Гавары са мной па-беларуску

10:52 / 02.09.2018

Некалі даўно, гадоў трыццаць таму, у разгар нацыянальнага адраджэння, мяне “торкнула” – і ранкам аднаго з панядзелкаў я стала гаварыць па-беларуску. Усюды: на рабоце, у краме, у паліклініцы, з кіраўніцтвам і  калегамі. На мяне глядзелі дзіўна, абзывалі нацыяналісткай, па-добраму пыталіся, што са мной сталася – толькі што медыцынскую дапамогу не прапаноўвалі. Але я стаяла на сваім і на самае папулярнае пытанне “Чаму?” адказвала крыху вінавата (гэтае вечнае пачуццё віны перад усімі і за ўсё вельмі перашкаджае мне жыць!) “Я ж не па-кітайску… Няўжо нешта незразумела?”

92611c88a6b0ac9751e90c26556790bb.jpg

На першым часе было даволі складана, і не толькі з-за здзіўленых позіркаў: усё ж думала я па-руску і ўжо ў працэсе размовы перакладвала свае думкі на беларускую мову, таму было “г-мыканне”, замінкі, русізмы, па якіх адразу бачны “ан-лайн” пераклад. А потым усе прывыклі – і я, і да мяне.

Пасля, не памятаю ўжо, калі і як, у маім асабістым лексіконе ўзнікла двухмоўе: я “на аўтамаце”, часам сама таго не заўважаючы, пераключалася на тую мову, на якой са мной размаўляў суразмоўца. Але мушу прызнацца, што зараз гэтае двухмоўе, як і паўсюль у нашай двухмоўнай дзяржаве, ўсё ж з “рускім перакосам”, у лепшым (ці горшым?) выпадку гучыць трасянка.

І зноў я адчуваю сябе з-за гэтага вінаватай. Асабліва калі расіяне, украінцы ці іншыя браты-славяне просяць: “Калі ласка, гаварыце па-беларуску! У вас такая прыгожая мова – і чаму вы на ёй не размаўляеце?” І тады я разумею, што калі я і іншыя магу -- і не гавару на роднай мове, то што ўжо казаць пра тых, каму гэта з-за розных прычын даецца цяжэй?

Чаму ж так адбываецца? Не, я ні ў якім разе не саромеюся роднай мовы, лічу яе “такой жа людскай” і шчыра перажываю, што яна сёння знаходзіцца ў такім занядбаным яе дзецьмі-беларусамі стане. Хоць цяпер, здаецца, не саромеецца ўжо ніхто, наадварот: уменне правільна і прыгожа гаварыць па-беларуску дадае “бонусаў” суразмоўцу.

І ў нацыяналізме, як мне здаецца. зараз за гэта ніхто нікога не абвінавачвае – хоць у здаровым нацыяналізме, які мае на ўвазе любоў да сваёй Айчыны, да ўсяго роднага, нацыянальнага, без экстрэмізму і шавінізму, няма нічога дрэннага.

Пачаўшы шукаць адказ на гэтае адвечнае “Чаму?”, я прыйшла да высновы: напэўна, таму, што нам, памяркоўным і талерантным беларусам, вельмі хочацца дагадзіць каму б то ні было – гэта, мусіць, у нашай крыві, на ўзроўні падсвядомасці, якая фарміравалася стагоддзямі жыцця “пад некім”.

Скажам, падчас нядаўняй сустрэчы Еўракамісара Віцянюса Андрукайціса з жыхарамі Рымдзюн усе размаўлялі па-літоўску – хоць і госці, і гапсдары цудоўна ведаюць рускую мову -- і далёка не ўсе, хто быў у зале, разумелі літоўскую. “Не разумееце – вашы праблемы, а мы гаворым на роднай мове,” – здаецца, лунала ў паветры. І нельга не паважаць за гэта літоўцаў!  Нам жа, беларусам, так хочацца быць прыемнымі, карыснымі, зразумелымі, што мы гатовы вывучыць усе мовы свету, каб быць зразуметымі – і пры гэтым забыць сваю, родную: маўляў, каму яна патрэбна, акрамя нас?

Хоць, зрэшты, бываюць выключэнні: наша журналістка Святлана Фёдарава, каб быць лепш зразумелай жыхарамі Астравеччыны, навучылася пісаць па-беларуску – і ў яе гэта цудоўна атрымліваецца! Калі чытаю яе артыкулы, у мяне зноў узнікае пачуццё віны: яна змагла, і без прымусу – чаму ж нам, беларусам, гэта даецца так цяжка? Мо таму, што без прымусу, без таго ж сто разоў клятага “адміністрацыйнага рэсурсу”, па добрай волі не можам? Помніцца, калі дзейнічаў закон аб мовах, які патрабаваў усю дакументацыю весці па-беларуску, у мяне па першым часе перад кожным пасяджэннем райвыканкама тэлефон быў чырвоны: усе прасілі дапамагчы нешта перакласці. А потым пацішэла: чыноўнікі ўспомнілі, што ў школе вучылі беларускую мову, на сталах з’явіліся слоўнікі, а ў дакументах амаль што зніклі памылкі.

Дык, можа, калі нам не хапае менавіта прымусу, паспрабаваць яго прымяніць?

Прыдумала: з нагоды Дня беларукага пісьменства наступны тыдзень у рэдакцыі аб’яўляецца тыднем беларускай мовы! Зрэшты, што там драбніцца – даеш месячнік роднай мовы!

А там, можа, і прымус не спатрэбіцца?..

Хто за нашым прыкладам?

Текст: Нина Рыбик