінулае, падзяліцца сваім меркаваннем, даведацца нешта новае і проста пагутарыць. Ім падабаецца ўдзельнічаць у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў, разважаць, абменьвацца меркаваннямі і знаходзіць аднадумцаў. Для нашых чытачоў-пенсіянераў клуб – месца не толькі правядзення вольнага часу, але і духоўных зносін. Члены клуба стараюцца «трымаць руку на пульсе часу», ім усё цікава. Разам яны адзначаюць святы, прыдумваюць і арганізоўваюць самыя розныя конкурсы, падарожнічаюць, праводзяць мерапрыемствы.
У бібліятэцы прапісаўся клуб фото 01У нас з'явіліся свае традыцыі, сярод якіх упрыгожванне ёлкі ў стылі рэтра. Першы год яе ўпрыгожылі самаробнымі цацкамі, у мінулым годзе прыбралі навагоднімі паштоўкамі былых часоў. Адметнай была ёлка сёлетняя, бо яе ўпрыгожылі звязаныя і вышываныя цацкі нашых умеліц Наталлі Пятроўны Зубенка, Святланы Іванаўны Мешкіс. Каля гэтай ёлкі адбыліся дзве святочныя калядныя сустрэчы, на адну з якіх запрасілі Ірыну Баляславаўну Шляхтун, якая паказала майстар-клас па вышыванню стужкамі і стварэнню тапіарыяў, падсвечнікаў. “Для чалавека, які захаваў здольнасць здзіўляцца, сыход на пенсію можа быць прыемным момантам яго жыцця. У сябе дома, у сваім садзе ён можа, нарэшце, заняцца любімымі справамі,” – падзялілася меркаваннем Ірына Баляславаўна.
А яшчэ ў нашага клуба з’явіўся свой талісман года – малпачка Банана, якую з любоўю змайстравала Любоў Аляксееўна Падалянчык, а Ванда Міхайлаўна Аўлас напісала для яго верш. Хочацца пажадаць усім нашым удзельнікам моцнага здароўя, а нястомнаму арганізатару і вядучай “золатаўзроставых” сустрэч Дануце Францаўне Чарнушэвіч ажыццяўлення ўсіх задумак.

-------------------------
Вольга ПІНЧУК, кіраўнік клуба “Актыўнае даўгалецце”.