Островчане поделились воспоминаниями об Афганской войне

10:37 / 15.02.2017
афганСёння дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Людзей, якія глядзелі ў твар смерці і кідалі ёй выклік. Вайскоўцаў, якія слухалі «музыку» кулямётных чэргаў уперамешку з выбухамі гранат. Юнакоў, што вярнуліся пасталеўшымі і з сівізной у валасах. Землякоў, родных, сяброў, якіх мы ведаем дзясяткі гадоў ці проста сустракаем на вуліцы.

Падзяліцца балючымі ўспамінамі і ўражаннямі аб Афганскай вайне згадзіліся Іван Тадэ­ву­ша­віч Ліпскі і Алег Ген­ры­хавіч Фядук.

І.Т. Ліпскі І.Т. Ліпскі


 

А.Г. Фядук А.Г. Фядук


– Калі і дзе для вас пачалася служба ў Афганістане?

Алег Генрыхавіч: У армію мяне прызвалі восенню 1985 года – на той час я скончыў 10 класаў Астравецкай школы і паспеў папрацаваць на заводзе «Радыёдэталь». Медагляд у г. Гродна, перасылачны пункт у Барысаве – а затым накіравалі ў грузінскі горад Батумі. Там нас тры месяцы вучылі на вадзіцеляў БТР. Спачатку мы думалі, што бу­дзем служыць на Чорным моры – санаторыі, курорты… Аказалася, што едзем у Афганістан.

Служыць выпала ў Кандагары. Быў вадзіцелем у баявым атра­дзе прапаганды і агітацыі. Мы выязджалі ў рэйды па кішлаках і аказвалі дапамогу мясцовым жыхарам: раздавалі ім прадукты, прадметы першай неабходнасці. У нашым атрадзе быў медперсанал – яны аказвалі дапамогу пацярпеўшым. Пастаянна выязджалі і на баявыя заданні.

Іван Тадэ­ву­ша­віч: Павестку я атрымаў у 1982 годзе. Спачатку адправілі на тры месяцы «вучэбкі» ў Туркменію – горад Ёлатань. Войскі – пяхота, я – кулямётчык. Пад канец падрыхтоўкі даведаліся, што наступны пункт прызначэння – Афга­ністан. Загады не абмяркоўваюцца: ска­залі – паехалі. Служыць давялося ў правінцыі Шындант. Новае месца, чужая краіна, палявыя ўмовы… І мы – васямнац­цацігадовыя, адарваныя ад бацькоўскага дома. Цяжка было.

Месяц праходзіў курс маладога байца. Затым пачаліся баявыя рэйды. Але для мяне другі выезд стаў апошнім: у час спецаперацыі наша баявая машына падарвалася на міне. Я атрымаў раненні і апёкі – пашанцавала, што хлопцы выцягнулі з палаючай машыны – застаўся жывым. А сяржант з Віцебска, ён год ужо адслужыў, так і застаўся ў тым пекле.

Тры дні я праляжаў у мясцовым шпіталі, затым на самалёце адправілі ў Ташкент. Там прабыў тры з паловай месяцы. Ну а затым выклікалі мяне на камісію, уручылі дакументы і сказалі, што я ўжо сваё адваяваў.

 – Што больш за ўсё ўразіла і запомнілася за час службы?

Алег Генрыхавіч: Уражанняў было шмат. Гарачы клімат – тэмпература пастаянна трымалася 40-50 градусаў. Прыгожыя і ня­звыклыя краявіды – ад вышыні гор кружылася галава. Мясцовыя жыхары – жанчыны ў паранджы, на якіх трымалася ўся гаспадарка, бо ўсе мужчыны, ад хлопчыкаў да старых, у той час ваявалі.

Запомніліся і баявыя выезды. На апошняе заданне паехалі тры машыны, аднак БТР і ЗІЛ-131 падарваліся на мінах. Мне давялося ўсіх раненых і кантужаных везці ў атрад. На шчасце, усе засталіся жывымі. Ды і наогул, за два гады маёй службы ніхто з нашых не загінуў – пашанцавала. А за той учынак мяне ўзнагародзілі медалём «За баявыя заслугі».

Іван Тадэву­шавіч: Сапраўднае салдацкае сяброў­ства. Мы былі хоць і маладыя, але сцяной стаялі адзін за аднаго. У той палаючай машыне не было камандзіраў і падначаленых, усе да апошняга стараліся выратаваць баявых таварышаў. Сапраўды, сябры пазнаюцца ў бядзе.

– З якімі пачуццямі вярнуліся дадому? Ці паўплывала Афганская вайна на далейшае жыццё?

Алег Генры­хавіч: Галоўнае пачуццё, канешне ж, радасць! У армію мы ішлі яшчэ дзецьмі, а з Афганістана вярнуліся дарослымі і сур’ёзнымі людзьмі. Змяніліся і погляды на жыццё: пачалі цаніць тое, чаго раней нават не заўважалі – чыстае павет­ра, начную цішыню, прахалоду дажджу.

Іван Тадэвушавіч: Ад той вайны ў мяне ўспамін на ўсё жыццё – інваліднасць 3 групы. Аднак я шчаслівы, што застаўся жывы. У армію прызываўся разам з аднакласнікам і сябрам Юзікам Канстовічам, мы тады яшчэ злаваліся, што не пагуляем адзін у аднаго на провадах. У выніку я вярнуўся, а Юзік – не.

З вайны ў Афганістане мы вярнуліся іншымі – адбылася пераацэнка каштоўнасцей. Я пачаў цаніць і паважаць, здавалася б, простае і звычайнае – бацькоўскі дом, спакой, родных і блізкіх людзей.

– Мінула шмат гадоў – ці ўдалося ім сцерці ваенныя ўспаміны? Як вы лічыце – ці трэба ведаць і памятаць пра гэтую вайну нашчадкам?

Алег Генрыхавіч: Успаміны крыху прытупіліся, але забыць такое немагчыма. Афганская вайна застанецца ў маёй памяці назаўсёды. Я лічу, што аб ёй павінны ведаць і памятаць, бо вайна – гэта не проста слова, спалучэнне літар, гэта вельмі вялікая бяда! І не толькі для ўдзельнікаў, але і для іх сем’яў, родных і блізкіх.

Іван Тадэвушавіч: Кажуць, час лечыць. Сапраўды, загаіліся і крыху згладзіліся апёкі на целе. Аднак поўнасцю не зніклі – след ад іх застанецца да канца жыцця. Тое ж самае і з успамінамі аб вайне.

– 15 лютага – што для вас гэтая дата: дзень памяці, трагедыя, свята?

 Алег Генрыхавіч: Для мяне свята, бо ў гэты дзень скончылася тая самая вялікая бяда, пра якую я казаў, –  Афганская вайна.

Іван Тадэвушавіч: Гэта дзень вываду нашых войск з Афганіс­тана – і гэта свята! Свята не толькі для воінаў-інтэрнацыяналістаў, але і для іх родных, бо закончылася вайна і перасталі прыходзіць цынкавыя труны.

Марына МАЦКЕВІЧ.

ostrov-red.matskevich@tut.by

Текст: