Деревенька Микшаны, как живёшь?
15:18 / 03.07.2018
1
Мікшаны ў вайну далі прытулак маім прабабулі і яе дзецям, тут вырасла мая маці і знайшла сваю другую палавінку, у гэтай вёсачцы нарадзілася я.
Асабістае
Вёска Мікшаны суседнічае з Трайгамі – іх раздзяляе нешырокая гравійная дарога. І адзін, і другі населеныя пункты ўяўляюць сабой адну вуліцу, таму на першы погляд здаецца, што гэта не дзве асобныя, а адна вёска. Аднак уважлівы падарожнік заўважыць, што правае і левае «крылы» пачынаюцца з прыдарожных крыжоў – здаўна нашы продкі ставілі такія ў пачатку вёскі.
Крыж у Мікшанах занядбаны: да яго ўжо даўно не ідуць на «маёўкі», не аздабляюць яго кветкамі і рознакаляровымі стужкамі, не падфарбоўваюць, – адышлі ў лепшы свет тыя, хто за ім даглядаў, хто меў у гэтым патрэбу, а перадаць клопат, мусіць, не было каму. На жаль, гэты крыж з’яўляецца ўсяго толькі своеасаблівым указальнікам пачатку вёскі.
Пры ўездзе ў вёску сустракае зарослы стары сад з напаўразваленай хацінай, якая гасцінна расчыніла насцеж дзверы, – тут даўно ніхто не жыве, а яна нібыта запрашае зайсці, загаварыць ці хаця б крыху пастаяць побач… Гаспадар гэтай хаты ў лютым 1943 года прывёз на падводзе з чыгуначнай станцыі маю прабабулю і яе дзяцей, якіх немцы вывезлі з роднай Расіі, і даў ім дах над галавой...
Не, усё ж вёска гэта яшчэ жыве! Не такім, канешне, жыццём, як хаця б гадоў трыццаць таму, калі з коміна кожнай хаты курэў дымок, у хлявах кудахталі куры, рохкалі свінні і мычалі каровы, за межы і сенажаці сварыліся суседзі, па вуліцы бегалі дзеці – мясцовыя і прыезджыя, а бабулькі збіраліся вечарам, управіўшыся па гаспадарцы, на пасядзелкі…
Цяпер у Мікшанах шмат пустых хат: ад некаторых засталіся толькі фундаменты, якія абраслі маладымі дрэўцамі; некаторыя сталі дачамі. Ёсць і такія, дзе святло ў вокнах і гучны сабачы брэх нібы гавораць: жывём і жыць будзем – лепшага месца не трэба!
...Будні дзень. Няспешна ідзём з маці па вёсцы, успамінаем, спыняемся, глядзім – кожная з нас узгадвае свае Мікшаны. Нашай размовы нішто не парушае, хіба толькі залівісты брэх шчанюка, які, згледзеўшы чужых, выскоквае са двара.
– А памятаеш, як наш Юрка сядзеў, схаваўшыся, у гэтым кусце бэзу і крычаў мінакам «Здрасце!»? А вось тут мы шчаўе збіралі… А тут свіран стаяў – яго ўжо няма… А мы ў дзяцінстве з лесу шлях скарачалі па Фэлькавай сцежцы – а ён, убачыўшы, лаяўся, што мы траву патапталі, – мы з маці наперабой узгадваем мінулае… Успаміны ідуць-плывуць-бягуць – і так шкада таго, што адышло ў нябыт, так сумна на душы...
У дзвярах аднаго з дамоў заўважаем старажыла гэтай вёсачкі Баляслава Станіслававіча Гурштына. Ён, як і мы, рады сустрэчы.
– У нас цяпер толькі сем хат жылых, – пачынае размову Баляслаў Станіслававіч. – Ну і яшчэ пару засяляюцца на лета. Не тое, што некалі…
З кнігі «Памяць. Астравецкі раён»:
«Мікшаны – вёска ў Гудагайскім сельсавеце. У 19 ст. – у Ашмянскім павеце Віленскай губерні. Уваходзіла ў склад маёнтка Вайшнарышкі, уласнасць памешчыка Рачынскага. У 1865 годзе – 17 сялянскіх душ, 3 былых дваровых людзей і 7 аднадворцаў. У 1865 годзе вёска адносілася да Дзягенеўскай сельскай грамады. У 1897 годзе 13 гаспадарак, 77 жыхароў, хлебанарыхтоўчы магазін. У пачатку 20 ст. у Палянскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1905 годзе 87 жыхароў. З 1922 года ў складзе Польшчы, уваходзіла ў Палянскую гміну Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1938 годзе – 20 двароў, 112 жыхароў. Побач з вёскай знаходзіўся фальварак (2 двары, 14 жыхароў).
З 1939 года Мікшаны ў складзе БССР. З 12.10.1940 – у Дзягенеўскім сельсавеце Астравецкага раёна Вілейскай, з 20.09.1944 года – Маладзечанскай абласцей. З 16.07.1954 года – у Слабодкаўскім сельсавеце. У 1959 годзе 44 жыхары. З 20.01.1960 года – у Гродзенскай вобласці.
На 01.01.2004 года 16 двароў, 37 жыхароў, у складзе СВК «Палушы»(цяпер – КСУП «Гудагай». – Заўв.аўт.).»
Панскія землі
У канцы вёскі, крыху ўзбоч яе, на прыгорку некалі стаяла сядзіба паноў Рачынскіх. Цяпер ад яе захаваліся толькі рэшкі каменнага фундаменту.– Раней гэта месца вясковыя называлі Клёмбы, – наперабой узгадваюць мая маці Таццяна Нарковіч (у дзявоцтве Каваленка) і Баляслаў Гурштын. – Мы дзецьмі туды гуляць бегалі. А Клёмбы – таму што там клёны растуць.
Непадалёк ад сядзібы, у ляску, быў стары могільнік. Дзяўчаты баяліся туды хадзіць, а хлопцы бегалі, каб паглядзець на рэшткі магільных плітаў.У лесе захавалася панская сажалка. Расказвалі, што, каб пан дазволіў пакупацца, трэба было яму адрабіць. Гэты лес калісь называлі лесам Рачынскага.
Бліжэй да пачатку вёскі стаяла панскае гумно – на месцы яго цяпер наш сад і агарод.
– А ведаеш, што лічылася самай вялікай абразай для вяскоўцаў? – пытае маці і тлумачыць: – Калі казалі, што твая хата, хлявы ці агароды – гэта панская зямля.
Адразу за Мікшанамі, калі звярнуць на лясную дарогу, некалі здабывалі вапну – гэта месца атрымала назву Вапельня.
Вясковая культура
– Вось гэта была хата Амількі Вацючыхі – Нядзвецкая, здаецца, яе прозвішча было, – маці паказвае на вялікі напаўразвалены дом. – Адну палову яна заўсёды пад танцы аддавала. На танцы сюды збіралася ўся вёска – і малыя, і дарослыя. Гралі на цымбалах і бубнах. Надта мне ў памяць урэзаўся радок з песні, якую адна дзяўчына спявала: «Рыжая-рыжая, ты самая красивая…» Я ўсё не магла зразумець, чаму рыжая самая прыгожая. (Смяецца.)– Музыканты былі не мясцовыя, – удакладняе Баляслаў Гурштын. – Прыходзілі аднекуль. Танцавалі мы польку, вальс, факстрот, летку-енку…
– Мае бабуля з дзядулем і цётка жылі ў Мікшанах. Кожнае лета да цёткі Рэні з’язджаліся ўсе пляменнікі. Маім абавязкам было збіраць брусніцы, а для мяне гэта было сапраўднай катаргай, – успамінае ашмянец Віктар Андрушойць. – Дык у нас з мясцовымі дзяўчатамі быў своеасаблівы бартар: яны збіралі для мяне ягады, а я за гэта граў ім на гармоніку танцы і спяваў. За два вядры брусніцаў я гатовы быў граць колькі заўгодна!
А ў хаце Ждановічаў вяскоўцы збіраліся вечарам на пасядзелкі. Пакуль дарослыя рэзаліся ў карты і вялі размовы, дзеці слухалі, аб чым ідзе дарослая гамонка.
– А якія бліны ў іх былі! – успамінае маці. – Бліны, якія заставаліся пасля снедання, складвалі ў саганок, залівалі тлушчам і падагравалі на печы. Так смачна было, як пачастуюць, – здавалася, што найсмачней нічога і прыдумаць нельга.
У вёску часта прывозілі кіно. Апавяшчала пра «сеанс» самаробная афіша – вялікі аркуш паперы, на якім фарбай пісалася назва фільма. Вешалі яе на дрэве. Як дзеці чакалі гэтай афішы! Думаеце, каб даведацца, якое пакажуць кіно? І гэта таксама – але галоўнае было зняць гэтую паперчыну, каб потым абкласці ёй падручнік!
– Нават калі ўдавалася першай завалодаць афішай, старэйшыя хлопцы адбіралі яе, – расказвае маці. – Для кінасеансаў, дарэчы, «ахвяравала» сваю хату цётка Мэлька Саханоўская, а экранам была звычайная белая прасціна.
Як школа стала магазінам
У сярэдзіне вёскі стаіць драўляны будынак, абкладзены цэглай. Шыльда на ім сведчыць, што некалі тут быў магазін.
– Гэта ўжо пазней магазін быў, а перш тут размяшчалася пачатковая школа, – расказвае Баляслаў Станіслававіч Гурштын. – Вучыліся па два класы: першы – з другім, трэці – з чацвёртым. Настаўнікаў шмат перабыло. Кватаравалі ў Амількі. Ганця Карвэцкая польскую мову выкладала. Працавала ў школе Надзея Васільеўна Раткоўская з Трайгоў. Пасля заканчэння чатырох класаў на вучобу дзяцей адпраўлялі ў Астравец. Мы напрасткі туды хадзілі – праз Юзуфова. Цяпер ужо гэтага хутара няма.
Раней будынак школы быў прыватным домам, яго гаспадары выехалі ў Польшчу. У школе было два пакоі – у адным вучыліся, а другі служыў падсобным памяшканнем.
Насупраць школьнага будынка быў школьны сад – ён і цяпер захаваўся, толькі стаў прыватнай тэрыторыяй. Яго яшчэ мая бабуля садзіла.
– Частка яблыкаў ляжала ў школьнай прыбудове, – узгадвае школьную пару маці. – Сталовай, як у цяперашніх школах, у нас не было – елі за партамі. На вялікім перапынку настаўніца кіпяціла на плітцы ў чайніку ваду. Кожнаму падавалася шклянка з чаем, клалася пячэнне і яблык. А ў доме Вацючыхі быў магазін – мы туды на перапынках бегалі цукеркі-падушачкі купляць.
Пасля ў будынку школы зрабілі бібліятэку, а пазней – гэта ўжо было і на маёй памяці – тут быў магазін. І, вядома ж, ён быў «інфармацыйным» цэнтрам вёскі. Другім такім цэнтрам была студня ў сярэдзіне вёскі – вяскоўцы, стоячы там у чаканні адкрыцця магазіну або выгрузкі тавару, абменьвалі апошнімі навінамі.
– Усяго хапала ў магазіне, – прыпамінае асартымент Баляслаў Станіслававіч. – Хлеб, макароны, цукеркі, віно, водка, каўбасы, мука... Муку разбіралі нахаду!
Магазін даўно закрыты – да вяскоўцаў прыязджае аўталаўка, пра дзень і час свайго прыбыцця яна «апавяшчае» жыхароў, як некалі тая афіша, з аднаго з дрэў Баляслава Гурштына. Дарэчы, пад ім, на плоце, вісіць і старая паштовая скрынка на чатыры адсекі…
Грыбаварня
Наводдаль ад вёскі стаяла грыбаварня – цяпер на гэтым месцы расце малады лясок.
– Яе трымала Кузына – Вікця Мядзвецкая. – расказвае Баляслаў Гурштын. – Грыбаварняй служыла невялікая пабудова, збітая з дошак. Там варылі грыбы і засольвалі іх у вялізных бочках. А потым адвозілі ў нарыхтоўчую кантору.
Грыбы тут перапрацоўвалі розныя. Як пачынаўся сезон, вяскоўцы стараліся за дзень збегаць у лес не раз – ранкам ды ўвечары, вярнуўшыся з работы. Дзеці ад дарослых не адставалі. Прыйшоўшы з лесу, грыбы перабіралі і неслі на грыбаварню.
– Нарыхтоўвалі мае маці з бабуляй грыбы і для сябе, – успамінае маці. – Але чамусьці найсмачнейшымі яны здаваліся на грыбаварні. Мы бегалі туды, каб цішком запусціць руку ў бочку – пачаставацца.
– Вікця перапрацоўвала грыбы разам са сваім мужыком. Імпаліт яго звалі, – успамінае Баляслаў Станіслававіч. – Яго яшчэ Абараннікам клікалі – бо ён абаранкі пёк і прадаваў.
Гаспадарскія справы
– Раней усе трымалі хатнюю гаспадарку. А як жа інакш – з яе і карміліся, – успамінае Баляслаў Гурштын. – Лес, канешне, дапамагаў: грыбы, ягады. Вяскоўцы ў асноўным працавалі ў калгасе. А кароў пасвіць наймалі пастуха з Астраўца.
Пастух па чарзе начаваў у хатах, там яго кармілі і давалі ежу з сабой на пасьбу. У дапамогу яму ішлі яшчэ два чалавекі: дзеці ці дарослыя. Расплачваліся натурай: за адну карову за лета – тры пуды збожжа, яйкі, малако.
Мянушкі
– Вяскоўцаў звалі не па імёнах ці прозвішчах, а па мянушках, – узгадваюць мае «экскурсаводы». – Чаму? Ды хто яго ведае. Мы нават маглі імені не ведаць – а па мянушцы адразу разумелі, пра каго ідзе гаворка.
Жаночыя мянушкі давалі па мужчынскіх імёнах: Раманіха, Ясюліха, Караліха, Антоля. Часам па прозвішчу: Міхніха, Стругачыха. А калі і словы-паразіты «прыпячатвалі»: выкарыстоўваў часта ў размове мужык слова «Божа», значыць яго жонка і дзеці – Божавыя, «пасябравала» жанчына са словам «кузын» – будзе Кузынай. І род заняткаў мог даць новае імя: пёк абаранкі – значыць, Абараннік. А калі і называлі каго па імені, то абавязкова дадавалі «прыналежнасць»: Танька Фросіна.
Так жыла вёска. Паступова моладзь стала выязджаць, старыя – хто памёр, каго дзеці забралі да сябе. Хаты сталі пусцець, апрацаваная і некалі дагледжаная зямля зарастаць – Мікшаны апусцелі...
Апусцелі Мікшаны – ды не памёрлі! Год таму тут узяла ўчастак пад будаўніцтва дома астравецкая сям’я. Па суседству адбудоўваюць бабуліну хату ўнукі. Яшчэ адзін дом купілі – праўда, пакуль што пад дачу, але маюць намер падрамантаваць – і пераехаць. Вёска будзе жыць?!
Фота з сямейных архіваў аўтара і В. Каспяровіч.