Вечер памяти Казимира Сваяка прошёл в Камаях

11:01 / 02.03.2017
VLUU L110, M110 / Samsung L110, M110

Пранізлівы сыры вецер, золка, цёмна.  Мы едзем з Мінску  ў Камаі па запрашэнню ксяндза Яцэка, каб, як і кожны год, разам з камайцамі  ўшанаваць памяць адданага сваёй справе святара, таленавітага паэта і драматурга, патрыёта Казіміра Сваяка.  У дарозе пападаем у снежны вір так, што амаль не бачна раздзяляльнай паласы. На душы змрочна і няўтульна: тыя, хто абяцаў паехаць разам на свята – і з Астравеччыны і з Мінску, – у апошнія хвіліны  адмовіліся або зацішыліся. Гняце сорам перад арганізатарамі свята. Праехаўшы  кіламетраў трыццаць, прапаноўваю вярнуцца, але Іван Мацясовіч, прадпрымальнік з Заслаўя, які нарадзіўся непадалёк Бараняў, цвёрда заявіў: “Ехаць трэба – інакш гэта будзе здрадай не толькі Сваяку, але і ксяндзу Яцэку, які на працягу столькіх  гадоў  беражліва шануе памяць земляка;  людзям, якія нас чакаюць!”

свояк 2У Камаях першая радасць – нас ужо чакалі хлопцы з “Балцкага Субстрату”.  Затым святая імша, пад час  якой  маліліся за святара-паэта Казіміра Сваяка   і ксяндза Ежага Папялушкі,  дзень нараджэння якога прыпадае на 18 лютага. Гэтых двух святароў аб’ядноўваюць не толькі блізкасць даты нараджэння, але і тое, што лёсы іх такія ж пакутныя і трагічныя і жыццё  аднолькава  яркае і кароткае, адданае  сваёй Радзіме, і любоў да беларускай мовы.

– На дварэ месяц люты, а ў касцёле холад люты! – скаламбурыў ксёндз Яцэк. – Таму прапаноўваю пасля кароткіх выступаў усім перайсці ў Дом культуры, работнікі якога сёлета вырашылі  сумесна адзначыць  свята.

свояк 3Распачалі  мастацкую частку гаспадары: Генавефа Дубіловіч нагадала прысутным пра Францыска Скарыну, асноўныя рысы яго жыцця і дзейнасці,  нагадала, што партрэт Сваяка, падараваны  астраўчанамі, і Скарыны, падараваны  А. Мальдзісам, размешчаны ў плебаніі  побач; прачытала верш Казіміра Сваяка “Францыск Скарына”. Яніна  Сінкевіч аддала дань павагі  ксяндзу Е. Папялушку, правяла паралель паміж лёсамі двух святароў.

“Не з бяды, не з прымусу, не крадком, не тайком, беларус беларусу мусіць быць сваяком!” – напісаў экспромтам паэт М.Скобла на мінулагодняй сустрэчы. І сапраўды “не з прымусу”, а па закліку сэрца, з павагі да Казіміра Сваяка, да Камаяў,  пераадолелі пэўную адлегласць: Максім Іўкін з Масквы, Віктар Сямашка з Беластоку і  Уладзімір Такарчук з Мінску, удзельнікі гурта “Балцкі Субстрат”. Іх сустрэлі гарачымі апладысментамі – гэта быў знак удзячнасці за іх талент, адданасць справе Сваяка і любоў да Радзімы. Кіраўнік гурта Максім Іўкін, чалавек шматграннага таленту, праграму канцэрта склаў так, каб успомніць не толькі Скарыну, Сваяка, ксяндза Папялушку, але і іншых выбітных асоб, большасць з якіх або нарадзілася ў лютым, або мае ў гэтым годзе нейкі юбілей – Алеся Гаруна, Максіма Гарэцкага, Юлія Таўбіна.

свояк 4Распачаўся канцэрт песняй братоў Стаповічаў “Багаслаўлёны”, затым прагучалі яшчэ тры песні на сл. Казіміра Сваяка. Гучалі тут песні на словы іншых беларускіх паэтаў, у тым ліку Уладзіміра Караткевіча і ўзельніка гурта, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Віктара Сямашкі.  Віктар чытаў уласныя вершы.

З вялікім задавальненнем ўспрымалі  гледачы і беларускія народныя песні, і  фолк-блюз. Максім Іўкін правёў выктарыну, прысвечаную выбітным дзеячам  Беларусі.  Тыя, хто даваў правільныя адказы, атрымалі прызы ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Па традыцыі з клуба адправіліся ў  плебанію. Пачалася імпрэза з песні “Калі вы сабярэцеся…” якая ўжо некалькі гадоў суправаджае сваякоўскія сустрэчы,  якую знайшла і пераклала на беларускую мову настаўніца Мулярскай школы Генавефа Дубіловіч. Гучалі песні ў выкананні Алены Даўжук, Ганны Раўданік, мабільнага тэатра песні “Вясковы экстрым” з Камайскага Дома культуры.

Не, нездарма Бог паслаў Камаі  ў святарскім лёсе Сваяка: як палюбілі яго некалі дзяды-прадзеды, так любяць і нашчадкі – і не словах, а на справе даказваюць сваю павагу і любоў, якой так мала зведаў   Казімір Сваяк пры жыцці.

Іаланта ВАЛУЕВІЧ.