Успаміны дзяцінства Аляксандры Працута: “зайчыкаў хлеб”, варэнне з восамі, дарослыя гульні і юшка на вогнішчы.

12:47 / 04.09.2018

Мая малая радзіма – гэта мой жыццёвы прычал, які заўсёды гатовы прыняць маю стомленную душу і загаіць мае раны. Толькі тут хочацца адпачываць і не думаць пра клопаты і праблемы, хочацца праводзіць увесь свой вольны час, забыцца на старонніх людзей і справы.

1.jpg

Словы «малая радзіма» вык­лікаюць самыя цёплыя ўспаміны пра дзяцінства. Дзякуючы ім, можна кожны раз у думках вяртацца ў той прыгожы свет, дзе не было ніякіх турбот. І не толькі ў думках – варта толькі ўзяць білет на аўтобус Астравец-Завідзіненты да пры­пынку «Аль­хоўка» ці сесці на аўта­мабіль – і твая малая радзіма сустракае цябе з распрасцёртымі абдымкамі.

2.jpg

Тэлефануеш бацькам, каб паведаміць: «Мы прыедзем на выхадныя». А ў адказ: «Ой, як добра! Што смачненькага прыгатаваць?» І так цёпла становіцца на душы ад усведамлення, што дома ты заўсёды жаданы госць, што цябе чакае спатканне з роднымі мясцінамі.

Альхоўка… Утульны баць­коўскі дом, лес і рэчка, сардэчная сустрэча з мамай і татам, братам і яго сям’ёй.

Успамінаецца дзяцінства. Су­седскія хлапчукі, якія кожную раніцу з крыкам  выбягалі з хаты. Першым – заспаны старэйшы, за ім – малодшы брат. Ніколі не магла зразумець, што яны з самага ранку не маглі падзяліць?

Ці як на вуліцы варылі варэнне. Спякота, каля печкі немагчыма стаяць, да ўсяго далучаюцца восы, якія зляцеліся на салодкае, – а мама спакойна перамешвае вялікай лыжкай варэнне, каб не прыгарэла.

Я любіла прачынацца ад гулу вялікага жоўтага трактара «Кіравец», на якім тата прыяз­джаў з работы, калі працаваў у калгасе. І таго вя­лікага шэрага зайца, якога ён знайшоў на полі і прывёз дадому, каб паказаць нам з братам.

Памятаю, як мама рыхтавалася да ўрокаў і малявала наглядныя дапаможнікі.

Ад дзядулі пахла лесам  – ён працаваў лесніком. Мы хадзілі з ім па грыбы і ў ягады, а зімой – за ёлкай. Ён прыносіў нам з братам гасцінцы то ад «лісічкі», то ад «зай­чыка». А яшчэ дзед майстраваў брату драўляныя цацкі. Памятаю, як бабуля частавала нас, калі мы прыбягалі з вуліцы,  «снікерсам» нашага дзяцінства: намочаны ў ваду хлеб пасыпаўся цукрам – якая была смаката! І як яна чытала нам казкі нанач.

Як збіраліся вечарамі каля бабулінага дома суседзі і варылі юшку. Мы, малыя, любілі гэты час: можна было бегаць колькі хочаш – ніхто не гнаў класціся спаць.

3.jpg

З позняй восені і да ранняй вясны, калі на агародах не было работы, вечарамі да нас прыходзілі бабуля і дзядуля. Палілася печ, дома – цёпла і ўтульна, за сталом дарослыя пара на пару  – мама з татам, бабуля з дзядулем – гулялі ў даміно. Колькі эмоцый было ў гэтай, здавалася б, спакойнай настольнай гульні!

…Няма ужо маіх бабулі і дзядулі – але засталіся фота­здымкі, рэчы, якія міжволі нагадваюць тую ці іншую падзею. І – успаміны, цёплыя, мяккія…

Кожны раз, калі прыязджаю да бацькоў, узнікае адчуванне, што я ніколі не пакідала родны дом, што я – усё ж тая маленькая дзяўчынка з адкрытым сэрцам і душой, абароненая ад усіх нягод свету любоўю і клопатам дарослых.

Але час вяртацца ў сваё дарослае самастойнае жыццё. Успаміны хаваюцца на донцы душы, а маленькая дзяўчынка з майго дзяцінства махае на развітанне рукой: вяртайся хутчэй, цябе тут заўсёды чакаюць… 

Аляксандра ПРАЦУТА.

Текст: Главный администратор