Не прапусціце! Калядны турнір па інтэлектуальных гульнях пройдзе 10 снежня

08:37 / 28.11.2011

Астравецкі калядны турнір па інтэлектуальных гульнях, які праводзіцца ў снежні і збірае лепшыя каманды інтэлектуалаў не толькі з нашага раёна, але і з суседніх – Ашмянскага і Смаргонскага, стаў традыцыйным. Звычайна ён праводзіцца напрыканцы снежня, але сёлета з-за шэрага аб’ектыўных прычын тэрмін змешчаны: турнір адбудзецца 10 снежня.


У рамках каляднага турніру адбудзецца ўзнагароджанне каманд пераможцаў і ўдзельнікаў раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях, а таксама розыгрыш трох “яблыкаў азарэння”, якія ўжо сталі своеасаблівым брэндам астравецкага турніру. У рэгламенце каляднага турніру плануецца правесці тры інтэлектуальныя гульні, адна з іх – традыцыйная “Што? Дзе? Калі?”. Пераможцы будуць вызначацца ў кожнай з гульняў і па выніках усяго турніру.
Вельмі важна ведаць: калядны турнір – гэта не працяг раённага чэмпіянату і не яго чарговы этап, і таму ўдзел у ім могуць прыняць розныя каманды – як тыя, што гулялі на працягу года ў чэмпіянаце, так і тыя, што па нейкіх прычынах не выйшлі на старт ці выбылі з барацьбы. А таксама абсалютна новыя каманды – стварыць іх можна як па прынцыпу прафесійнай прыналежнасці, так і па любому іншаму, запрасіўшы сваіх родзічаў, сяброў, знаёмых, аднадумцаў. Калі ў вас час ад часу наведвае думка паспрабаваць сябе ў інтэлектуальных гульнях, але раней для гэтага не хапала смеласці ці абставіны складваліся не вельмі спрыяльна – калядны турнір якраз той выпадак, калі можна і трэба рашыцца і прыняць удзел у турніры. Паверце: вам спадабаецца.
Для таго, каб зарэгістравацца на турнір, трэба патэлефанаваць у рэдакцыю па нумарах 2-11-09 ці 2-03-64.