У Гродне пачала працаваць школа журналістыкі “Мастерская BY-RU”

11:26 / 25.09.2017

Упершыню на базе рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда” адкрылася школа журналістыкі “Мастерская BY-RU”, якая будзе працаваць да мая 2018 года. Першыя заняткі прайшлі напрыканцы мінулага тыдня.

Як пісаць, каб цябе чыталі? Ці ёсць будучыня ў папяровых сродкаў масавай інфармацыі? Што такое сучасная журналістыка і якім павінен быць журналіст так званага пераходнага перыяду? На гэтыя і не толькі пытанні разам з мэтрамі айчыннай і беларускай журналістыкі – генеральным дырэктарам радыёстанцыі “Говорит Москва” Уладзімірам Мамантавым і сакратаром грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз журналістаў” Вадзімам Гігіным шукалі адказы маладыя журналісты Беларусі.

Школа з’явілася як сумесны праект Беларускага саюза журналістаў, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, грамадзянскай ініцыятывы “Друзья-Сябры” і міжнароднага медыяклуба “Фармат А-3”.

Будучых “студэнтаў” папрасілі паразважаць на тэму, як яны сябе бачаць сябе ў будучым у прафесіі. Аўтары лепшых эсэ былі запрошаны на заняткі. Слухачамі школы сталі каля 30 маладых журналістаў Мінска, Міншчыны, Гродзеншчыны, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей. Мне таксама пашчасціла трапіць у іх лік.

Сімвалічнае пераразанне чырвонай стужкі: дадзены старт жыцця школы журналістыкі! Акрамя выкладчыкаў школы журналістыкі, ва ўрачыстым адкрыцці школы прынялі ўдзел намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргей Шумейка і галоўны рэдактар “Гродзенскай праўды”, яна ж старшыня абласной арганізацыі БСЖ Лілія Навіцкая.

Некалькі гадзін, на працягу якіх ішлі заняткі, праляцелі незаўважна. Мэтры журналістыкі раней падаваліся небажыхарамі, якія ведаюць пра прафесію ўсё-усё… Насамрэч і Вадзім Францавіч, і Уладзімір Канстанцінавіч аказаліся вельмі  разумнымі і прыемнымі суразмоўцамі, а не аратарамі.

Мы разважалі пра лёс папяровых газет і перспектывы блогерства; “азіраліся” на тэндэнцыі развіцця журналістыкі ў Еўропе і на тэрыторыі постсавецкіх краін; “малявалі” партрэт сучаснага журналіста. Думкі выкладчыкаў школы журналістыкі ў многім былі сугучны маім думкам.

Мэтры пацвердзілі маё перакананне, да якога я прыйшла на працягу амаль пяці гадоў працы ў газеце: журналістыка – гэта не столькі прафесія, колькі стыль жыцця. Слых і зрок абвостраны літаральна дваццаць чатыры гадзіны ў суткі – і гэта адбываецца не таму, што не хапае тэм для напісання артыкулаў, а таму што інакш жыць проста не можаш: прыслухоўваешся да размоў, прыглядаешся да людзей, каб адчуць і даведацца з пазіцыі старонняга назіральніка, чым жывуць і што хвалюе народ, чалавек, побач з якім ехаў у грамадскім транспарце, можа аказацца чарговым героем артыкула, а выпадкова зроблены фотаздымак – панарамнікам нумара.

Як адзначыў Уладзімір Мамантаў, журналіст, нягледзячы на ўзрост, да той пары павінен заставацца ў прафесіі, пакуль яго цікавіць гэты свет ва ўсіх праявах!

Дарэчы, што зараз адбываецца на палях раёна? Што ж – самы час высвятляць!


 

Текст: