Вольга Умрыхіна: «Мне часта сніцца мая Радзіма»

07:33 / 09.01.2019
Умрыхіна фота Ярашэвіч.jpgВольга УМРЫХІНА, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:

Раскажыце пра сваю  малую радзіму. 
Нарадзілася я ў маленькай вё­сачцы Ракуцева, што на Смар­гон­шчыне. У нас там такія маляўнічыя і прыгожыя мясціны: да самых хат туліцца лес, серабром блішчаць рака і возера… 

Мая мама працавала даяркай у калгасе, тата – трактарыстам. Нас у бацькоў пяцёра: у мяне ёсць сястра і тры браты. З дзяцінства мы працавалі разам з дарослымі: сенавалі, аполвалі калгасныя буракі, бульбу – усё ўручную. Мае дзеці ўжо гэтага не робяць – прадукты прасцей купіць у магазіне. 
Тата нас вучыў, што нельга чытаць чужыя лісты, браць не сваё. І гэту бацькаву навуку я, спадзяюся, перадала сваім дзецям.

Душа баліць, што вёска памірае: у маім дзяцінстве жылымі былі 25 хат, цяпер – толькі чатыры. Разам з людзьмі старэйшага веку адыходзіць цэлая эпоха. Яны не мелі адукацыі, але былі разумнейшымі і мудрэйшымі за нас: жылі хоць і бедна, але дружна. 

Ці часта там бываеце?
Ракуцева мне часта сніцца, асабліва ў апошні час, калі не стала мамы. У снах я вяртаюся ў дзяцінства: то з сястрой басанож бягу на возера купацца, то маме дапамагаю несці даёнку, то грыбы збіраю… Пакуль мама была жывая, часта прыязджала да яе. На вялікія святы заўсёды збіраліся разам, а цяпер у кожнага свае клопаты, праблемы, турботы – сваё жыццё. 

Ці бывае ў чалавека  другая радзіма?
Астравец лічу сваёй другой радзімай. Добра памятаю дзень, калі прыехала сюды ўладкоўвацца на работу: іду па парку і надыхацца не магу – так лёгка на душы і спакойна. Год, як жыву ў Астраўцы, і не магу нарадавацца, як з кожным днём ён большае і прыгажэе, адкрываюцца новыя аб'екты, будуецца жыллё. Разумею, што жывём мы ў гістарычны перыяд. 
Гараджанкай сябе не адчуваю. Люб­лю прыроду і прастор. Не ўяўляю жыцця без лесу і ціхага палявання – там аднаўляецца душа і ачышчаюцца думкі.

Текст: