Рэдакцыя аб’яўляе конкурс перадсвяточных відэаролікаў

14:37 / 22.12.2017
Прадчуванне свята, як і прадчуванне кахання, – мацней самога кахання, гэта вам пацвердзіць кожны, хто зведаў гэтае невытлумачальнае пачуццё. Першыя агеньчыкі гірляндаў, што загараюцца ў вокнах, рознакаляровая мішура, выцінанкі на вокнах – яны міжволі абуджаюць у душы радасць, надзею, веру ў цуды…

А ўпрыгожванне ёлкі і дома да навагодніх святаў? Гэта ж цэлае дзейства! У кватэры з’яўляецца зялёная прыгажуня, якая займае пачэснае месца ў галоўным пакоі… Тата ці мама дастаюць скрынку з ёлачнымі цацкамі, гірляндамі, мішурой – а дзеці круцяцца побач, імкнучыся дапамагчы… І паступова, адзін за другім, шкляныя шарыкі, шышкі, вавёркі і зайчыкі, «пераскочыўшы» некалькі разоў з адной лапкі на другую, займаюць-такі прызначанае для іх месца. Пад ёлкай пасяляюцца Дзед Мароз са Снягуркай – і запальваецца гірлянда!

Стоп! А чаму мы расказваем пра ўсё гэта? Упэўнены: вы і самі можаце гэта цудоўна зрабіць: не толькі адчуць святочны настрой, але і падзяліцца з іншымі – нашымі чытачамі і гледачамі.
mota_ru_0123010.jpg
Сёння зняць відэаролік можа кожны, у каго ёсць гаджэт – а ёсць яны амаль ва ўсіх. Вось мы і прапануем вам гэта зрабіць – і затым даслаць сваю «відэасправаздачу» ці спасылку на яе –  аб тым, як вы ўпрыгожвалі навагоднюю ёлку, свой дом ці кватэру, на электронную пошту рэдакцыі. Адна ўмова: ваш відэафільм павінен доўжыцца не больш трох хвілін і быць адпаведнай якасці.
Абяцаем: лепшыя відэаролікі будуць змешчаны на сайце нашай газеты і на яе старонках у сацыяльных сетках. А самы-самы лепшы атрымае прыз ад рэдакцыі.

Падзяліцеся з намі, чытачамі і гледачамі сваім навагоднім настроем – нездарма ж кажуць, што раздзеленая радасць прымнажаецца шматразова!

Текст: Главный администратор