Работа шукае чалавека, а той – хаваецца

13:00 / 12.02.2019
1428
Як ужо паведамлялася, у спісы грамадзян, не занятых у эканоміцы, уключана  966 жыхароў нашага раёна. Члены раённай камісіі сустрэліся амаль што з кожным з іх, з некаторымі – не па аднаму разу: цікавіліся, чаму людзі не працуюць, разам думалі, як дапамагчы ім знайсці работу, – шукалі варыянты, магчымасці, асабіста размаўлялі з кіраўнікамі…

…Падчас наведвання кардоннай фабрыкі ў Альхоўцы старшыня раённага Савета дэпутатаў, яна ж – старшыня раённай камісіі па садзейнічанні занятасці Ірына Тальчук  звярнулася да выконваючай абавязкі намесніка дырэктара УП ЦБК «Кардон» па прамысловай пляцоўцы «Альхоўка» Сняжаны Ожэг:
– Ці не маглі б вы прыняць на работу некалькі чалавек? З Альхоўкі ў базе не занятых знаходзіцца некалькі чалавек – у большасці сваёй здаровыя, працаздольныя людзі.
– Маглі б! – з гатоўнасцю адгукнулася Сняжана Сцяфанаўна. – У нас ёсць вакансіі, людзі патрэбны. А каго канкрэтна? 
Пытанне далёка не рытарычнае – у вёсцы ўсе ўсіх ведаюць, і Сняжана Ожэг, як карэнная альхаўчанка, не выключэнне. 
Але, пачуўшы прозвішчы, жан­чына відавочна страціла аптымізм.
– Гэтыя працаваць не будуць… Прымалі іх ужо не раз – затрымаліся да першай зарплаты. Вось каб вы нам механіка талковага дапамаглі знайсці! Пазарэз патрэбен…
Але талковыя механікі ў спі­сах «дармаедаў» не значацца...
Гэтая размова ў Альхоўцы – яскравае сведчанне сённяшняй сітуацыі на рынку працы – прынамсі, у нашым раёне. На апошнім пасяджэнні райвыканкама намеснік старшыні Павел Мілешка прыводзіў лічбы: у мінулым годзе ў раённую службу занятасці звярнулася 638 чалавек, 314 з іх былі прызнаны беспрацоўнымі. І ў той жа час на пачатак года ў службе занятасці мелася 1 878 вакансій, з іх 1 569 – па рабочых прафесіях. На кожнага беспрацоўнага – амаль 6 ва­кансій! Выбірай! Працуй! Зараб­ляй! Жыві! 
Не хочуць….  
Сёння мы ганарымся, што горад наш расце, што адкрываюцца новыя магазіны, школы, спартыўныя аб'екты. Але іх кіраўнікі сутыкаюцца з сур'ёзнымі праблемамі: неймаверна цяжка сфарміраваць штат. Да прыкладу, доўгачаканы магазін «Еўраопт» не маглі так доўга адкрыць мена­віта з-за цяжкасцей з наборам персаналу.  Ды і зараз да якасці работы прадаўцоў і касіраў, калі меркаваць па водгуках, шмат прэтэнзій і ў пакупнікоў, і ў кіраўніцтва. А ў магазін «Санта», дзе гэтыя праблемы менш адчувальныя, супрацоўнікаў прывозяць... з Брэсцкай вобласці!
Канешне,  агульныя лічбы – гэта як  сярэдняя тэмпература па бальніцы: у кожнага канкрэтнага беспрацоўнага ці так званага дармаеда – свая гісторыя. Раённая камісія імкнецца ўнікнуць у кожную і па магчымасці – дапамагчы. 
Але  дапамагчы можна толькі таму, хто хоча і гатовы прыняць гэтую дапамогу, бо, як гаварыў адзін мой знаёмы, бязногага – не давядзеш. Некаторым, падобна, падабаецца быць беспрацоўным «дармаедам»: дзяржава ў нас сацыяльна арыентаваная, ды і людзі ў большасці сваёй добрыя, спагадлівыя: з голаду памерці не дадуць,
Што рабіць з такімі людзьмі? Як прымусіць іх працаваць і ўт­рымліваць хоць бы саміх сябе?
Мо, варта тым, хто смяецца ў твар членам камісіі «Не працаваў і працаваць не буду!», прадаставіць магчымасць жыць сваім розумам без усялякай сацыяльнай падтрымкі – дзяржавы і людзей? Мо, тады само жыццё, пачуццё голаду ці холаду прымусіць іх займець працоўную кніжку?

Фота Юрыя ГОРЫДА.


Текст: Нина Рыбик
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений