Проглотит ли Россия Беларусь?

09:19 / 07.03.2019
1548
Напрыканцы мінулага тыдня бадай што самым абмяркоўваемым пытаннем у сродках масавай інфармацыі, на кухнях і ў офісах была больш чым сямігадзінная шчырая і адкрытая размова Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лука­шэнкі з журналістамі і грамадскасцю.

000019_1551445853_338544_big.jpg

Хто што чакаў пачуць, прыпаўшы да экрана падчас прамога эфіру, ці пазней – у газетных радках і тэлевізійных рэпартажах, прысвечаных гэтай падзеі: хто – прагноз на развіццё эканомікі, хто – заяў аб адно­сінах з Расіяй, хто – ацэнкі ўкраінскіх падзей, хто – падтрымкі беларускай мовы, хто – праграму дапамогі шматдзетным сем’ям, хто – дату прэзідэнцкіх выбараў… І, думаю, кожны знайшоў адказы на свае пытанні, а задаволілі яны ці не – гэта ўжо, як кажуць, тэма зусім іншай размовы.
Мяне ж, прызнаюся, больш за ўсё цікавіла пытанне беларускага суверэнітэту. І гэтаму была прычына. Апошнім часам то там, то тут, больш ці менш гучна, гавораць, што вось-вось Беларусь увойдзе ў склад Расіі – і тады… Ацэнкі таго, што будзе «тады», таксама розныя: нехта лічыць, што зажывём, як у раі, іншы – што будзе, як у пекле… 
Мае спробы аспрэчыць перакананні сваіх юных і не вельмі апанентаў, пачэрпнутых з невядомых крыніц, выклікалі толькі паблажлівую ўсмешку: маўляў, такая вялікая, а ў казкі верыш! І мне вельмі хацелася пачуць, што скажа пра гэта кіраўнік дзяржавы – а ў тым, што гэтае пытанне будзе тым ці іншым чынам закранута падчас вялікай размовы з Прэзідэнтам, я не сумнявалася.
І я пачула тое, што хацела. Калі канкрэтна, то вось гэта:
«Калі сёння ў Беларусі вынесці на рэферэндум пытанне аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў і, як многія ў Расіі гавораць, уключэнні Беларусі ў склад Расіі, 98% прагаласуюць супраць. Не таму, што ў нас грамадства настроена супраць Расіі. Выраслі новыя пакаленні, і старыя зразумелі, што мы можам жыць і супрацоўнічаць у абсалютна іншай форме – як родныя, як блізкія. Што ў гэтым дрэннага? Я думаю, гэтым шляхам трэба ісці».
Гэта – прамая, канкрэтная цытата з выказвання кіраўніка дзяржавы, а не інтэпрэтацыя нечага  некім недзе пачутага і пераказанага.
…Канешне, адносіны да суверэнітэту і незалежнасці ў беларусаў крыху іншыя, чым у тых краінах, дзе яго адстойвалі са зброяй у руках. Старонкі гісторыі сведчаць, што да 1991 года Беларусь была ад некага залежная – калі не дэ-юрэ, то дэ-факта. Нам незалежнасць дасталася, можна сказаць, без асаблівых высілкаў, «за кампанію» з іншымі рэспублікамі Савецкага Саюза, калі «калос на гліняных нагах» разваліўся. І адносіны да гэтай, невядома адкуль і навошта ўзніклай, незалежнасці былі адпаведныя: яшчэ доўга ўсе настальгіравалі, успамінаючы, як добра жылося тады, і люляючы мары, што некалі ўсё вернецца.
Але ўжо мінулі гады і дзесяцігоддзі. Выраслі новыя пакаленні, які не ведалі Савецкага Саюза. І для якіх Украіна і Расія – ужо замежжа, хоць і блізкае, і бязвізавае. А Літва, у якую, бацькі расказваюць, ездзілі за каўбасой, – увогуле Еўрасаюз.
Ды і старэйшае пакаленне з цягам часу прыйшло да высновы, што «ў таго, хто не шкадуе пра мінулае, няма сэрца, а хто хоча ўсё вярнуць, – няма галавы».
І паступова прыйшло разуменне, што ў нас ёсць свой дом – можа, не такі вялікі, багаты, стыльны, як у братоў ці суседзяў  – але свой! І нам у ім жыць.
Так, Беларусь невялікая краіна, у якой няма расійскіх бяздонных нетраў, украінскіх чарназёмаў, на якіх нават забіты кол здольны зазелянець, няма мора, няма (дзякуй Богу!) ядзернай зброі. Яе ніхто не баіцца – але нам гэтага і не трэба. Тых, каго баяцца, – ненавідзяць, а тых, хто нікому не пагражае і хто жыве сваім розумам, – паважаюць. Як па мне, то хай лепш паважаюць, чым баяцца.
Такіх краін шмат на карце свету – многія нават меншыя за Беларусь і не маюць такога выгаднага геаграфічнага становішча і іншых нашых пераваг –  і гэта не перашкаджае ім жыць сваім розумам. І Беларусь ужо неаднойчы пацвердзіла, што, купляючы за мяжой многае, што ў нас не расце і не здабываецца з зямлі, розумам мы, тым не менш, абыходзімся сваім. А калі каму не хапае, то можам нават пазычыць.
У тым ліку і тым, хто лічыць нашу талерантнасць і памяркоўнасць слабасцю, прыкідваючы, калі ж вялі­кая і магутная суседка праглыне маленькую і неваяўнічую Беларусь.
Паглядзеўшы «Адкрытую размову з Прэзідэнтам», я з палёгкай удыхнула: не праглыне! 
Па-першае, Аляксандр Рыгоравіч запэўніў, што сама Расія і яе Прэзідэнт не маюць такіх намераў. А, па-другое, калі б і мелі, то – не здолеюць. Бо гады суверэнітэту ўпэўнілі нават памяркоўных беларусаў: з суседзямі трэба сябраваць – а жыць лепш у сваёй хаце, сваёй сям’ёй. 
Нездарма ж кажуць у народзе: «У гасцях – каша, а дома – кулеш, ды дома – лепш».

Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений