Каманда настаўнікаў-інтэлектуалаў "А'КрэМ"

12:51 / 24.11.2011
2

Працягваем знаёміць чытачоў “Астравецкай праўды” з камандамі – удзельнікамі раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Сёння мы завіталі ў госці ў Гудагайскую школу да настаўнікаў-інтэлектуалаў з каманды “А’КрэМ”.



– Спачатку давайце пазнаёмімся…
Ірына Мікалаеўна Жалток:
Дык мы ж даўно знаёмы! Колькі гадоў разам працавалі!
– Мы сапраўды знаёмы. Але многія чытачы вас не ведаюць. Таму давайце ўявім сітуацыю: я вас не ведаю, і вы мяне таксама бачыце ўпершыню. Раскажыцё ўсё, як на духу. Хто вы такія? І як узнікла думка паўдзельнічаць у інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”?
Ірына Мікалаеўна Жалток: Праўду, сказаць?
– Канешне!
Ірына Мікалаеўна Жалток: Калі мы скажам праўду, то вы нас больш запрашаць не будзеце…
Упершыню гэта было, здаецца, тры гады назад, калі ў раёне праводзіўся першы інтэлектуальны турнір. Патэлефанавалі нам з аддзела адукацыі і прапанавалі прадставіць аднаго настаўніка ў зборную каманду РАА.
Аксана Паўлаўна Лазарава: І менавіта вы, Алена Генрыхаўна, прапанавалі замест удзелу ў зборнай аддзела адукацыі стварыць сваю каманду! Пачаўся адбор кандыдатаў… Тэсціраванне, экзамены… (смяецца). Я, канешне, жартую. Вы ж і сталі капітанам нашай каманды. А я, Ірына Мікалаеўна Жалток, Гражына Альбертаўна Шоцік, Аляксандр Іванавіч Юшчук і Кацярына Валянцінаўна Балабановіч увайшлі ў яе склад.
Гражына Альбертаўна Шоцік: Дарэчы, тады мы сталі адной з лепшых каманд раёна – памятаеце? Разам з камандай райвыканкама падзялілі другое месца. Хаця ўдзельнікаў было шмат. Тады ж прыйшло ўсведамленне таго, што гульня захапіла і адпускаць не хоча. Аказваецца, настаўнікі – азартны народ!
Ірына Мікалаеўна Жалток: І калі на наступны год мы ўбачылі аб’яву, што пройдзе інтэлектуальны турнір, адразу ж рашылі: будзем гуляць!
Тарэса Леанардаўна Кляўда: Праўда, склад каманды змяніўся. Вы, Алена Генрыхаўна, і Кацярына Валянцінаўна змянілі месца працы – і тады ў каманду ўзялі мяне і Таццяну Паўлаўну Карпіцкую, потым – Таццяну Іванаўну Базюк…
Гражына Альбертаўна Шоцік: А цяпер, калі пачалі гуляць у рэгулярным чэмпіянаце, то склад каманды змяняецца амаль кожны месяц. Што казаць, настаўнікі – народ заняты! Мы ўжо далучылі да інтэлектуальнай гульні Жанну Леанардаўну Бернюкевіч і Юлію Зыгмундаўну Ермашэвіч…
– У школе вы – усе настаўнікі і вучыце дзяцей. А як размяркоўваюцца абавязкі падчас гульні? Хто каго вучыць?
Тарэса Леанардаўна Кляўда:
Ірына Мікалаеўна ў нас капітан…
Ірына Мікалаеўна Жалток: Такога капітана яшчэ трэба пашукаць… Ведаеце, як мяне выбіралі? На першую гульню я спазнілася, хаця звычайна ўсё стараюся рабіць у час. А калі “ўляцела” ў залу, мяне ўзрадавалі: ты будзеш капітанам. Гэта называецца: без мяне мяне ажанілі. Але ўзяўся за гуж – не гавары, што нядуж. Умею – не ўмею, але неяк кірую.
Тарэса Леанардаўна Кляўда: Ды не, капітан у нас добры. Праўда, часам мы яго не слухаемся і рызыкуем – і тады вынік не заўсёды задавальняе.
Гражына Альбертаўна – пісарчук. Яе задача – трымаць форму пытання. З гэтым напачатку былі цяжкасці. Цяпер, здаецца, трохі навучыліся. Але як студэнтам перад экзаменам не хапае адной ночы… Ці лепш будзе сказаць: як дрэнным настаўнікам не хапае пяці хвілін на ўроку, так і нам часта не хапае пяці секунд, каб даць правільны адказ. Чамусьці азарэнне прыходзіць на першай секундзе пасля здачы адказу.
Гражына Альбертаўна Шоцік: Не адыходзьце ад тэмы. Тарэса Леанардаўна ў нашай камандзе –своеасаблівы рухавік, які не дае нам спыняцца на адной версіі і пастаянна прымушае думаць.
Тарэса Леанардаўна Кляўда: Я – “паганяла”!
Гражына Альбертаўна Шоцік: Аксана Паўлаўна вядзе строгі ўлік: яна запісвае правільныя і няправільныя адказы.
Жанна Леанардаўна – самая разважлівая ў нашай камандзе, часам яна спыняе нас і не дае напісаць недарэчную версію.
Аксана Паўлаўна Лазарава: А Аляксандр Іванавіч Юшчук, які сёння адсутнічае, – мозг нашай каманды. Ён сур’ёзны і часам не разумее наш смех да месца і не. І ўвогуле наша каманда створана не па прынцыпу: “хто разумнейшы, той і гуляе”, а па прынцыпу: “хто пойдзе?”.
Жанна Леанардаўна Бернюкевіч: Але нягледзячы на гэта, мы стараемся. І ўсе шукаем адказ на пытанне.
Ірына Мікалаеўна Жалток: Дарэчы, вынікі нашай гульні маглі б быць значна лепшымі, калі б у сутках было крыху больш, чым 24 гадзіны. Не паспяваем мы рыхтавацца да гульняў – увесь час прысвячаем вучням. Таму і вынікі не заўсёды радуюць.
Жанна Леанардаўна Бернюкевіч: Да таго ж пытанні часам бываюць не на логіку, а на веды. З імі больш складана. Такім было пытанне пра будзільнік і пазлы, якія разляцеліся па пакоі. Для нас гэта тое ж самае, што сказаць: “Каб раней устаць, будзільнік трэба ставіць не на гадзіну раней, а на шафу”.
Ірына Мікалаеўна Жалток: Ды і слухаць адзін аднаго мы яшчэ не навучыліся. Вельмі часта дадзім правільную версію, а выберам зусім іншую. Шкада…
Аксана Паўлаўна Лазарава: І яшчэ цікава, як падбіраюцца пытанні?
Ірына Мікалаеўна Жалток: Ну, гэтае пытанне вы і самі Ларысе Каханоўскай можаце задаць.
Тарэса Леанардаўна Кляўда: Дарэчы, вельмі добра, што перад “Што? Дзе? Калі?” праводзяцца разміначныя гульні. Гэта цудоўна настройвае на гульню. І па іх выніках мы ўжо можам меркаваць, як згуляем далей.
– Акрамя гэтага, у вас ёсць нейкія прыкметы на добрую гульню?
Гражына Альбертаўна Шоцік: Калі добра выспішся, і ў школе нічым “не загрузяць”, то і гульня ладзіцца…
Аксана Паўлаўна Лазарава: Мы – рэалісты і практыкі, хаця і крэатыўныя…
Жанна Леанардаўна Бернюкевіч: І “чорныя каты” на нас не дзейнічаюць.
Тарэса Леанардаўна Кляўда: А яшчэ заўважылі, што на галодны страўнік думаецца лепш…
– А любімая гульня ў вас ёсць?
Ірына Мікалаеўна Жалток:
“Медыя-азбука”.
Жанна Леанардаўна Бернюкевіч: “Рызыкуй”.
Гражына Альбертаўна Шоцік: Нам увогуле ўсе гульні падабаюцца. Асабліва, калі вынік добры атрымліваецца.
– Тады чаму некалькі гульняў вы прапусцілі?
Тарэса Леанардаўна Кляўда:
З-за недахопу часу і людзей.
Аксана Паўлаўна Лазарава: У нас так: або ўсе гуляюць, або ніхто.
Жанна Леанардаўна Бернюкевіч: Я аднойчы адна прыйшла на гульню – а каманды няма. Выйшла на вуліцу пашукаць іх. А пакуль шукала – гульня пачалася. Неяк не рашылася адна прадстаўляць каманду.
Ірына Макалаеўна Жалток: А яшчэ на нас каманда атамшчыкаў моцна ўздзейнічае. Яны такія сур’ёзныя… Пры абмеркаванні пытання можна пачуць скупое: “М-г?” і адказ: “М-г!”. Мы ад іх таксама вучымся стрымліваць сябе і стараемся ўголас не абмяркоўваць пытанні, як рабілі гэта з самага пачатку. Хаця эмоцыі з нас так і пруць.
Аксана Паўлаўна Лазарава: А яшчэ яны, напэўна, думаюць, што мы іх падслухоўваем.
Ірына Мікалаеўна Жалток: Канешне, у кожнай каманды ёсць “вушы”. І ў нас таксама… У кожнага іграка па два. Дарэчы, мы ім таксама часта падказваем.
– А ўвогуле, да гэтага вопыт удзелу ў інтэлектуальных гульнях у вас быў?
Усе:
Не.
Жанна Леанардаўна Бернюкевіч: Акрамя красвордаў і сканвордаў, нічога не рашалі…
Ірына Мікалаеўна Жалток: Няпраўда. Мы на ўроках часта гуляем у “Што? Дзе? Калі?”. І ў школе сярод дзяцей не раз арганізоўвалі падобныя гульні.
Аксана Паўлаўна Лазарава: Канешне. Толькі гэта зусім іншае.
– Многія каманды за гэтыя тры гады не раз змянялі сваю назву. А ў вас яна пастаянная. Адкрыйце сакрэт: што такое “А’КрэМ”?
Ірына Мікалаеўна Жалток:
Вы ж гэта ведаеце! Успомніце, як доўга мы яе прыдумвалі! Хацелася, каб назва была незвычайнай…
Гражына Альбертаўна Шоцік: Інтрыгуючай…
Аксана Паўлаўна Лазарава: А яшчэ – крэатыўнай… Вось так кожны па слову і атрымалася абрэвіятура “А’КрэМ”. На рускай мове гэта гучыць так: “Актив Креативно Мыслящих”. Тады назва нас поўнасцю задаволіла.
Гражына Альбертаўна Шоцік: Ды і цяпер таксама задавальняе.
Жанна Леанардаўна Бернюкевіч: А мне дык адразу ўспамінаецца выраз: “А крэм вы лыжкай елі?” Насамрэч, смачная назва… І крэатыўная каманда…
А чаму вы не пытаецеся, што для нас гульня?
– На самой справе - што для вас азначае “Што? Дзе? Калі?”?
Жанна Леанардаўна Бернюкевіч: Цяпер гэта модная і прэстыжная гульня. А яшчэ гэта добрая рэлаксацыя пасля цяжкага працоўнага дня. Тым больш у панядзелак.
Ірына Мікалаеўна Жалток: Размінка для розуму. Энерджайзер, які задае рытм на цэлы тыдзень.
Аксана Паўлаўна Лазарава: Праверка свайго ўзроўню ведаў.
Тарэса Леанардаўна Кляўда: Своеасаблівы тэст для розуму. Праўда, пасля працоўнага дня часта галава адмаўляецца працаваць яшчэ і вечарам… А таксама гэта добры спосаб лепш даведацца характар чалавека. Праз гульню ён раскрываецца вельмі добра.
Гражына Альбертаўна Шоцік: А ў цэлым “Што? Дзе? Калі?” – гэта камандны дух.
– Як вы лічыце, ці трэба што-небудзь змяніць у нашым чэмпіянаце?
Аксана Паўлаўна Лазарава:
Гэта, канешне, добра, што мы сустракаемся кожны месяц. Мы не супраць. Не ведаю, як прадстаўнікам іншых прафесій і спецыяльнасцей, але настаўнікам рабіць гэта ўсё ж складана. Таму мы прапануем зрабіць серыю гульняў: зімовую, вясеннюю, летнюю і восеньскую.
Тарэса Леанардаўна Кляўда: І каб пытанні былі трохі карацейшыя. А то пакуль да канца даслухаеш, пачатак забудзеш. Мы ж настаўнікі, а гэта – дыягназ (смяецца).
Ірына Мікалаеўна Жалток: Ведаеце, як гавораць: “Пачуў – і забыў. Убачыў – і ўспомніў. А калі яшчэ і пашчупаў, то адразу пайшоў рабіць”. То нам хапіла б і другога этапу: убачыць пытанне.
Аксана Паўлаўна Лазарава: Можна пытанне? Чаму перасталі зачытваць няправільныя, але смешныя версіі? Гэта значна падбадзёрвае і прымушае задумвацца. Можна было б аднавіць гэтую традыцыю.
Ірына Мікалаеўна Жалток: Да таго ж у нас вельмі шмат такіх адказаў бывае – хоць у нечым праславімся!
Тарэса Леанардаўна Кляўда: І ўсе яны здаюцца такімі правільнымі і прыгожымі. Іншым часам нават лепшымі, чым правільныя.
Ірына Мікалаеўна Жалток: А ўвогуле, вельмі добра, што кожны трэці панядзелак мы можам сустракацца разам. Сабрацца, як паказала практыка, самае складанае. Калі ўжо да “Галактыкі” ў 17.30 даехаў, то гуляць будзеш! І тады нават няважна, якое месца ты заняў у рэйтынгу, галоўнае – добра і з карысцю правёў час.
– Дзякуй за гутарку. І поспехаў вашай камандзе ў гульні.
Усе:
І вам таксама!


Гэта было самае вясёлае інтэрв’ю за невялікі час маёй журналісцкай кар’еры. “Ха-ха-ха”, “Гэта не пішыце”, “І пра гэта вы будзеце пісаць?” – гучала амаль пасля кожнай рэплікі. У цэлым жа – каманда “АКрэМ” – сапраўды вясёлая, творчая і крэатыўная. Словам – настаўнікі!


З інтэлектуаламі размаўляла, смяялася, успамінала і свае першыя крокі ў інтэлектуальным руху Алена ЯРАШЭВІЧ.