Радзімы вялікай няма без малой (Нататкі студэнта)

11:15 / 23.06.2019
Рана ці позна кожны з нас разумее, што самае дарагое на зямлі – гэта месца, дзе нарадзіўся і зрабіў першыя крокі, дзе першы раз закахаўся і адчуў першае расчараванне, дзе быў шчаслівым... І куды абавязкова вяртаешся, каб успомніць пражытае. І няхай гэтае пачуццё прыйдзе раней, каб не было позна…

1.jpg


Матулін» цягнік
Выходжу з цягніка, ступаю на родную зямлю –  і ўсплываюць  у памяці успаміны.
…З ранняга дзяцінства я помню перастук цягнікоў. Мой родны пасёлак Гудагай узнік дзякуючы чыгунцы і знакаміты тым, што гэта апошняя беларуская станцыя на мяжы з Літвой.
Калі мне ішоў трэці год, маці вырашыла атрымаць яшчэ адну адукацыю і ездзіла на заняткі ў Мінск. Кожны тыдзень мы з татам хадзілі на вакзал, каб сустрэць яе з поезда. Я так і гаварыў: «Тата, глянь, матулін цягнік прыйшоў!» Мама выходзіла на перон, і я, што ёсць моцы, бег ёй насустрач. Як жа мне хацелася пакатацца на «матуліным» цягніку! Толькі ў бацькоў заўсёды былі нейкія адгаворкі.
 Аднойчы мама і тата зрабілі мне такі падарунак. У чарговую паездку ў сталіцу мы паехалі не на машыне, як звычайна, а на цягніку. Колькі было радасці – усе тры гадзіны ў  дарозе я без перапынку бегаў з аднаго канца вагона ў другі – і быў, напэўна, самым шчаслівым чалавекам:  мая мара ажыццявілася. 
Назаўтра ўзахлёб я расказваў бабулі і дзядулю не пра тое, дзе я быў і што бачыў, а пра тое, як цікава катацца на «матуліным» цягніку.
З таго часу прайшло пятнаццаць гадоў. На змену дызель-цягнікам, якія хадзілі ў маім дзяцінстве, прыйшлі электрычкі. І ўжо не я сустракаю матулю з цягніка, а мае бацькі прыязджаюць на вакзал, каб спаткаць  сына-студэнта. Аднак  я гэтак жа з заміраннем сэрца прыслухоўваюся да перастуку вагонных колаў – і дзякую богу, што нарадзіўся на гэтай зямлі.

4.jpg

 Першыя веды
…Вось мой былы дзіцячы садок – ён месціўся ў прыстасаваным будынку. Па праўдзе кажучы, хадзіць сюды я не любіў. Марыў хутчэй падрасці і пайсці ў школу – не разумеў, што самыя лепшыя гады праходзяць менавіта ў дзіцячым садку!
З-за павароту паўстае школа… Усяго два гады мінула з таго часу, калі я развітаўся са сваімі настаўнікамі і выйшаў за яе парог, а яна змянілася – пасталела і разам з тым  абнавілася. А за маёй школьнай партай цяпер сядзяць іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі...
…Сваё самае першае першага верасня я чакаў з заміраннем сэрца. Да яго мы рыхтаваліся ўсёй сям'ёй. Загадзя купілі новенькія касцюм, кашулю, гальш­тук і туфлі, школьныя прыналежнасці і прыгожы рукзак.
Першага верасня з велі­зарным букетам кветак разам з мамай і татам я адправіўся ў школу. Не баяўся: большасць сваіх аднакласнікаў ведаў па садку, ды і з настаўніцай мы таксама былі знаёмы – цэлы год да таго хадзілі на падрыхтоўку. 
Адзінаццаць школьных вёснаў і зім за плячамі… Колькі за гэты час мы даведаліся, колькі адкрыццяў зрабілі, колькім з нас школа дапамагла паверыць у сябе, колькі было  смешных і сумных гісторый… І ўсё гэта  помнім не толькі мы, але і школьныя настаўнікі. Яны, як бацькі, гэтак жа чакаюць нас на сустрэчу.

2.jpg


Гудагайскія забаўкі
«А давайце пакатаемся на каньках!» – прапаноўваю я баць­­кам – і яны згаджаюцца. Тата бярэ шуфаль, маці дастае з шафы канькі – мы адпраўляем­ся на сажалку. У дзяцінстве яна здавалася велізарнай –  цяпер жа аб'язджаю яе па кругу за некалькі хвілін. І ўжо не мама трымае мяне за руку, а я ўпэўнена вяду яе за сабой…  Наперагонкі з татам мы ловім вецер і радуемся магчымасці правесці час разам, усёй сям'ёй.
Потым едзем на Ліпковую горку: калісьці тут пачыналася суседняя вёска Ліпкі, якая ўжо злілася з Гудагаем. Горка – любімае месца зімовых забаў гудагайскай дзетвары. Колькі сябе помню, мы з бацькамі і сябрамі каталіся тут на санках. Ляціш з горкі – аж дух забівае! З'язджаеш, хапаеш санкі і што ёсць моцы бяжыш наверх… І зноў ловіш вецер – і адчуваеш сябе вольным і шчаслівым…
І толькі цяпер, пасталеўшы, звяртаеш увагу на тую прыгажосць, якая адкрываецца з гэтай гары: звілістай стужкай віецца дарога, побач праходзіць старажытны віленскі шлях, узвышаецца ў неба крыж, каля якога ў рэлігійныя святы  збіраюцца вернікі, а ніжэй рассыпаліся дамы мясцовых жыхароў. Адсюль Гудагай –  нібы на далоні. І сэрца захлынаецца ад любові да роднага краю.

5.jpg


Свету пачатак
Старэйшыя людзі  некалі ці то жартам, ці то ўсур’ёз паўтаралі: «Астравец – свету канец». Гэтыя словы  былі актуальнымі  яшчэ з дзясятак гадоў назад, пакуль у Астравецкім раёне не пачалося будаўніцтва першай у краіне атамнай электрастанцыі. 
…Летнія канікулы  паміж 6 і 7 класамі былі ў разгары, калі я даведаўся, што праз не­калькі дзён змагу трапіць на будаўнічую пляцоўку Беларускай атамнай элек­т­растанцыі. І не проста трапіць: чакаўся прыезд Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, а мне было даручана ўручыць яму капсулу з пасланнем нашчадкам, якую потым замуравалі ў вялікі камень…  
Амаль сем гадоў прайшло з таго часу, на памяць засталіся фотаздымкі і кніга, падораная мне прэзідэнтам. Здаецца, да аблокаў дастаюць пабудаваныя за гэты час дзве градзірні атамнай электрастанцыі – яны бачны амаль што з любога населенага пункта раёна, у тым ліку і з нашага Гудагая, побач паўсталі два энергаблокі, якія хутка пачнуць выпрацоўваць ядзерную  энергію. 
Астравец з таго часу змяніў­ся непазнавальна. У нашым невялі­кім гарадку з вялікай гісторыяй – у мінулым годзе Астравечынна адзначыла 550 гадоў з першага пісьмовага ўспа­міну – за некалькі гадоў пабудавалі тры новыя мікра­раёны! Усім гасцям я паказваю  Астравец з гонарам. Хто яшчэ можа пахваліцца атамнай электрастанцыяй, якая будуецца на яго малой радзіме?!
Цяпер Астравец – свету пачатак. Гэта горад, дзе будзе браць свой пачатак мірны атам, і месца, дзе хочацца жыць!

Дзмітрый ЯРАШЭВІЧ.


Текст: Главный администратор