Як умацаваць здароўе школьніка – абмеркавалі на семінары з удзелам замежных гасцей

10:59 / 24.05.2019
З 2015 года на Астравеччыне рэалізуецца праект «Астравец – здаровы горад». 

Сярод устаноў адукацыі, якія далучыліся да яго ажыццяўлення, асобнае месца займае гімназія № 1. Некалькі гадоў запар тут працуюць па праграме «Школа, якая садзейнічае ўмацаванню здароўя».

Што за гэтыя гады зроблена ў школе і якія планы на будучыню – аб гэтым і многім іншым гаварылі падчас семінара па здароваму ладу жыцця, які сабраў настаўнікаў пачатковых класаў.   

DSCN4372.jpg


Падзяліцца вопытам па фарміраванню здаровага ладу жыцця, зберажэнню і ўмацаванню здароўя  школьнікаў змаглі не толькі настаўнікі раёна, але і выкладчыкі педагагічнага каледжа з Вільнюса  Казя Вербіскене, Генуце Станкунайце, галоўны санітарны ўрач Астравецкага  раёна Ёнас Таль, метадыст аддзела адукацыі Алена  Парфіяновіч.

Напачатку сустрэчы  ўдзельнікаў  семінара запрасілі ў зімні сад, дзе вучні расказалі пра паходжанне кветак і іх ролю для здароўя чалавека, пасля  госці школы зазірнулі ў кабінет харэаграфіі – на  факультатыве, які выкладае Алена  Власенка,  займаецца 114 навучэнцаў пачатковых класаў. 

Госці гімназіі атрымалі задавальненне ад чэрлідынгу – танца ў спартыўным стылі. Нікога не пакінуў раўнадушным і англійскі  дворык каля кабінета замежнай мовы. Тут вучні на перапынках не толькі  адпачываюць, але і могуць  даведацца новыя факты  пра Англію – у акенцы змяшчаецца інфармацыя.

Чакалі ўдзельнікаў семінара на міні-ўроках, дзе ім расказалі пра выкарыстанне  ЛЕГА-канструктара,  з  дапамогай якога  можна развіваць памяць, увагу, творчыя здольнасці, дробную маторыку. 

З рэалізацыяй праекта «Астравец – здаро­вы горад» на раённым уз­роў­ні пазнаёміў удзельнікаў семі­на­ра галоўны санітарны ўрач раёна. За га­ды ажыццяўлення праекта зроблена мно­гае. І галоўнае, што ёсць станоўчыя вынікі. 

Словы дырэктара гімназіі Алены Севасць­ян, якая  расказала аб рабоце па ўмацаванні здароўя вучняў, пацвердзілі школьнікі-пачаткоўцы, якія прадэманстравалі свае партфоліа, а таксама іх настаўнікі, якія падзяліліся  вопытам па фарміраванні ў дзяцей правільнай асанкі, загартоўванні арганізма, захаванні зроку. 

DSCN4419.jpg


Пра стратэгію  развіцця кампетэнцый прыродазнаўства і здароўя ў пачатковай школе расказалі  і літоўскія педагогі. Яны таксама адзначылі  высокую падрыхтоўку  астравецкіх калег да правядзення семінара і станоўча ацанілі іх работу.

Таццяна  КАЗАК,
намеснік дырэктара 

па вучэбнай рабоце гімназіі № 1.



Текст: Главный администратор