Відэа пра малую радзіму мальскіх і спондаўскіх школьнікаў адзначаны ў вобласці
Міласці просім на Астравеччыну ў госці – запрашалі ў сетцы Інтэрнэт мальскія і спондаўскія школьнікі – і адначасова спаборнічалі ў абласным конкурсе «Мой родны край».
На конкурс прапаноўвалася даслаць інтэрактыўныя плакаты, буклеты, прэзентацыі або відэаролікі пра свае родныя мясціны.
Карына Харчанка са Спондаўскага НПК разам з Таццянай Віктараўнай Якубеловіч зрабілі відэаролік-запрашэнне да знаёмства з краявідамі і славутасцямі Астравеччыны.
Помнікі архітэктуры, маляўнічыя краявіды з вышыні птушынага палёту, рэкі і азёры, цікавыя мясціны і аб’екты, завочнае падарожжа па аграгарадках раёна і Астраўцы – удала падабраныя фотаздымкі даюць яскравае ўяўленне пра прыгажосць і самабытнасць нашага краю.
У намінацыі «Выдатныя мясціны нашага раёна» ўдзельнічала 16 работ. Відэаролік «У гасцях у Астравеччыны» Карыны Харчанкі заняў ІІ месца.
Вучні Мальскага НПК Раман і Арцём Калпакі з дапамогай Вольгі Піліпаўны Саламашанкі зрабілі прэзентацыю пра славутага земляка Іосіфа Гашкевіча. У ёй дзеці расказалі пра жыццё, захапленні і дзейнасць вядомага палітыка, навукоўцы, мовазнаўцы; пазнаёмілі з Малямі – месцам, дзе Іосіф Антонавіч правёў апошнія гады свайго жыцця.
– У нашай школе рэалізуецца праект «Наш зямляк Іосіф Гашкевіч – першы расійскі консул у Японіі»: створана тэматычная экспазіцыя, якая знаёміць з асобай Гашкевіча, распрацавана экскурсія з правядзеннем майстар-класаў. Мы падтрымліваем стасункі з мінскім інфацэнтрам японскай культуры, – расказвае дырэктар Мальскага НПК Анастасія Іванаўна Багдановіч. – Матэрыялаў у нас шмат, паказаць і расказаць ёсць пра што – таму падрыхтаваць работу да конкурсу дзецям было няцяжка.
З 22 конкурсных работ, заяўленых у намінацыі «Славутыя землякі нашага краю», прэзентацыя Рамана і Арцёма Калпакоў пра Іосіфа Гашкевіча заняла ІІІ месца.