Калонка Ніны Рыбік: Каму “позна вучыцца”?

12:01 / 19.09.2018
4
IMG_7990.jpgТак сталася, што верасень не толькі для шматлікіх «шкаляроў», але і для мяне, якая даўно забылася пах крэйды і смак аладак з павідлам у школьнай сталоўцы, стаў пачаткам новага навучальнага года. 

Прычым пачатак – не ведаю, якім будзе працяг, – атрымаўся вельмі інтэнсіўным. Спачатку на фестывалі «Энергічныя людзі», што праходзіў у горадзе Зарэчны Свярдлоўскай вобласці Расіі, калегі, што дасягнулі прызнанага ўзроўню майстэрства, шчодра дзяліліся з намі сакрэтамі майстэрства.
 
А на мінулым тыдні шмат ці­ка­вых парад і падказак, як пра­цаваць сродкам масавай інфармацыі ў сучасных умовах, па­шчасціла пачуць ад беларус­кіх і расійскіх журналістаў на ХІІІ бе­ла­рускім медыяфоруме «Партнёрства ў імя будучыні» і на занятках летняй школы журналістыкі. 

– Ты ў пашпарт свой даўно глядзела? – скептычна асадзіла захопленыя водгукі, якімі я спрабавала растлумачыць прычыны сваёй амаль двухтыднёвай адсутнасці знаёмая. – Яно табе трэба? Маладыя хай вучацца – а нам хоць бы не забыцца тое, што ўжо ведаем і ўмеем.

«А мо, яна і мае рацыю? – разглядваючы атрыманае год назад пенсійнае пасведчанне, разважала я. – Цяпер столькі ўсяго новага, што спрабаваць усё ахапіць – нібы старацца абняць неабдымнае: не хопіць ні часу, ні здароўя, ні магчымасцей…»
А з іншага боку, як гаварыла Каралева ў кнізе Льюіса Кэрала «Аліса ў краіне цудаў»: 
«Трэба бегчы з усіх ног, каб толькі застацца на месцы. Каб трапіць у іншае месца, трэба бегчы хоць бы ў два разы хутчэй». 

Неаднаразова даводзілася быць міжвольнай сведкай, як людзі, палічыўшы, што ведаюць і ўмеюць дастаткова для сваёй работы і пасады, і вучыцца ім ужо позна, што асваенне новых тэхналогій – справа маладых, а патрабаванні ісці ў нагу з часам – не больш чым бязглуздыя прыдзіркі начальства, якое немаведама чаго хоча, незаўважна для сябе заставаліся «за бортам». І каб толькі свайго калектыву – гэта можна было б перажыць, бо працы, самай рознай, для любой кваліфікацыі сёння хапае – было б жаданне і здароўе – а, што куды горш, – жыцця. 

…Успомніце, як у нас з’явіліся камп’ютары – многія палічылі іх дзіцячай забаўкай і гатовы былі звольніцца з работы, толькі б не асвойваць гэтую «чортаву машыну». Цяпер ведаць камп’ютар павінны нават даяркі і механізатары: імі аснашчаны сучасныя машыны і механізмы, абсталяванне, як таго патрабуе сучасная тэхналогія. 
А тыя, хто ў свой час казаў «А мне не трэба, мне і так добра!», цяпер запісваюцца на спецыяльныя курсы ці просяць каго-небудзь навучыць карыстацца гэтай сучаснай тэхнікай. 

Бо там, у тым сто разоў клятым і ад гэтага не стаўшым ні горшым, ні лепшым інтэрнэце, зараз усё і ўсе: дзеці, якія выляцелі з бацькоўскага гнязда; унукі, якія не маюць часу пры­ехаць да бабулі-дзядулі; сябры-аднакласнікі, з якімі не бачыліся-не чуліся дзе­сяцігоддзямі, далёкая і блізкая  радня. Там – цікавыя рэцэпты і ўзоры вязання і вышывання, там – песні далёкай маладосці, якія на пласцінцы ці па радыё ўжо не паслухаеш, там – любімыя кнігі, за якія не трэба плаціць грошы і якія можна нават не чытаць, а слухаць, калі зрок падводзіць.

Ці можна ўзгадаць – гэта ўжо бліжэй – як на змену першым «кнопачным» ма­біль­нікам прыйшлі «кішэнныя камп’ю­та­ры» – смартфоны і план­шэты. Многім на першым часе здавалася, што гэта – не больш чым сродак выхваліцца. І ў знак пратэсту – ці, хутчэй, ад нежадання «ламаць галаву» і «дурыць мазгі» – прынцыпова адмаўляліся ад іх: маўляў, мы сціплыя, нам і са старым тэлефонам добра: звоніць – і дзякуй богу. І зноў незаўважна частка жыцця – і чым далей, тым большая! – застаецца «за бортам»… 

Можна капнуць і глыбей: ус­помніць, як у свой час вяс­коў­цы баяліся ўстанаўліваць газавая пліты – маўляў, мы і ў печы есці зварым, не хацелі праводзіць электрычнасць – газавая лямпа не горшая, кідаліся з сякерамі на трактары і станкі – яны нашу працу забіраюць!

Прычым сярод тых, хто, як тая Баба-Яга, заўсёды супраць, далёка не заўсёды людзі ў сталым ўзросце. Ёсць сярод іх і маладыя, і нават тыя, хто ходзяць у школу ці носяць у кішэні студэнцкі білет, якім вучыцца чаму б то ні было па-сапраўднаму, не для адзнакі ці заліку, мякка кажучы, не хочацца. 
Прагрэс спыніць немагчыма – можна толькі спрабаваць ісці з ім у нагу ці хоць бы не надта адставаць. 

Гэтаксама, як і немагчыма нікога нічаму навучыць – але кожны, хто захоча, можа навучыцца – тады знойдуцца і час, і грошы, і настаўнікі. 
Так што давайце вучыцца, нягледзячы на ўзрост і наяўнасць ці адсутнасць пенсійнага пасведчання. Тым больш, што гэта так захапляюча-цікава – даведацца тое, чаго не ведаў учора; навучыцца рабіць тое, што не атрымлівалася тыдзень таму. Ад самога працэсу, не кажучы ўжо пра вынік, атрымліваеш, гаворачы маладзёжным слэнгам, сапраўдны кайф! 
Так што калі мяне зноў паклічуць на курсы, я паеду! Толькі б былі яны пазнавальнымі і карыснымі…


Текст: Нина Рыбик