Сустрэчы ў школьным музеі
08:46 / 25.06.2018
Радзіма пачынаецца з сям’і, таму было вырашана звярнуцца да сваіх каранёў – і скласці радавод з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Дапамог у гэтым школьны інжынер-праграміст Юрый Іванавіч Шыхаўцоў: ён правёў майстар-клас і навучыў з дапамогай камп’ютарнай праграмы «сістэматызаваць» свае роднасныя сувязі.
Школьнікі з цікавасцю ўзяліся за працу. Яніна Мацкевіч за гадзіну склала свой радавод да пятага калена, астатнія ўдзельнікі майстар-класа адправіліся дадому за звесткамі пра родзічаў. А нехта вымушаны будзе звярнуцца ў архівы, бо без каранёў чалавек – што перакаці-поле…
Зацікавіла школьнікаў і сустрэча з бібліёграфам раённай бібліятэкі Аленай Ягораўнай Мінкевіч. Большасць не маглі сабе ўявіць, колькі ў бібліятэцы кніг, дзе можна знайсці звесткі пра Астравеччыну. У гэтым моры адно з першых выданняў – кніга прафесара А.І. Мальдзіса «Астравеччына, край дарагі», выдадзеная ў 1977 годзе, якая ўжо можа лічыцца гісторыяй – і пры гэтым з’яўляецца толькі маленькім астраўком у вялікім мностве выданняў, з якімі пазнаёміла Алена Ягораўна.
Сустрэліся мы і з Уладзімірам Прыхачам, які вядомы жыхарам Астравеччыны па публікацыях у «Астравецкай праўдзе», – упэўнена, многія звярнулі ўвагу на яго артыкул «Як Слабодка стала Гудагаем» і іншыя краязнаўчыя даследаванні.
Настаўнік матэматыкі Смаргонскай гімназіі Уладзімір Уладзіміравіч не пашкадаваў часу, каб сустрэцца з краязнаўцамі зямлі Гудагайскай.
Ён увесь свой вольны час скіраваў на пошукі новых звестак з гісторыі Смаргонскага, Ашмянскага і Астравецкага раёнаў. На працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў Уладзіміру Прыхачу ўдалося зрабіць нямала адкрыццяў, бо супрацоўнічае ён з вядомымі ў Беларусі вучонымі і даследчыкамі.
Уладзімір Уладзіміравіч расказаў дзецям пра электроўню ў Сяржантах, гісторыю пабудовы і развіцця чыгункі, асаблівасцях школ Пілсудскага – дарэчы, такая функцыянавала і ў мястэчку Гудагай.
Цяпер даследчык збірае матэрыялы пра геадэзічныя знакі часоў Рэчы Паспалітай на будынках і іншых аб’ектах. Да пошукаў ён запрасіў далучыцца гудагайскіх школьнікаў і настаўнікаў.
Сустрэчы ўзбагацілі вучняў новымі ведамі аб сваёй малой радзіме, падарылі незабыўныя ўражанні і пазнаёмілі з новымі экспанатамі школьнага музея.
Марыя ВАСІЛЁНАК, кіраўнік музея Гудагайскай СШ.