Старшие ювеналы Островетчины сразились в интеллектуальном бою

15:31 / 25.01.2017
интеллектуалы-школьникиРаённы турнір па інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?” сярод старэйшых ювеналаў адбыўся ў мінулую суботу ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Удзел у ім прынялі 10 каманд.

Прысутнічаць на спаборніцтвах юных знатакоў мне раней не даводзілася, таму аб узроўні падрыхтоўкі каманд і складанасці пытанняў  я не мела  ўяўлення. Між тым, усё аказалася вельмі сур’ёзна.

Самым лёгкім, можна сказаць, разміначным аказаўся першы блок, прысвечаны Ражаству Хрыстоваму. З ім больш-менш паспяхова справіліся ўсе каманды. Бясспрэчным лідарам стала каманда “GOODагай” – “узялі” 8 пытанняў з 10, сем правільных адказаў дала шасцёрка знатакоў “Імпульс” Спондаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, шэсць – каманда “Сонца” Астравецкай СШ №2. Гудагайцы атрымалі за гэтую перамогу дыплом і абразкі Віленскай (Вострабрамскай) Маці Божай ад  праваслаўнага храма святых апосталаў Пятра і Паўла.

Два другія блокі пытанняў у свой час разыгрываліся на рэспубліканскім турніры юных інтэлектуалаў “Несцерка-2016”. І паколькі астравецкія  каманды ў ім не ўдзельнічалі, стала магчымым разыграць “Асарці” ў сябе дома.  Абедзве падборкі ўтрымлівалі шмат “моцных арэшкаў”, чатыры з якіх “не раскусіў” ніхто.   “Труны”, – змрочна пажартавалі б дарослыя інтэлектуалы.

У другім туры аднолькавую колькасць правільных адказаў далі гудагайскія, спондаўскія знатакі і каманда “СОУС” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Пераможцу павінен быў вызначыць адказ на дадатковае пытанне – разыгралі ажно тры. І ўперад вырвалася каманда Гудагайскай СШ.

У канчатковым выніку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першынство, дзякуючы  бліскучай гульні ў трэцім туры, дасталося камандзе ЦТДіМ  “СОУС” , другімі сталі  гудагайскія інтэлектуалы, трэцімі – спондаўскія  знатакі. Дыпломы пераможцаў  і  “яблыкі  азарэння” знайшлі сваіх уладальнікаў.

Таіса СЯМЁНАВА,  фота аўтара.