Хорошо ли вы знаете свои корни?
Наколькі добра жыхары і госці Астравеччыны ведаюць гісторыю свайго роду, высвятляў наш карэспандэнт.
Міхаіл Ламаносаў казаў, што народ, які не ведае свайго мінулага, не мае будучыні. Менавіта наш багаж ведаў і фарміруе нашу агульную гісторыю.
Юлія Радзінская, сацыяльны педагог:
– Свой радавод я ведаю даволі добра на некалькі пакаленняў. Але найбольш дасканалыя звесткі, напэўна, пачынаюцца з бабуль і дзядуль. Яны паходзяць з Мастоўскага раёна: адна бабуля працавала ў калгасе, другая была выхавацелем у дзіцячым садку. Пра аднаго дзядулю, на жаль, звестак мала, бо ён рана памёр, а другі працаваў на цагляным заводзе, нават мянушка за нашым сямействам там замацавалася – «цагальнякі».
Ірына Мацкойць, намеснік дырэктара Ашмянскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, з дачкой Ксеніяй:
– Ведаю гісторыю маёй сям’і да дзядуль і бабуль. З матчынага боку дзядуля і бабуля былі сялянамі – працавалі на пана. Маці амаль усё жыццё працавала прадаўцом у Ліпнішках. Па бацькавай лініі я бабулю і дзядулю амаль не памятаю, ведаю толькі, што яны жылі на хутары пад Едакланямі, але іх рана не стала, ды і бацька пра іх не вельмі шмат расказваў.
Ганна Зіноўева, вучаніца гімназіі:
– Я ведаю, што мае продкі паходзяць з Расіі і Украіны, і я стараюся падтрымліваць сувязь з родзічамі ў абедзвюх краінах.
Мне расказвалі, што бацькавы родзічы ваявалі, з фронту многія не вярнуліся.
Дзмітрый Карэлін, інжынер:
– Пра бацькавых продкаў я мала што ведаю: яны жылі ў Пярмі, але мы да іх амаль не наведваліся, бо жылі ў Валгадонску. Тата за жыццё шмат дзе паспеў папрацаваць – ён быў майстрам на ўсе рукі.
Мама нарадзілася ў Башкірыі, а калі падрасла, вырашыла, так бы мовіць, свет пабачыць і сябе паказаць – паехала ў Пермь, дзе і пазнаёмілася з татам. Працавала яна ў дзіцячым садку спачатку поварам, а потым – выхавацелем, як і яе маці. Бацька займаўся нарыхтоўкай смалы ў лесе.
Аляксандр Лаўрыновіч, навучэнец вучылішча алімпійскага рэзерву:
– Тата мой і ўсе яго продкі паходзяць з Дэбісяў (Ашмянскі раён). Мама нарадзілася ў Мінску, яе бацька родам з Маляў, а маці – з Бараняў. Сябе я лічу астраўчанінам: тут прайшло маё маленства і дзяцінства, тут жывуць мае родныя і сябры, тут я люблю адпачываць паміж спаборніцтвамі.